9 чэрвеня 2026, aўторак, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС не пажадаў пачуць праваабаронцу

2
МЗС не пажадаў пачуць праваабаронцу

Намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч атрымаў з МЗС Беларусі адказ на свой зварот.

Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў Міністэрства замежных спраў наконт невыканання дзяржавай пастановы Рабочай групы ў адвольных затрыманнях ААН у справе кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага.

У звароце на імя міністра Уладзіміра Макея праваабаронца нагадваў, што ў задачы МЗС уваходзіць і кантроль за выкананнем міжнародных пагадненняў Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і спрыянне ў выкананні міжнародных пагадненняў Рэспублікі Беларусь.

«Беларусь не мае магчымасці прыняць да разгляду меркаванні рабочай групы, пра што Рада правоў чалавека ААН і рабочая група ў адвольных затрыманнях праінфармаваныя» - так падсумаваў адказ МЗС, датаваны 31 траўня і падпісаны намеснікам міністра Валянцінам Рыбаковым (на фота).

У якасці аргументацыі прадстаўнік міністэрства піша наступнае: «Выкананне меркаванняў Рабочай групы ў адвольных затрыманнях не падпадае пад міжнародныя абавязанні Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, удзельніцай якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь».

Гэтым абзацам МЗС толькі дэманстрацыйна пацвердзіў адмову беларускай дзяржавы ад выканання пастановы Рабочай групы, адмову ад супрацоўніцтва. Бо ў сваім звароце Валянцін Стэфановіч як раз зрабіў акцэнт на тым, што «спецыяльныя працэдуры ААН (у тым ліку Працоўная група ў адвольных затрыманнях) з'яўляюцца дапаможнымі органамі ААН. Яны былі створаныя Радай правоў чалавека ААН і падсправаздачныя ёй. Чальцы РГАЗ абіраюцца Кансультатыўнай групай, якая прызначаецца Радай правоў чалавека ААН, на падставе ведаў і досведу ў рамках іх мандата, добрасумленнасці, незалежнасці і бесстароннасці. Іхныя юрыдычныя высновы, такія як вышэйзгаданая пастанова ў справе Алеся Бяляцкага, з'яўляюцца пастановамі ААН. Рэспубліка Беларусь як дзяржава-чалец ААН мае абавязак супрацоўнічаць з усімі органамі і механізмамі ААН (як гэта прадугледжана артыкулам 56 Статута ААН), а таксама звязаная дамовамі, у прыватнасці МПГПП, які Беларусь ратыфікавала ў 1973 г.»

Відавочна, прадстаўнікі замежнапалітычнага міністэрства не пажадалі пачуць довады праваабаронцы.

«Гэты адказ у прынцыпе цалкам кладзецца ў агульны кантэкст пазіцыі Міністэрства замежных спраў і беларускай дэлегацыі пры ААН у Жэневе з нагоды пастановы Рабочай групы ў адвольных затрыманнях у справе Алеся Бяляцкага, - каментуе Валянцін Стэфановіч. - Нагадаю, што ў сакавіку беларуская дэлегацыя ў ААН фактычна заявіла, што Беларусь адмаўляецца ад супрацоўніцтва з Рабочай групай, бо мяркуе, што яна «значна перавысіла свае паўнамоцтвы» і «парушыла прафесійную этыку». Цяпер МЗС фактычна чарговым разам пацвердзіў тое, пра што я казаў падчас свайго выступу на сэсіі Рады правоў чалавека ААН: Беларусь ігнаруе свае абавязкі і ўхіляецца ад іх выканання».

Пры гэтым высокапастаўленыя чыноўнікі заўсёды знарок падкрэсліваюць сваё стаўленне да асобы Алеся Бяляцкага, дэманструючы тым самым уласную неаб'ектыўнасць і прадузятасць. Так, выступ на сакавіцкай сэсіі Рады правоў чалавека ААН прагучаў у даволі жорсткай форме - з выказваннямі накшталт «так званага праваабаронцы Бяляцкага», «няўрадавыя арганізацыі, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя», «разглядаем выснову Рабочай групы як спробу апраўдаць злачынцу шляхам прылічэння яго да праваабаронцаў».

Акрамя таго, афіцыйная беларуская старана абвінавачвае Рабочую групу ў адвольных затрыманнях у тым, што яна «праігнаравала інфармацыю ўрада ў гэтай справе і з незразумелых прычын не ўключыла яе ў свой даклад».

«Я чытаў гэтыя Меркаванні Рабочай групы, і інфармацыя, дасланая беларускім урадам (пра тое, што Алесь Бяляцкі нібыта ўхіляўся ад падаткаабкладання), аналізавалася Рабочай групай, - кажа Валянцін Стэфановіч. - Але ні следства, ні суд не зрабілі ніякіх захадаў для выяўлення паходжання грашовых сродкаў, якія з'яўляліся замежнай дапамогай на дзейнасць праваабарончага цэнтра «Вясна», а з самага пачатку зыходзілі з пазіцыі, што гэтыя сродкі з'яўляюцца асабістым прыбыткам Бяляцкага. Хоць, калі ўжо казаць пра існасць справы, не было выканана ўказанне пракуратуры горада Менска ні следствам, ні судом - ніхто не звяртаўся ў фонды, каб даведацца, што гэта за грошы. А, як вядома, цяжар довадаў кладзецца на старану следства і суда, а не на абвінавачанага. Таму мы мяркуем, што віна Алеся Бяляцкага не была даведзеная на судзе, і ягоная справа з'яўляецца як раз вынікам палітыкі беларускіх улад у дачыненні да няўрадавых арганізацый, калі яны спачатку выціскаюць іх у нелегальнае поле, затым крыміналізуюць дзейнасць незарэгістраваных арганізацый, магчымасць атрымання фінансавай дапамогі, а потым кажуць, што ты з'яўляешся злачынцам».

Праваабаронца таксама звяртае ўвагу на тое, што Рабочая група ў сваіх Меркаваннях выразна сфармулявала не толькі негатыўныя абавязанні дзяржавы ў галіне свабоды асацыяцый, але і пазітыўныя - стварэнне належных варункаў для працы няўрадавых арганізацый і атрымання імі фінансавання, як за межамі, так і ўнутры краіны. Відавочна, Беларусь не выконвае ні пазітыўныя, ні негатыўныя абавязанні - дзяржава мяшаецца ў дзейнасць няўрадавых арганізацый, пераследуе іх і крыміналізуе.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках