Арвідас Анушаўскас: Нарэшце названыя краіны, спецслужбы якіх дзейнічаюць у Літве
7- 8.06.2013, 11:36
- 20,358
Чалец Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Сэйма Літвы Арвідас Анушаўскас вітае, што выведка нарэшце назвала дзейныя ў Літве трэція краіны - Расею і Беларусь.
«Нарэшце ясна названа, якія трэція краіны, перадусім Расея, Беларусь дзейнічаюць з дапамогай сваіх спецслужбаў на тэрыторыі Літвы. Я думаю, што гэта яснасць, якую заўсёды дэкларавала эстонская паліцыя бяспекі ў публікаваных цягам 15 гадоў сваіх аглядах з тым, каб грамадства зразумела, у якіх цяжкіх варунках працуе наша выведная грамадскасць», - сказаў Арвідас Анушаўскас, камэнтуючы справаздачу Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы, паведамляе ru.delfi.lt.
У справаздачы значыцца, што найбольш актыўна і агрэсіўна ў Літве і за мяжой дзейнічаюць супраць Літвы службы выведкі і бяспекі Расеі, супраць інтарэсаў Літвы часткова накіраваная і дзейнасць службаў Беларусі, сцвярджае Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ) у справаздачы аб сваёй дзейнасці.
У ёй значыцца, што расейскія службы пры дапамозе тэхнічных сродкаў і кантактаў з людзьмі імкнуцца сабраць інфармацыю, наладзіць сувязі ў дзяржаўных установах Літвы, у пэўных выпадках спрабуюць паўплываць на пастановы дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў Літвы.
«Гэтыя службы імкнуцца атрымаць засакрэчаную ды іншую неабароненую інфармацыю аб унутранай і замежнай палітыцы Літвы, эканоміцы, стратэгічных энэргетычных праектах, узброеных сілах, выведных службах і праваахоўных органах, а таксама зрабіць уплыў на палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя працэсы», - значыцца ў справаздачы.
У справаздачы таксама значыцца, што, акрамя традыцыйных метадаў, супраць Літвы выкарыстоўваюцца электронная выведка, кібэршпіянаж і нетрадыцыйнае прыкрыццё. ДДБ сцвярджае, што расейскія службы выведкі і бяспекі валодаюць тэхнічнымі магчымасцямі для кантролю тэлефонных перамоў цікавых для іх асоб.
Акрамя таго, расейскія службы выведкі і бяспекі спрыяюць распаўсюджванню спрыяльнай для Расеі інфармацыі, фармаванню, каардынаванню і падтрымцы груп уплыву.
У справаздачы значыцца, што ў 2012 годзе расейскія службы выведкі і бяспекі доўжылі спробы ўсталяваць кантакты з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, партый, СМІ, навукова-даследчых цэнтраў, кампаній высокіх тэхналогій, арганізацый нацменшасцяў. Кантакты ўсталёўваюцца не толькі з мэтай збору інфармацыі, але і з мэтай каардынавання і кантролю дзейнасці арганізацый і асоб, што прадстаўляюць інтарэсы Расеі.
Як адзначае ДДБ, асаблівая ўвага надавалася некаторым сфармаваным на этнічным грунце палітычным партыям, якія ўдзельнічаюць у выбарах у сэйм, расейскія службы імкнуліся падтрымліваць шчыльныя стасункі з супрацоўнікамі пасольстваў некаторых краін, якія з'яўляюцца чальцамі Еўразвязу (ЕЗ) і NATO.
Часткова накіраванаz супраць інтарэсаў Літвы і дзейнасць службаў выведкі і бяспекі Беларусі ды іншых дзяржаў, сцвярджае ДДБ. Адны краіны ставяць за мэту збор інфармацыі, якую потым яны маглі б выкарыстоўваць пры прыняцці палітычных і эканамічных пастаноў. Іншыя краіны больш цікавіць інфармацыя, звязаная з імі самімі.