18 траўня 2024, Субота, 15:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўто для чыноўнікаў закупілі на Br42 мільярда

21
Аўто для чыноўнікаў закупілі на Br42 мільярда

На такую суму пацягнуць усе аўтамабільныя тэндэры чыноўнікаў за пяць месяцаў 2013 года.

За ўвесь 2012 год службовыя машыны каштавалі ў 7 разоў менш.

Пасля ўказу Лукашэнкі аб ліміце на кошт аўтамабіляў службовыя машыны сталі купляць нават тыя, хто раней і не збіраўся рабіць гэтага.

«Еўрарадыё» заўважыла, што мясцовыя і рэспубліканскія бюджэты не толькі забяспечваюць дзяржслужачых добрымі аўтамабілямі коштам 25 тысяч еўра, але і выконваюць нестандартныя пажаданні кліентаў-чыноўнікаў.

Напрыклад, кіраўніку сельскагаспадарчага аддзела Уздзенскага райвыканкама купляюць Renault Duster толькі... карычневага колеру.

«Справа ў тым, што наш кіраўнік убачыў у чалавека менавіта такую машыну ў такім колеры. У чорным яна не так глядзіцца, а вось у карычневым!.. Гэта не каб маскіравацца дзесьці ў полі, гэта толькі справа густу», - тлумачаць ва Уздзенскім райвыканкаме. Кошт густу чыноўніка - 230 мільёнаў рублёў.

Нават у Міністэрства па падатках і зборах густы танней. Там набываюць адразу 25 аўтамабіляў - за куплю аддалі 3 мільярды рублёў.

«Аўтамабілі трэба ў раённыя і абласныя аддзяленні МПЗ. Паступова трэба мяняць машыны: дзе якая зламаецца, трэба замяніць», - кажуць у Міністэрстве па падатках і зборах, пакуль я дзіўлюся масавай крытычнай паломцы машын. Гэта ж трэба - адразу 25 штук!

У МПЗ кажуць, што купляюць толькі беларускія аўтамабілі і не першы год.

«Samand. Мы і год таму куплялі, і цяпер. Аўтамабіль як аўтамабіль. Ёсць нюансы: па дарогах правінцыі - ведаеце самі, якія дарогі. Усё ў адпаведнасці з заканадаўствам, ёсць указ, які рэгламентуе купляць аўтамабілі беларускай вытворчасці», - кажуць у МПЗ і дадаюць, што ўказ існаваў і да ўвядзення ліміту на кошт службовага аўто.

Белстат купляе адразу чатыры WV Passat Lim Trendline TSI Sedan. Кошт кожнага аўто - 25 тысяч еўра. Навошта?

«Для галоўных упраўленняў па абласцях. Яны чамусьці самі не змаглі аформіць заяўку, да нас звярнуліся», - нявесела кажа дзяўчына з Белстата. І я разумею яе смутак: калі супрацоўнікі Віцебска, Гомеля, Гродна не могуць самі аформіць заяўку на электронны аўкцыён, якая тады статыстыка...

Райвыканкам Бераставіцы купляе аўтамабіль для... ўчастковага:

«Ніву» з трыма дзвярыма або аналаг», - кажуць у Бераставіцы. Райвыканкам любіць свайго ўчастковага на 90 мільёнаў рублёў - менавіта столькі каштуе будучая машына.

Фінансаваму аддзелу Чэрвеньскага райвыканкама Менскай вобласці далі на аўто больш за 230 мільёнаў. А такому ж фінаддзелу Хоцімскага райвыканкама Магілёўскай вобласці - на 100 мільёнаў менш. Несправядліва!

«Мы ўжо і самі заўважылі такую розніцу, не любяць нас чамусьці. Але адзін раён нашай вобласці ўсё ж выдзелілі. Які? Шклоўскі - фінансаваму аддзелу далі 142 млн на аўтамабіль, - кажуць у Хоцімскім райвыканкаме. - Мы баімся, што калі не купім, так і гэта забяруць! Нам бы хоць што ўжо купіць».

2013 год - нейкі фатальны для службовых аўтамабіляў: ламаюцца і не адрамантаваць. На сайце дзяржзакупак тэндэраў на закупку аўтамабіляў каля тысячы: купляюць аўто і абл-, і сельвыканкамы. Дзе, скажыце, Дунілавіцкі, Ходцаўскі сельсаветы? А яны цягнуць з бюджэту па 88 мільёнаў рублёў кожны.

За пяць месяцаў 2013 года абвешчана тэндэраў на службовыя аўтамабілі на... 42 мільярды рублёў! За ўвесь 2012 год чыноўнікі замовілі службовых машын усяго на 6 мільярдаў. Гэта амаль у 7 разоў менш.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках