У Гарадзенскім універсітэце ліквідуюць бунтарскі гістфак
60- 8.06.2013, 18:05
- 77,121
Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы застаецца без гістарычнага факультэта.
Як стала вядома «Салідарнасці», гнаны факультэт ГрДУ ліквідуюць.
Чуткі пра тое, што гістфак могуць аб'яднаць з факультэтам турызму актыўна хадзілі апошнія два месяцы. Прыкладна з часу звальнення гнанага гісторыка Вячаслава Шведа.
Дэкан гістфаку Эдмунд Ярмусік пацвердзіў, што пытанне з аб'яднаннем факультэтаў сапраўды развязваецца.
- Калі ў вас ёсць такая інфармацыя, то, як вядома, дзе ні курыць, там не гарыць, - адзначыў Эдмунд Ярмусік. - Такая пастанова ёсць. Яна абмяркоўваецца. Нічога страшнага ў гэтым няма. Гэта натуральная рэарганізацыя навучальнага працэсу. Пры кожнай уладзе і ў кожнай краіне мы павінны сеяць разумнае, добрае, вечнае. Для нас галоўнае - гэта студэнты. Гісторыя як прадмет у любым выпадку застаецца. А ўсё астатняе - гэта фармальнасць.
Раней адзначалася, што верагодным дэканам новага аб'яднанага факультэта можа стаць сённяшні дэкан факультэта турызму і сэрвісу Сяргей Данскіх. Дэкан факультэта гісторыі і сацыялогіі Эдмунд Ярмусік, згодна з тымі ж чуткамі, можа атрымаць пасаду загадчыка кафедры гісторыі Беларусі. Якім чынам развязанае гэтае пытанне, пакуль невядома.
- Зямля чуткамі поўніцца, - адзначыў Ярмусік. - Мне пра гэта нічога не вядома. Звяртайцеся да рэктара.
Зразумела, што аб'яднанне факультэтаў пацягне за сабой і скарачэнне штату. Такім чынам універсітэт цалкам законна зможа пазбавіцца ад рэшткаў «нядобранадзейных» гісторыкаў, якія пакуль займаюць свае пасады.
Рэпрэсіі ў дачыненні да выкладчыкаў гістфаку ідуць ужо даўно. Восенню 2012 года з універсітэта быў звольнены адзін з аўтараў кнігі «Гродназнаўства» Андрэй Чарнякевіч.
Прычым, Сямён Шапіра прызнаўся, што асабіста загадаў звольніць Чарнякевіча: «Наконт Чарнякевіча падпісваў загад я асабіста», - сказаў кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкама. «Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжой. За чые грошы? Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!»
Шапіра шчыра прызнаўся, што рэгулярна чытае зводкі КДБ і ведае ўсіх універсітэцкіх «апазіцыянераў» пайменна. «Ва ўніверсітэце шаснаццаць чалавек, якія заклікаюць скінуць уладу», - сказаў Шапіра.
Неўзабаве аб сваім сыходзе з універсітэта ў знак пратэсту супраць ціску на калегаў заявіў у адкрытым лісце да кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкама старшы выкладчык кафедры тэорыі дзяржавы і права Ігар Кузьмініч.