19 красавiка 2024, Пятніца, 23:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Forbes: Беразоўскі пабудаваў сабе вёску пад Менскам

34
Forbes: Беразоўскі пабудаваў сабе вёску пад Менскам

Расейскі алігарх разлічваў ператварыць Беларусь у афшорную зону.

Часопіс Forbes піша пра адносіны паміж Лукашэнкам і Барысам Беразоўскім.

«Апошні палітычны праект «па паляпшэнні іміджу краіны» бізнесмен рэалізаваў у Беларусі. Пачынаючы з 2008 года паляпшэннем іміджу краіны на Захадзе займаўся лорд Цімаці Бэл і яго кампанія Bell Pottinger Group. Галоўныя дасягненні Бэла - сустрэча Лукашэнкі з Папам Рымскім і запрашэнне Лукашэнкі на саміт ЕЗ, што раней немагчыма было ўявіць. Лукашэнка ў інтэрв'ю Russia Today у сакавіку 2013-га прызнаўся, што Бэла рэкамендаваў яму Беразоўскі. Паводле яго слоў, лорду Бэлу Беларусь грошай не плаціла. Што лагічна, паколькі грошы Бэл атрымаў ад Беразоўскага. Па дадзеных крыніцы, якая ўваходзіць у аргкамітэт праекту, усяго на Беларусь было выдаткавана $60 млн. Беразоўскаму адкрылі Беларусь, аднак расейская Генпракуратура запыт не дасылала - Расея пазбягала супрацьстаяння з Лукашэнкам. Беразаўскага каля самалёта сустракала машына з «мігалкай», і ў суправаджэнні аховы ён ехаў у рэзідэнцыю ў Радашковічах пад Менскам. «Ён там пабудаваў сабе вёску і кайфаваў, - распавядае сябар Беразоўскага. - Бярозы, рускія жанчыны, свежае марозіва, чорны хлеб... Ён адчуваў сябе на радзіме».

Сам Беразоўскі разлічваў на многае. «У яго былі вялікія планы. Ён хацеў зрабіць Беларусь афшорнай зонай, наладзіць там казіно і гэтак далей», - распавядае адзін з блізкіх сяброў збеглага прадпрымальніка. Але адным з пунктаў пагаднення з Беларуссю было прыцягненне інвестараў. Інвестараў Беразоўскі, вядома, не прывёў. Таму неўзабаве быў скасаваны кантракт з Бэлам, а пасля масавых пратэстаў у Беларусі ў снежні 2010 года і жорсткай рэакцыі на іх Лукашэнкі Еўропа зноў адвярнулася ад Менска. Менск жа адвярнуўся ад Беразоўскага. У сакавіку 2011 года з Менска вывезлі ўсе рэчы алігарха, былі зачыненыя і прадстаўніцтвы», - піша выданне.

Апальны расейскі алігарх, які атрымаў палітычны прытулак у Велікабрытаніі, 23 сакавіка быў знойдзены мёртвым у ваннай свайго дома ў мястэчку Аскот у графстве Беркшыр. Брытанскія СМІ пісалі, што пасля пройгрышу лонданскага працэсу супраць Рамана Абрамовіча ў жніўні мінулага года ён адчуваў фінансавыя праблемы і знаходзіўся ў падаўленым стане. Аднак сябры Беразоўскага не выключаюць версіі таго, што яго маглі забіць.

Расейскія і беларускія СМІ неаднаразова пісалі пра сувязі паміж Лукашэнкам і Беразоўскім і пра бізнес-інтарэсы алігарха ў Беларусі.

Адзначалася, што алігарх наведваў Беларусь, нягледзячы на тое, што ён абвешчаны ў Расеі ў вышук.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках