Яшчэ адзін «вертыкальнік» сядзе за карупцыю
40- 12.06.2013, 10:47
- 34,324
Распачатая крымінальная справа ў дачыненні да былога старшыні Веткаўскага райвыканкама.
Праведзенай пракуратурай Веткаўскага раёна ва ўзаемадзеянні з галоўнай управай барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Гомельскай вобласці праверкай выяўлена, што былы старшыня Веткаўскага райвыканкама незаконна завалодаў зямельным надзелам у горадзе Ветка. Ён, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, даў наказ кіраўніку аднаго з прадпрыемстваў зруйнаваць з дапамогай тэхнікі стары нежылы дом на адной з вуліц мястэчка, паведамляе афіцыйны сайт Генпракуратуры.
Далей уласным распараджэннем уключыў гэтую дзялянку ў пералік пустых і ад імя сваёй дачкі ўклаў патрэбныя дакумэнты на адвядзенне зямельнага надзел і на права пажыццёвага спадчыннага валодання для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, хоць дачка жыла ў Гомелі і ў жытле не мела патрэбы.
Пасля рэгістрацыі правоў на дзялянку чыноўнік пачаў работы для будаўніцтва жылога памяшкання, выкарыстоўваючы працу рабочых і транспарт аднаго з прадпрыемстваў горада.
Пракурорам Веткаўскага раёна ў дачыненні да падазронага распачатая крымінальная справа паводле ч.3 арт.424 КК (наўмыснае насуперак інтарэсам службы ўчыненне службовай асобай з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці дзеянняў з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам).
Крымінальная справа накіраваная ва ўправу Следчага камітэта Гомельскай вобласці для арганізацыі расследавання.
Нагадаем, арышты высокапастаўленых прадстаўнікоў улады здараюцца ў Беларусі даволі часта. Найбольш гучныя - гэта справы з удзелам старшыні Гомельскага гарвыканкама Віктарa Піліпца, намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўгена Полудня, начальніка галоўнай управы ўласнай бяспекі МУС, падпалкоўніка міліцыі Уладзіміра Кротава. Таксама на карупцыйных злачынствах часта трапляюцца «дэпутаты» ўсіх узроўняў.