9 чэрвеня 2026, aўторак, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Касьянаў: «Нельга далей ужываць прынцыпы Realpolitik да Расеі»

2
Міхаіл Касьянаў: «Нельга далей ужываць прынцыпы Realpolitik да Расеі»

У Еўразвяза няма агульнай еўрапейскай замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі.

Міхаіл Касьянаў, сустаршыня партыі РПР-ПАРНАС, экс-кіраўнік урада Расеі, выступаючы ў Еўрапейскім парламэнце на семінары фракцыі ALDE, распавёў аб сітуацыі з расейскімі палітвязнямі і пра распачаты судовы працэс над «вязнямі Балотнай».

Палітык таксама даў інтэрв'ю радыёстанцыі RFI:

- Тое, пра што кажуць сёння ў Брусэлі, можна ўспрымаць як крок еўрапейскіх парламэнтароў «да збліжэння з ЗША», у плане таго, што ў ЗША прынялі закон Магніцкага, ці гэта проста чарговая спроба стварыць бачнасць таго, што Еўропа хвалюецца пра палітычных зняволеных, але далей за гэта ніхто не прасунецца?

- Так, пытанне надзвычай актуальнае, але скажу вам так: сённяшняя сустрэча, сённяшнія слуханні - гэта падрыхтоўка да таго, што будзе далей. Гаворка ідзе пра тое, каб наблізіць еўрадэпутатаў да ўсведамлення таго факту, што закон «імя Сяргея Магніцкага» павінен быў бы быць прынятым. Таму сёння з Масквы прыехалі сусветна вядомыя праваабаронцы і, вядома, іхныя камэнтары, аповеды і меркаванні ў дачыненні да таго, што адбываецца ў Расеі сёння, надзвычай важныя. І паколькі мы падтрымлівалі гэтую справу ды іхны прыезд сюды, разлічваем, што аргумэнтаванае, прафэсійнае меркаванне дапаможа еўрапейскім дэпутатам усвядоміць, зразумець патрэбу ў прыняцці «закона Магніцкага» ў Еўропе.

Нашае перакананне такое - гэты закон не з'яўляецца санкцыямі супраць РФ, не з'яўляецца санкцыямі супраць расейскага народу, ён з'яўляецца абмежаваннем у прывілеях для парушальнікаў правоў чалавека. Расея і еўрапейскія краіны аб'яднаныя агульнымі вартасцямі, прапісанымі ў Еўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека і асноўных вольнасцях.

І канвэнцыя абвяшчае, што гэтыя вартасці з'яўляюцца міжнароднымі абавязкамі краін-удзельніц. Таму еўрапейскі парламэнт, гэтак жа як і нацыянальныя парламэнты дзяржаў Еўразвязу, абавязаны за гэтым сачыць. Гэтак жа як гэта робіцца, калі правы чалавека парушаюцца краінамі Еўразвязу - такія выпадкі былі надоечы, і тады ўрады падпадалі пад моцную крытыку. Тое, што гэтага не адбываецца, і што еўрапейскія палітыкі заплюшчваюць вочы на падзеі ў Расеі на падставе таго, маўляў, што Расея вялікая, Расія моцная, мы ад яе залежым, - гэта фактычна з'яўляецца адступленнем ад базавых прынцыпаў, ад тых вартасцяў, якія з'яўляюцца падвалінай існавання дэмакратычнай Еўропы.

Уважаем гэта за недапушчальнае, непрымальнае, і таму ў мяне ёсць упэўненасць у тым, што Еўрапарламэнт будзе далей рухацца гэтым шляхам. Чаму? Таму што рэзалюцыя ўжо прынятая большасцю галасоў, з рэкамендацыямі ўрадаў краін Еўразвязу ўвесці абмежаванні для парушальнікаў правоў чалавека ў Расейскай Федэрацыі. Збольшага гэта тычыцца чыноўнікаў, следчых, нават некаторых суддзяў, якія не з’яўляюцца суддзямі, а выканаўцамі чужой волі. Таму гэтая праца вельмі важная, у краіне ідзе пагаршэнне, і калі не будзе рэакцыі, яно прадоўжыцца, а калі будзе рэакцыя - то, можа быць, выпадзе яго спыніць.

- На ваш погляд, чаму дагэтуль, хоць закон быў прыняты і падпісаны Абамам яшчэ ў канцы 2012, яшчэ амаль ніхто з еўрапейскіх лідэраў не наважыў паказаць Расеі на некаторыя парушэнні, не толькі ў сфэры правоў чалавека, а ў цэлым, фундаментальных вольнасцяў, парушэнні Канстытуцыі і г.д. Згадаем Франсуа Аланда, які не так даўно прыязджаў у Расею і які падчас сваёй выбарчай кампаніі казаў, што «Расея павінна вярнуцца на шлях дэмакратыі», а прыехаўшы ў Маскву ў якасці прэзідэнта, змяніў дыскурс на «а давайце ўкладзем болей кантрактаў, хай Расея інвестуе ў Францыю» і да т.п. Чаму на сённяшні дзень з усіх еўрапейскіх лідэраў толькі Ангела Мэркель, жанчына, больш-менш важыцца гаварыць з Пуціным на «іншай мове»?

- Так, Вы маеце рацыю, сапраўды з еўрапейскіх палітыкаў толькі Ангела Мэркель робіць гэта, прычым не адзін ці два разы, а рэгулярна, але нягледзячы на гэта, як бачыце, пры ейным падыходзе да гэтых праблем, эканамічнае супрацоўніцтва не пагаршаецца, а нават наадварот.

Таму гэта слушная палітыка - супрацоўнічаць з Расейскай Федэрацыяй дзеля будучыні расейскай, будучыні Нямеччыны і Еўразвязу, бо эканамічнае супрацоўніцтва ды інвестыцыі ў эканоміку, незалежна ад таго, хто ва ўладзе, ідзе на карысць усім грамадзянам. Тое, што ў нас сёння няправільная ўлада і яна часова кіруе краінай, гэта праўда, але новыя прадпрыемствы, якія будуць створаныя з удзелам еўрапейскіх інвестыцый, важныя для ўсіх.

Усе расейцы атрымліваюць як вынік якасную прадукцыю, якасныя паслугі, якасную тэхніку і гэтак далей, гэта важная рэч. Але пры гэтым трэба заставацца на сваіх прынцыпах, нельга гандляваць прынцыпамі, універсальнымі вартасцямі. Таму, Ангела Мэркель робіць усё слушна, яна здолела знайсці камбінацыю, як гэта зрабіць. Я думаю, што кіраўніцтва іншых краін, Францыі ў тым ліку, павінна з гэтага браць прыклад. Не трэба меркаваць, што калі мы крытыкуем, то мы ізалюемся.

Трэба заахвочваць узаемадзеянне прадпрымальнікаў, але пры гэтым казаць ім: «слухайце, у Расеі страшэнная карупцыя, і там ёсць пэўныя правілы: карупцыйныя, супрацьзаконныя, не пільнуйцеся іх, мы вас у адваротным выпадку падтрымліваць не будзем», - вось што павінны казаць урады краін Еўразвязу - «а калі будзеце працаваць сумленна і публічна, то тады мы вас падтрымаем». Але прынцыпы такія як вяршэнства права, непахіснасць правоў чалавека, павінны быць прыярытэтам, і прадпрымальнікі павінны гэта разумець і не згаджацца на кампраміс у гэтых пытаннях.

- Для Брусэля гэтая сустрэча значная падзея, пра гэта казалі парламэнтары, якія яе ладзілі. З вамі была Людміла Аляксеева, чалавек-легенда, якая сімвалізуе ў іх вачах барацьбу, пачуццё ўласнай годнасці. Людміла Міхайлаўна нагадала пра тое, што ў раздзеле аб правах і вольнасцях у Канстытуцыі РФ выконваецца толькі адзін пункт - аб выездзе з Расеі.

- Так, я згодны. Па-першае, вельмі рады, што Людміла Міхайлаўна прыняла нашае запрашэнне і прыехала сюды, усё ж ёй у гэтым годзе спаўняецца 86 гадоў, і яна не вельмі добра пачуваецца, але яна сапраўды легендарны чалавек, і калі ідзе гаворка пра правы чалавека, яна сябе аддае гэтаму цалкам. Таму мы вельмі шануем яе і ўдзячныя ёй.

І тое, што яна зрабіла такую выснову, што з Канстытуцыі выконваецца толькі адзін артыкул - гэта дакладны аналіз. У тым сэнсе, як гэта разумеюць у Еўропе, ніводзін артыкул Канстытуцыі ў Расеі як след не выконваецца і не ўжываецца. Так засталася адна вольнасць вельмі важная і каштоўная, вольнасць выязджаць з краіны і вяртацца, спадзяемся, што яна не зазнае змен, бо яшчэ дазваляе нам быць часткай Еўропы і мець стасункі з такімі ж людзьмі як мы тут, у краінах Еўразвязу.

Праваабаронцы нават зрабілі такі аналіз - вылучылі тоўстым шрыфтам артыкулы, якія парушаюцца, і практычна ўвесь тэкст канстытуцыі такім стаў, бо сапраўды, практычна нічога не выконваецца. Так, гэта бяда, бяда нас усіх - расейскіх грамадзян, бяда расейскага грамадства. Роля праваабаронцаў звязаная з вельмі вялікай адказнасцю, і мы абавязаныя іх падтрымліваць, абараняць ад нападак улад. Мы спрабуем гэта рабіць як можам, але сітуацыя ў краіне, на жаль, пагаршаецца, і салідарнасць еўрапейскіх улад тут надзвычай важная. Маральная і псіхалагічная падтрымка вельмі важная. Мы частка Еўропы, нас аб'ядноўваюць адны і тыя ж вартасці, у нашай канстытуцыі напісана тое ж самае, што і ў канстытуцыях еўрапейскіх краін і еўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека. Нельга далей ужываць прынцыпы Realpolitik да Расеі, бо цяперашнія расійскія ўлады гэта добра адчуваюць і цынічна выкарыстоўваюць гэта, спрабуючы адкупіцца рознымі прывілеямі, выгаднымі кантрактамі, спрабуюць уплываць на бізнэс, прымушаць бізнэс за мяжой уплываць на свае ўрады, для таго, каб тыя пакінулі крытыкаваць пуцінскі рэжым за парушэнні асноўных вольнасцяў.

- Сэмінар аб расейскіх палітвязнях вёў Леанід Донскіс, парламэнтар з Літвы, а, як мы ведаем, з 1 ліпеня пачынаецца старшынства Літвы ў Еўразвязе. Толькі што, пакуль Вы ўдзельнічалі ў канферэнцыі, міністр замежных спраў Літвы сказаў, што Літва не будзе выступаць за прыняцце закона Магніцкага, але не будзе і перашкаджаць яго прыняццю. Выходзіць, чарговае такое дваякае выказванне, нічога канкрэтнага.

- Трэба, вядома, разумець і так званы ўнутраны палітычны расклад у Еўразвязе. ЕЗ - такое шматаблічнае ўтварэнне, таму там шмат розных пунктаў судакранання, шмат элементаў насцярожанасці. Важна дамагчыся аднаго - таго, чаго Еўразвяз не можа дамагчыся ўжо шмат гадоў - няма агульнай еўрапейскай замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі. Тады Літве не давядзецца баяцца, паводзіць сябе так, што, з аднаго боку яна - старшыня, але пры гэтым баіцца абвяшчаць, што будзе бараніць свае фундаментальныя прынцыпы, якія ўжывае ў сябе ў краіне, але баіцца патрабаваць гэтага ад Расеі.

Таму што фактычна гэта азначае, як мы ведаем на прыкладзе не толькі Літвы, але й іншых маленькіх краінаў, што ўрады проста баяцца, як бы гнеў расейскага рэжыму не абрынуўся на іх і не былі ўведзеныя нейкія абмежаванні, якія перашкаджаюць жыць грамадзянам гэтай краіны . Але калі будуць агульная палітыка бяспекі і адзіная замежная палітыка, то развязвацца гэткія пытанні будуць па-іншаму. Пастановы будуць прымацца належным чынам абгрунтаваныя, не будзе розніцы паміж вялікімі і малымі краінамі, а еўрапейскі парламэнт акурат такі палітычны орган, прадстаўнічы і заканадаўчы, дзе такія рэчы і павінны абмяркоўвацца.

Так што такое вось замкнёнае кола выходзіць, з аднаго боку не хочуць аддаваць больш суверэнітэту ў Еўразвяз, з другога - не хочуць займацца фундамэнтальнымі рэчамі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках