28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекары пра смерць Юліі Кубаравай: «Апараты ў аперацыйнай віснуць, і анестэзіёлагі пра гэта ведаюць»

60
Лекары пра смерць Юліі Кубаравай: «Апараты ў аперацыйнай віснуць, і анестэзіёлагі пра гэта ведаюць»

Трагічную смерць дзяўчыны з Гродна зараз абмяркоўвае ўся краіна.

Чаму Юля (на фота) стала ахвярай пластычнай хірургіі, спрабуюць зразумець следчыя, лекары, чыноўнікі і ўсе патэнцыйныя пацыенты, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

На жаль, хворыя гінуць на аперацыйным стале не першы раз, але ўпершыню такі выпадак атрымаў шырокі рэзананс. На мінулым тыдні брыгада, якая аперавала дзяўчыну, была затрыманая. За кратамі апынуліся хірург, анестэзіёлаг, дзве медыцынскія сястры і галоўны ўрач «Экамедсервіса». Тут жа была ўзбуджаная крымінальная справа. А праз тры дні, 6 траўня, хірурга і яго медыцынскую сястру вызвалілі, але ў ізалятар часовага ўтрымання пасадзілі галоўнага інжынера «Экамедсервіса», які адказваў за стан тэхнікі.

«Мы не думалі, што ўрачоў адразу затрымаюць, хоць вельмі на гэта спадзяваліся»

Юлія Кубарава, шчаслівая нявеста, якая збіралася замуж у жніўні, вырашыла выправіць свой нос. Дакладней, прыбраць на ім маленькую гарбінку. Яшчэ ў дзяцінстве хлапчукі ўдарылі яе снежкай і пашкодзілі нос, узніклі праблемы з дыханнем.

- Калі мы даведаліся, што ў дзяржаўнай бальніцы чарга распісаная на цэлы год, вырашылі звярнуцца ў прыватны цэнтр. Там паабяцалі: праз месяц дачку прааперуюць. Мы ні ў якім выпадку не дзялілі лекараў на прыватных і дзяржаўных, бо яе аперавалі лепшыя спецыялісты: вядомы сталічны хірург - Віктар Серабро, які ўзначальвае аддзяленне пластычнай хірургіі ў 4-й бальніцы і па сумяшчальніцтве працуе ў цэнтры, анестэзіёлаг - раней працаваў у дзяржаўнай бальніцы і напісаў не адну навуковую працу, а цэнтр ўзначальвае былы супрацоўнік Міністэрства аховы здароўя. Якія ў нас былі падставы не давяраць спецыялістам? - распавядае «КП» бацька загінулай дзяўчыны Юрый Кубараў.

Аперацыю прызначылі на 26 сакавіка на 17.00. І бацькам, і Юлі казалі: пластыка будзе доўжыцца паўтары гадзіны, але ў выніку яна доўжылася амаль на гадзіну больш. У несвядомым стане дзяўчыну прывезлі ў палату, пасля чаго ўрачы сышлі. Колькі ні спрабавалі бацькі і медыцынскі персанал звязацца ўвечары з анестэзіёлагам, беспаспяхова - яго тэлефон быў выключаны.

- Нам сказалі, што дачка прачыналася на аперацыйным стале. Але чым гэта пацвярджаецца? Калі мы звярнуліся ў «Экамедсервіс» за тлумачэннямі, анестэзіёлаг так і заявіў: «Мая віна ў тым, што я не разбудзіў яе», - кажуць родныя Юліі Кубаравай.

Чатыры тыдні Юля правяла ў медыкаментознай коме, але памерла, не прыходзячы ў прытомнасць. У пасведчанні аб смерці у графе прычына смерці напісана «дыягназ не ўстаноўлены», толькі ў канцы траўня судова-медыцынскія эксперты могуць адказаць, ад чаго памерла дзяўчына.

- У моргу нам распавялі, што мозг дачкі памёр у дзень аперацыі. Усе спробы яе выратаваць былі бескарысныя, бо ў 4-ю бальніцу яна паступіла з ацёкам мозгу, - бядуюць бацькі Юліі Кубаравай. - Вядома, мы не думалі, што ўрачоў адразу затрымаюць, хоць вельмі на гэта спадзяваліся. Па-ранейшаму лічым, што раз яны працавалі разам адной брыгадай, то адказваць перад законам павінны ўсе. Зараз спрабуюць апраўдаць хірурга, маўляў, ён сваю працу зрабіў добра. Але што нам з гэтага? Хіба наша дачка зможа калі-небудзь убачыць сябе ў люстэрку? Ён сышоў з цэнтра, пакінуўшы нас адных сам-насам з бядой.

Брыгадзе, якая аперавала Юлю, пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

«Анестэзіёлаг павінен быў разумець, што адбылося»

Пра тое, як па ўсіх правілах павінна праходзіць пластыка і хто за што адказвае ў аперацыйнай «Камсамолка» вырашыла даведацца ў вядомага менскага пластычнага хірурга. Праўда, сваё імя ён папрасіў не называць, зараз многія ўрачы баяцца праверак.

- За што адказвае хірург, а за што - анестэзіёлаг падчас аперацыі?

- Хірург займаецца сваім полем дзейнасці - хірургічнай працай, анестэзіёлаг - уводзіць наркоз і разам з медсястрой-анестэзістам сочыць за асноўнымі параметрамі жыццядзейнасці пацыента. Хірург у гэта не ўмешваецца, хоць адказнасць за канчатковы вынік на ім, вядома, высокая. Бо першапачаткова пацыент прыходзіць да хірурга, які прымае рашэнні аб аб'ёме аперацыі. Анестэзіёлаг таксама глядзіць пацыента непасрэдна перад аперацыяй, але галоўны ў камандзе - гэта хірург.

- Хто абавязаны прыводзіць пацыента ў прытомнасць пасля наркозу?

- На працягу двух гадзін яго абавязаны назіраць анестэзіёлаг, пераканацца, што чалавек у свядомасці, цалкам адэкватны, адчувае сябе нармальна, і толькі пасля гэтага перавесці яго ў агульную палату.

- Колькі часу звычайна доўжыцца такая аперацыя?

- Гэта залежыць ад дасведчанасці хірурга, у сярэднім аперацыя доўжыцца ад гадзіны да двух.

- Падчас аперацыі анестэзіёлаг мае права адлучыцца?

- Можа, вядома, выйсці ў туалет. У гэты момант за апаратурай сочыць медсястра-анестэзістка.

- Бацькам распавялі, што мозг дачкі памёр 27 сакавіка ў дзень аперацыі.

- Спецыялістам было ясна, што мозг памёр падчас аперацыі.

- Лекары могуць гэта адразу зразумець?

- Думаю, што анестэзіёлаг павінен аддаваць справаздачу ў тым, што адбылося. Неадэкватныя паводзіны лекараў пасля аперацыі, з нармальнага пункту гледжання гэта невытлумачальна. З цяжкасцю верыцца ў версію, што лекары да канца не разумелі, што адбылося з дзяўчынай.

- Ужо дакладна вядома, калі зламаўся апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ), урачы карысталіся ручной падушкай - так званым мяшком Амбу. Колькі хвілін ім можна страхаваць пацыента?

- Ім можна дыхаць хоць суткі, ніякіх праблем няма. Мабыць, брыгада не адразу заўважыла, што з апаратам ШВЛ нешта нядобрае, і своечасова не перайшла на мех Амбу. У маёй практыцы быў выпадак, калі падчас аперацыі адключылі святло, тады мы дзве гадзіны аперавалі, падтрымліваючы дыханне пацыента мяшком Амбу. Так, гэта нестандартная сітуацыя, але не настолькі, каб апынуцца бездапаможным.

- Праз колькі часу можа памерці мозг, калі апарат ШВЛ не працуе, а брыгада заўважае гэта не адразу, але тут жа пераходзіць на ручны мяшок?

- Пасля пяці хвілін пачынаюць адбывацца незваротныя працэсы, шанцаў аднавіць чалавека ўсё менш.

- Смерць Юліі Кубаравай - адзіная ў нашай краіне?

- Не, такія сітуацыі рэгулярна сустракаюцца ў ахове здароўя. І ў нас, і за мяжой. Што ж тычыцца няўдалай пластычнай аперацыі, то быў падобны выпадак гадоў 7 - 8 назад. Зразумейце, памылкі заўсёды ёсць і будуць, гэта чалавечы фактар, і нікуды ад гэтага не падзецца. На жаль, ніхто не застрахаваны ад гэтага.

Ці заўважае лекар, што ШВЛ зламаўся падчас аперацыі?

Следчы камітэт ужо заявіў, што апарат ШВЛ за шэсць гадоў не правяраўся ні разу, акрамя таго, падчас аперацыі 40 хвілін ён працаваў то з памылкамі, то са збоямі. Паводле папярэдняй версіі, менавіта гэта стала прычынай смерці дзяўчыны. Існуе версія, што апарат ШВЛ зламаўся падчас аперацыі, але лекары гэтага не заўважылі, паказчыкі былі ў норме, брыгада працягвала працаваць. Калі «Камсамолка» вырашыла пагаварыць з анестэзіёлпагамі пра тое, ці магчыма такое, тры спецыяліста адмовіліся даваць каментары, сказалі толькі, што якасць апарата беларускай вытворчасці пакідае жадаць лепшага. І толькі два анестэзіёлага на ўмовах ананімнасці пагадзіліся з намі пагутарыць.

- Калі адключыўся апарат ШВЛ, гэта бачна адразу, бо чалавек перастае дыхаць, у яго сінеюць вусны, кроў становіцца цямней. Праз 3 - 5 хвілін сэрца можа спыніцца. Але калі паломка адбылася ў наркозна-дыхальным апараце ШВЛ (менавіта да такога была падключана Юлія Кубарава. - Рэд.), напрыклад, зламалася наркозная частка, якая дазіруе газ і забірае назад перапрацаваны СО2, то заўважыць гэта адразу немагчыма. Чалавек працягвае дыхаць, у яго раздзімаецца грудная клетка, скурныя пакровы будуць нармальнымі, але пры гэтым у яго назапашваецца СО2. Гэта як дыхаць з пакетам на галаве, альбо пад коўдрай, - кажа анестэзіёлаг адной з менскіх бальніц.

Калі на сайце «Нашай нiвы» з'явілася заключэнне Міністэрства аховы здароўя аб правядзенні службовага расследавання, мы папрасілі спецыяліста яго пракаментаваць.

- Там сказана, што газааналізатар быў няспраўны: «Газаналіз не праводзіўся з прычыны няспраўнасці блока газааналізатара наркознага апарата». Лекар не мог бачыць ніякіх паказанняў, так як была паломка, і ён ведаў пра гэтую няспраўнасць, гэта пазбавіла яго магчымасці адсочваць усю сітуацыю ў рэжыме рэальнага часу. Бо ў такім выпадку невядома, што ўдыхае пацыент і што выдыхае. Не выключана, што апарат мог быць няспраўным яшчэ да гэтай аперацыі і лекар на свой страх і рызыку пайшоў на аперацыю, маўляў, я ўжо працаваў з такім апаратам і ўсё абышлося», - кажа анестэзіёлаг. - Ёсць яшчэ адзін момант, на які чамусьці ніхто не звяртае ўвагу. У заключэнні сказана, што стан дзяўчыны, калі ў «Экамедсервіс» выклікалі «хуткую», быў стабільным, але ўжо ў рэанімацыі 4-й бальніцы лекар канстатаваў цяжкі стан, курчы. Чаму ніхто не задаецца пытаннем, як яе везла «хуткая»? Калі чалавек знаходзіцца ў коме, то яго павінны былі адразу падключыць да ШВЛ і транспартаваць на штучнай вентыляцыі. Але на ШВЛ дзяўчыну перавялі толькі ў рэанімацыйным аддзяленні. Можа, варта звярнуць увагу і на транспарціроўку?

Дарэчы, самі лекары не вельмі задаволеныя тым, як працуе ШВЛ.

- Апараты ШВЛ беларускай вытворчасці могуць завіснуць, лекары старой загартоўкі пра гэта ведаюць, сочаць за працай апарата, і за ўсе мае 10 гадоў практыкі не было выпадку, каб з-за збою ў працы апарата загінуў пацыент. Але цяпер многія клінікі закупілі імпартныя апараты высокага класа, збоі і памылкі ў іх выключаныя. Магчыма, лекар, які апошні час працаваў з такімі апаратамі, мог расслабіцца падчас аперацыі і не заўважыць, што адбыліся непаладкі, - пракаментаваў «КП» іншы практыкуючы лекар-рэаніматолаг.

Оля Сукора ў коме да гэтага часу. Родныя не ведаюць ні прычыны комы, ні імя анестэзіёлага

Як аказалася, Юлія Кубарава не адзіная ахвяра пластычнай аперацыі. У абласной бальніцы ў Бараўлянах з кастрычніка ў коме ляжыць 32-гадовая менчанка Вольга Сукора.

- 10 кастрычніка ёй зрабілі аперацыю па выпраўленні прыкусу. Калі дачка звярнулася па кансультацыю да лекара, ёй сказалі: калі яна не зробіць аперацыю, то з часам не зможа раскрыць сківіцу. Спалохаўшыся, яна пагадзілася на хірургічнае ўмяшанне, - распавядае «КП» Любоў Данілаўна, мама Вольгі. - Але пасля аперацыі ў яе ўтварыўся ацёк лёгкіх, дачку ўвялі ў медыцынскую кому. Я неаднаразова спрабавала даведацца прозвішча анестэзіёлага. Мне назвалі ўрача па прозвішчы Грыб Вольга Канстанцінаўна, уяўляеце, але апынулася, што такога анестэзіёлага няма. Выходзіць, ад нас хаваюць сапраўднае прозвішча лекара.

Сем прыватных медыцынскіх цэнтраў пазбавілі ліцэнзіі на правядзенне аперацый

Міністэрства аховы здароўя ўжо паспела праверыць 25 прыватных медцэнтраў Менска і амаль усюды знайшло сур'ёзныя парушэнні.

Пасля трагедыі, якая адбылася ў «Экамедсервісе», Міністэрства аховы здароўя пачало правяраць усе недзяржаўныя медцэнтры. Прычым яшчэ да траўня. У інтэрнэце з'явіўся дакумент міністэрства аховы здароўя, у якім сказана, што на 30 красавіка спецыяльная камісія ўжо праверыла 25 прыватных клінік Менска. З 2 траўня сем клінік пазбавіліся ліцэнзіі на аказанне анестэзіёлага-рэанімацыйнай дапамогі. Гэта «Экамедсервіс», «Грандмедыка», «Медэксперт», «Дзеля здароўя», «Валерэ», «Медарт» і «Віта». Вернуць ім ліцэнзіі ці не, пакуль што не ясна. Праўда, у двух цэнтрах карэспандэнта «КП» запэўнілі, што аперацыі пад анестэзіяй у іх можна будзе зрабіць дзесьці праз месяц.

- Вы ж ведаеце, якая зараз у горадзе з гэтым (наркозам, - Рэд.) сітуацыя. Магчыма, паслугі адновім.

Яшчэ сем цэнтраў пазбавілі ліцэнзіі на пэўны час. Да 20 траўня яны павінны будуць выправіць усе недахопы і даць справаздачу перад Міністэрствам аховы здароўя.

Да 1 чэрвеня спецыяльная камісія Міністэрства аховы здароўя праверыць усе прыватныя клінікі краіны.

Як атрымалася даведацца «КП», у траўні правераць не толькі прыватнікаў, але і ўсе дзяржаўныя клінікі, дзе пацыентам робяць наркоз.

Якія парушэнні выявілі ў прыватных клініках?

- У некаторых цэнтрах няма ўмоў для правядзення агульнай анестэзіі. Камісія ставіць пытанне аб праверцы кваліфікацыі лекараў-анестэзіёлагаў;

- Не праводзяцца планавыя праверкі абсталявання;

- Лекары працуюць у адзіночку, без медсястры-анестэзіста;

- Няма ўмоў для бяспечнага паслянаркознага перыяду;

- Ва ўсіх цэнтрах ёсць заўвагі па дакументацыі (пратаколы, часопісы, агляды і г.д.).

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках