29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першая перамога на чэмпіянаце свету па хакеі

74
Першая перамога на чэмпіянаце свету па хакеі

Зборная Беларусі ў другім матчы групавога турніру чэмпіянату свету абыграла каманду Славеніі - 4:3.

Беларусь - Славенія 4:3 (1:1, 1:0, 2:2)

0:1 - 13:28 Разінгар (Паджыч, Капітар)

1:1 - 17:19 Казнадзей (Кітараў, Кулакоў)

2:1 - 29:44 Кітараў (Мялешка)

2:2 - 41:06 М.Родман (Д.Родман)

3:2 - 43:57 Філічкін (А. Стась) ГБ

3:3 - 54:52 Саболіч

4:3 - 55:19 Угараў

У першым перыядзе славенцы выглядалі пераважней і заканамерна адкрылі рахунак. Гашпар Капітар, з'яжджаючы за брамы каля левай ад галкіпера Віталя Бялінскага штангі, павёў за сабой не толькі аднаго з абаронцаў, але і брамніка, а затым за спіной вартавога праз брамавую плошчу змудраваў зрабіць дыяганальны пас назад, і Томаш Разінгар, вызваліўшыся ад апекі Андрэя Стася, забіў шайбу ў пусты вугал, паведамляе БелТА.

Беларусы адыграліся на 18-й хвіліне. Мэты дасягнуў кідок Іллі Казнадзея з левага круга укідванняў, пасля якога шайба закацілася ў браму, прашмыгнуўшы паміж шчыткоў галкіпера славенцаў Роберта Крыстана.

На апошняй хвіліне першага перыяду Аляксандр Кітараў мог вывесці зборную Беларусі наперад, але яго кідок адбіла штанга.

У другім перыядзе ў другім звяне беларускай дружыны Міхаіла Стэфановіча замяніў пераведзены з трэцяй тройкі Аляксей Угараў.

У пачатку гэтага перыяду беларусы дазволілі бесперашкодна атакаваць браму капітану славенскай каманды Томашу Разінгару, але партнёраў выручыў галкіпер Віталь Бялінскі.

А ў сярэдзіне другой дваццаціхвілінкі беларусы выйшлі наперад. Зміцер Мялешка каля борта за чужой брамай адабраў шайбу ў славенскага абаронцы Андрэя Таўжэля і адпасаваў на Аляксандра Кітарава, які стрэлам з цэнтральнай зоны паміж коламі ўкідванняў паразіў мэту.

Праз некалькі хвілін зборная Беларусі атрымала шанец павялічыць перавагу, калі на лаўку штрафнікоў адправіўся абаронца супернікаў Алеш Краньц, але беларусы бесталкова распарадзіліся большасцю, не толькі не арганізаваўшы выразных нападаў у зоне суперніка, але і ледзь не прапусціўшы ў сваю браму.

Трэці перыяд пачаўся для беларусаў з крыўднай прапушчанай шайбы. Давід Родман з-за брамы зрабіў пас на пятачок, дзе самым кемлівым апынуўся яго брат Марцаль Родман. І хоць кідок у яго толкам не атрымаўся, шайба, адскочыўшы ад канька беларускага абаронцы Рамана Грабарэнкі, шмыгнула ў шчыліну паміж блізкай штангай і каньком галкіпера Віталя Бялінскага.

Зрэшты, даволі хутка беларусам зноў удалося выйсці наперад, рэалізаваўшы выдаленне славенскага абаронцы Міці Робара. Андрэй Стась стрэліў з правага круга укідванняў, а Андрэй Філічкін першым паспеў да адбітай славенскім брамнікам Робертам Крыстанам шайбы - 3:2.

Праўда, славенцы тут жа ледзь не адыграліся. Калі беларускі галкіпер Віталь Бялінскі, якія ляжаў на лёдзе, ужо не мог дапамагчы сваёй камандзе, абаронца Раман Грабарэнка рукой выкінуў шайбу, якая ляцела ў створ брамы.

Але настырныя балканцы ўсё ж здолелі зноў аднавіць раўнавагу, выкарыстаўшы выдаленне Іллі Казнадзея. Жыга Йегліч, падхапіўшы адбітую Віталём Бялінскім шайбу, рушыў за браму і зрабіў нечаканы пас назад на Роберта Саболіча, які расстраляў беларускую браму.

Аднак ужо праз 27 секунд беларусы зноў былі наперадзе. Аляксей Угараў выкаціўся з-за брамы на зручную пазіцыю і без перашкод паразіў мэту - 4:3.

У застаўшыся час настаўнік славенскай каманды замяніў галкіпера шостым палявым хакеістам, рулявыя абедзвюх дружын узялі па тайм-ауце, але лік не змяніўся.

Сёння ў групе S, якая раскватараваная ў Стакгольме, пройдуць яшчэ два матчы: Швейцарыя - Канада (пачатак у 17.15 па менскім часе) і Нарвегія - Данія (21.15).

Турнірнае становішча ў групе S:

1. Канада - 3 ачкі (1 матч; розніца шайб 3-1)

2. Нарвегія - 3 (1; 3-1)

3. Швейцарыя - 3 (1; 3-2)

4. Швецыя - 3 (2; 4-4)

5. Чэхія - 3 (2; 3-3)

6. Беларусь - 3 (2; 4-5)

7. Данія - 0 (1; 1-3)

8. Славенія - 0 (2; 4-7).

Супернікамі беларускай дружыны, якая 3 траўня стартавала на турніры з паражэння ад чэхаў (0:2), у наступных матчах папярэдняга этапу чэмпіянату свету-2013 у сталіцы Швецыі стануць каманды Швецыі (6 траўня, 21.15), Канады (10 траўня, 21.15), Нарвегіі (11 траўня, 21.15), Даніі (13 траўня, 17.15), Швейцарыі (14 траўня, 13.15). У чвэрцьфінал выходзяць чатыры лепшыя каманды з групы, горшая зборная кожнай з дзвюх груп страціць прапіску ў элітным дывізіёне. Праўда, гэтае правіла не тычыцца беларусаў, паколькі на правах гаспадароў ЧС-2014 яны застрахаваныя ад вылету ў ніжэйшы дывізіён нават у выпадку няўдалага выступлення.

Падчас матчу на трыбунах былі заўважаныя шмат бел-чырвона-белых сцягоў і вялікі герб «Пагоня».

Напярэдадні арганізатары чэмпіянату папярэдзілі, што заўзятараў з нацыянальнымі беларускімі бел-чырвона-белымі сцягамі, якія афіцыйна забароненыя ў Беларусі, на матч пускаць не будуць.

Інцыдэнт з беларускімі заўзятарамі адбыўся падчас хакейнага матчу Беларусь - Чэхія 3 траўня. Шведскія паліцыянты спрабавалі забраць у беларусаў вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках