9 чэрвеня 2026, aўторак, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былому дыктатару Пэру адмовілі ў памілаванні

6
Былому дыктатару Пэру адмовілі ў памілаванні

Прэзідэнт Пэру Альянта Умала адмовіўся памілаваць Альбэрта Фухіморы, які адбывае 25-гадовы турэмны тэрмін за рэпрэсіі супраць насельніцтва.

74-гадовы былы дыктатар, асуджаны ў 2009 годзе, прасіў памілаваць яго паводле стану здароўя. Цяперашнія ўлады разважылі, што ў яго няма такіх хвароб, якія маглі б стаць паважнай прычынай для вызвалення, перадае BBC.

"У Фухіморы няма ні смяротных, ні невылечных, ні сур'ёзных захворванняў", - сказаў у пятніцу міністр юстыцыі Пэру Даніэль Фігальё, абвяшчаючы аб адмове ў памілаванні.

Фухіморы сцвярджаў, што ў яго рак языка, а таксама хранічны гастрыт і высокі ціск. Аднак рака медыкі ў яго не знайшлі.

Альбэрта Фухіморы, пэруанец японскага паходжання, кіраваў краінай з 1990 да 2000 года. Ягонае кіраванне суправаджалася ўсталяваннем аўтарытарнага рэжыму, парушэннямі правоў чалавека і арганізацыяй "эскадронаў смерці" для барацьбы з леварадыкальнымі рухамі. Да 25 гадоў турмы яго прысудзілі паводле абвінавачвання ў тым, што ён падчас вайны ўлад Пэру супраць мааістаў з групоўкі "Сэндэра луміноса" ("Зіхоткі шлях") аддаў вайсковаму "эскадрону смерці" загады аб забойстве 25 чалавек.

Цяперашні прэзідэнт, падпалкоўнік у адстаўцы Альянта Умала, таксама ваяваў у той грамадзянскай вайне з мааістамі. У 2000 годзе ён узняў няўдалае паўстанне супраць Фухіморы, яго пасадзілі ў астрог і вызвалілі толькі пасля канчатковага адхілення Фухіморы ад улады.

У 2011 годзе Умала стаў прэзідэнтам, перамогшы на выбарах у другім туры дачку Альбэрта Фухіморы, 36-гадовую на той момант Кейку Фухіморы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках