28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макей шукае ў Баку грошы для Лукашэнкі

16
Макей шукае ў Баку грошы для Лукашэнкі

Міністр замежных спраў Беларусі паехаў у Азербайджан для таго, каб дамовіцца аб новых крэдытах.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

«Гэта першы афіцыйны візіт Уладзіміра Макея ў якасці міністра ў Баку. Трэба адзначыць, што Азербайджан, як і Беларусь, прымаюць удзел у ініцыятыве «Усходняе партнёрства». Менавіта гэтыя дзве краіны не ставяць сабе задачу дамагацца пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Звязам. У гэтым іх адрозненне ад астатніх былых савецкіх рэспублік, якія ўдзельнічаюць ва «Усходнім партнёрстве».

Гэты візіт выклікае цікавасць тым, што 28 траўня і Азербайджан, і Арменія адзначалі свае нацыянальныя святы. Пры гэтым, Лукашэнка павіншаваў Ільхама Аліева, але нічога не было чуваць пра віншаванні кіраўніку Арменіі. Гэта можа казаць пра тое, што паміж Менскам і Баку існуюць асаблівыя адносіны. Нельга забываць ролю Азербайджана ў пастаўках венесуэльскай нафты ў Менск па своп-кантрактах, а таксама пра выдзяленне ў свой час Аліевым выратавальнага крэдыту для Лукашэнкі», - сказаў Раман Якаўлеўскі.

Палітычны аглядальнік адзначыў, што беларускі кіраўнік збіраецца ў гэтым годзе наведаць Азербайджан. Галоўнай тэмай перамоваў у Баку, на яго думку, стануць новыя выратавальныя крэдыты Менску.

«Тэма грошай не проста актуальная для Лукашэнкі, яна жыццёва важная. Макей будзе рыхтаваць глебу для маючых адбыцца перамоваў паміж беларускім і азербайджанскім кіраўнікамі пра новыя пазыкі. Застаецца пытаннем тое, на якіх умовах яны могуць быць прадастаўленыя», сказаў Раман Якаўлеўскі.

Палітычны аглядальнік нагадаў, што Макей нядаўна пабываў у Арменіі, краіне, якая фактычна знаходзіцца ў стане вайны з Азербайджанам. Туды яго ўзяў з сабой Лукашэнка. Як вядома, у гэты час Макея чакалі ў Польшчы. Але запрашэнне ў Кракаў было праігнаравана. Учора стала вядома, што Макея могуць паклікаць таксама ў Брусэль і Вільню на мерапрыемствы ў рамках «Усходняга партнёрства». Намеснік кіраўніка МЗС Літвы заявіў, што еўрапейскія санкцыі супраць неўязнога ў ЕЗ беларускага міністра могуць часова адмяніць.

«Навіна не стала нечаканай. Гэта заява, у якой, дарэчы, абсалютна не згадваюцца палітвязні, супярэчыць раней заяўленай пазіцыі ЕЗ. Палітычная сістэма ў Беларусі такая, што літаральна заўтра на месцы Макея можа апынуцца іншы фігурант «чорнага спісу». І што, санкцыі супраць яго таксама будуць «часова адмененыя»? Да таго ж, упэўнены, што Менск не пойдзе на такія ўмовы. Беларускія ўлады настойваюць на запрашэнні ў Вільню самога Лукашэнкі. Таму, не выключаю, што і ў Бруселі, і ў Вільні «часова дараванага» Макея так і не ўбачаць. Нагадаю, на першым саміце «Усходняга партнёрства» ў Празе прысутнічалі тагачасны кіраўнік МЗС Сяргей Мартынаў і першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Памятаю, што тады Зянон Пазняк папярэджваў Еўропу, кажучы пра тое, што ў ініцыятыву ўводзяць «траянскага каня». Сёння мы ўжо назіраем цэлую кавалерыю з «траянскіх коней» ва «Усходнім партнёрстве» - прычым, як з боку Брусэля і іншых еўрапейскіх сталіц, так і з боку Менска», - сказаў Раман Якаўлеўскі.

Візіт міністра замежных спраў Беларусі ў Баку пачаўся 9 чэрвеня. Макей правядзе сустрэчы з уладцам і кіраўніком МЗС Азербайджана.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках