19 красавiка 2024, Пятніца, 3:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскі парламент: Лондан прадаваў зброю Менску

25
Брытанскі парламент: Лондан прадаваў зброю Менску

Велікабрытанія прадала рэпрэсіўным рэжымам зброі на £12,3 мільярдаў.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Камітэта па кантролі за экспартам узбраенняў брытанскага парламента, падрыхтаванай на падставе праведзенай экспертызы.

Згодна з гэтым дакументам, абсталяванне і зброя прадавалася ў Беларусь, Іран, Кітай, Шры-Ланку і яшчэ шэраг дзяржаў, якія знаходзяцца ў спісе краін, улады якіх абвінавачваюцца ў рэпрэсіях супраць уласнага насельніцтва.

Было заяўлена пра, як мінімум, тры кантракты з сірыйскім урадам і пра 57 - з Аргенцінай, якая не ўваходзіць у пералік парушальнікаў, але знаходзіцца ў канфрантацыі з Велікабрытаніяй з-за Фолклендскіх выспаў, паведамляе The Independent.

Раней брытанскі ўрад заявіў, што не будзе выдаваць ліцэнзіі на экспарт тавараў, «якія могуць быць выкарыстаныя для ўнутраных рэпрэсій» або «могуць справакаваць або падоўжыць рэгіянальныя або ўнутраныя канфлікты». Але, нягледзячы на гэта, нацыянальнымі кампаніямі былі падпісаныя тысячы пагадненняў. Большасць з іх - з Кітаем. Велікабрытанія заключыла з гэтай краінай больш за 1500 дамоваў коштам £1,8 мільярда. Гаворка ідзе пра пастаўкі крыптаграфічнага абсталявання, сродкаў сувязі, бронекамізэлек і зброі.

З 27 краін, якія знаходзяцца ў спісе, брытанскія кампаніі не маюць дамоваў толькі з Паўночнай Карэяй і Паўднёвым Суданам, паведамляе тэлеканал Russia Today.

У жніўні мінулага года лонданскі тэлеканал Channel 4 News пацвердзіў інфармацыю пра тое, што Велікабрытанія прадала афіцыйнаму Менску ўзбраенняў амаль на 3 мільёны фунтаў стэрлінгаў.

«Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, у якой да гэтага часу выконваюць смяротныя прысуды, пазбаўляюць свабоды палітычных апанентаў, катуюць затрыманых і праходзяць ганебныя палітычныя працэсы. Гэта дае падставы міністэрству замежных спраў Злучанага Каралеўства адносіць яе да ліку краін, стан дэмакратыі і правоў чалавека ў якіх выклікае занепакоенасць.

Тым не менш, Велікабрытанія - другая краіна ў свеце па аб'ёме інвестыцый у Беларусь. Яна з'яўляецца адным з самых важных гандлёвых партнёраў Менска, брытанскі экспарт зброі ў Беларусь вымяраецца мільёнамі фунтаў стэрлінгаў. Стала вядома, што беларускія афіцэры былі запрошаныя ў Велікабрытанію для ваеннай падрыхтоўкі ў 2013 годзе», - паведаміў раней тэлеканал.

Кіраўнік парламенцкага камітэта па кантролі за экспартам узбраенняў Джон Стэнлі раскрытыкаваў продаж узбраенняў аўтарытарным і дыктатарскім рэжымам.

«Урад павінен прызнаць наяўнасць першапачатковай супярэчнасці паміж прасоўваннем зброевага экспарту для аўтарытарных рэжымаў і адначасова жорсткай крытыкай, якая ўвесь час гучыць з нагоды парушэнняў правоў чалавека ў гэтых краінах. Аднак ён працягвае сцвярджаць, што такія дзеянні «ўзаемна падмацоўваюць адзін аднаго», - заявіў ён.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках