28 верасня 2024, Субота, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларускі» пратэст Масквы (Відэа)

147
«Беларускі» пратэст Масквы (Відэа)

(абноўлена - 23:50) Дзясяткі тысяч масквічоў пратэставалі супраць прысуду Навальнаму да позняй ночы.

Прыхільнікі Аляксея Навальнага, асуджанага сёння на пяць гадоў пазбаўлення волі, збіраюцца прыйсці ў 19:00 на «народны сход» на Манежнай плошчы расейскай сталіцы, каб абмеркаваць пастанову суда. Сталічныя ўлады загадзя сталі рыхтавацца да акцыі апазіцыянераў: плошчы пачалі перацінаць яшчэ напярэдадні, а ў чацвер там раптоўна вырашылі памяняць плітку.

Блізу шасці гадзін вечара па мясцовым часе (а 17:00 у Менску) у цэнтр Масквы пачалі сцягвацца паліцэйскія і вайскоўцы, паведамляе тэлеканал «Дождж». Да Манежнай плошчы пад'ехалі шэсць грузавікоў са спецназаўцамі і блізу пяці аўтобусаў з байцамі АМАП. Акрамя таго, каля станцыі метро «Плошча рэвалюцыі» дзяжурылі яшчэ некалькі аўтобусаў з АМАПам, туды ж пад'ехалі аўтазакі, піша NEWSru.com.

Неўзабаве пасля гэтага з'явіліся першыя затрыманыя. Прыкладна ў 18:15 супрацоўнікі паліцыі затрымалі трох чалавек, якіх адвялі ў паліцэйскі аўтобус.

Манежную і Чырвоную плошчы расейскай сталіцы перацялі. Людзі, якія выходзілі з метро «Ахотны рад», тоўпіліся перад загароджамі. Каля выхаду са станцыі плошчу палівалі вадавозкі, а супрацоўнікі АМАПу зрабілі калідор з загараджальнага плоту і не прапускалі людзей, піша «Новая газета».

Паліцыя няспынна прасіла ўсіх прайсці ў метро. «На Цвярской куча «палівачак». Пагаварыў з кіроўцам адной, кажуць, прыехалі разганяць, але толькі ў выпадку боек», - напісаў у мікраблогу ў «Твітэры» апазіцыянер Максім Кац.

Але людзі змаглі сабрацца і выйсці на праезную частку вуліцы Ахотны рад. Шматлікія натоўпы пратэстоўцаў сабраліся і па суседстве. Карціна нагадвала пратэсты, якія праходзілі ў Менску два гады таму.

«На тым баку вуліцы, на скрыжаванні з Цвярской, - таксама натоўп. Ніхто нічога не крычыць. Нікога, хто аддалена нагадвае лідара, няма. Усе пляскаюць у далоні: маўклівы пратэст, як у Беларусі», - паведамляе «Новая газета». Людзям, што стаяць ўздоўж дарогі, у якасці падтрымкі моцна сігналяць машыны,якія прыязджаюць міма.

Журналісты паведамлялі аб некалькіх тысячах пратэстоўцаў. Праз тое, што людзі сабраліся ў некалькіх месцах, назваць дакладную лічбу было складана.

«Людзей рэальна нечакана шмат - нельга візуальна ацаніць, гэта не плошча, дзе ўсё відаць, тут – па-іншаму. Але па шуму - некалькі тысяч», - піша журналіст Аляксандр Плюшчаў. Паводле розных ацэнак, паведамляе тэлеканал «Дождж», сабралася блізу дзвюх тысяч чалавек. Больш за ўсё народу - каля гасцініцы «Масква». Мяркуючы па фатаграфіях, якія размешчаны у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», людзі стаяць цесным натоўпам.

Лідар партыі «Яблык» Сяргей Мітрохін заявіў, што ў розных месцах у агульнай складанасці сабраліся не менш за 10 тысяч чалавек. Палітык Генадзь Гудкоў сказаў, што ў акцыі ўдзельнічаюць 7-8 тысяч чалавек.

Праз некаторы час пратэстоўцы перакрылі і суседнія вуліцы. Удзельнікі акцыі выйшлі на праезную частку Цвярской побач з гасцініцай «Нацыяналь». Дарога была перакрытая некалькі хвілін. У выніку паліцыі ўдалося адціснуць людзей на тратуары, і рух аднавіўся, піша Lenta.ru.

Дзясяткі чалавек былі затрыманыя паліцыяй ужо да 20 гадзін паводле маскоўскага часу. Некалькі разоў людзі спрабавалі вызваліць затрыманых таварышаў. У прыватнасці, тыя, што сабраліся, сталі разгойдваць паліцэйскія аўтазакі.

Усяго ў Маскве затрымана блізу 50 чалавек, у Санкт-Пецярбургу - блізу 30.

Акцыі пратэсту супраць прысуду Аляксею Навальнаму прайшлі не толькі ў Маскве.

За некалькі гадзін Instagram пазапаўнялі фатаграфіі людзей, якія выйшлі на адзінкавыя пікеты, паведамляе сайт Colta.ru і публікуе некаторыя малюнкі. На вуліцы выйшлі людзі ў Томску, Барнауле, Вятцы, Уладзівастоку і нават Лондане. «Навальны скраў супакой у жулікаў і злодзеяў», «Справа супраць Навальнага - справа супраць усяго нармальнага», «Навальнага у прэзідэнты! Пуціна ў турму»- з такімі лозунгамі стаяць удзельнікі адзіночных акцый пратэсту.

Блізу 400 чалавек сабраліся сёння на Малой Садовай у Санкт-Пецярбургу і скандуюць «Свабоду Навальнаму». Паліцыя не прадпрымае ніякіх дзеянняў, піша ІТАР-ТАСС.

У Калінінградзе у акцыях узялі ўдзел 250 чалавек, паведамляе ў «Твітэры» грамадскі актывіст Міхаіл Касцян. Мяркуючы па фатаграфіях, ім далі прайсці са сцягамі і сімволікай.

Звыш дзясяці тысяч чалавек раней заявілі пра свой намер наведаць «народны сход» на старонцы мерапрыемства ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

«Я пайду», - лаканічна напісаў у «Твітэры» ўладальнік тэлеканала «Дождж» Аляксандр Вінакураў. Сваю гатоўнасць прыйсці выказаў і кандыдат у мэры Масквы, лідэр «Яблыка» Сяргей Мітрохін, паведамляе Gazeta.ru.

Фото: Reuters

Нагадаем, сёння вядомы апазіцыянер Аляксей Навальны быў прыгавораны да пяці гадоў калоніі паводле справы аб крадзяжы ў «Кіраўлесе».

Паводле версіі следства, фігуранты справы вымусілі дзяржпрадпрыемства ўкласці заведама нявыгадную дамову, у выніку чаго яму прычынена шкода ў 16 млн рублёў.

Пасля абвяшчэння прысуду Навальны паспеў напісаць у «Твітэры»: «Добра. Вы тут не сумуйце без мяне. А галоўнае - не гультаяваць, жаба сама сябе з нафтавай трубы не скіне».

Напярэдадні вядомы палітык і блогер быў афіцыйна зарэгістраваны кандыдатам на пасаду мэра Масквы. Раней у Мосгарвыбаркаме тлумачылі, што ў выпадку абвінаваўчага прысуду кандыдат ад РПР-ПАРНАС Навальны будзе зняты з выбараў, калі прысуд уступіць у законнае дзеянне да дня выбараў, прызначаных на адзіны дзень галасавання 8 верасня.

Напісаць каментар 147

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках