Сінгапурскія навукоўцы вынайшлі плашч-нябачнік (Відэа)
28- 12.06.2013, 9:08
- 60,717
Навукоўцы з Тэхналагічнага ўніверсітэта Наньянг у Сінгапуры прымусілі «знікнуць» залатую рыбку ў акварыюме і ката.
Як адзначаюць даследчыкі, тэхналогія мае патрэбу ў дапрацоўцы, аднак азначае важны крок навукі ў бок асваення гэтай сфэры, піша NEWSru.com.
На апублікаваным у Інтэрнэце роліку бачна, як з зануранага ў ваду плашча раптам выплывае рыбка. У іншай частцы відэа знікае ніжэйшая палова ката, як толькі той трапляе ў зону дзеяння плашча, паведамляе брытанская газэта The Independent.
Плашч створаны на аснове тонкіх шкляных панэляў, якія робяць аб'екты нябачнымі за кошт асаблівасцяў пераламлення святла. Хоць прылада хавае рэчы толькі пад пэўным кутом, усё ж яна больш дасканалая, чым папярэднія версіі плашчоў-нябачнікаў, якія працавалі толькі з палярызаваным святлом ці з мікрахвалямі.
На думку навукоўцаў, тэхналогію можна будзе ўжываць у сфэры бяспекі і для схаванага назірання.
Упершыню тэхналогія плашча-нябачніка была распрацаваная ў 2006 годзе ў лонданскім Імпэрскім каледжы. У 2010 годзе навукоўцы ўпершыню зрабілі аб’ект нябачным у трох вымярэннях. Праўда, гаворка ішла толькі аб маленькіх аб'ектах - не больш за мілімэтар у даўжыню.