20 красавiка 2024, Субота, 19:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

13 гадоў таму быў выкрадзены Дзмітрый Завадскі

42
13 гадоў таму быў выкрадзены Дзмітрый Завадскі

Журналіст тэлеканала ОРТ бясследна знік 7 ліпеня 2000 года.

Родныя журналіста да гэтага часу не ведаюць, дзе яго магіла.

Ранкам 7 ліпеня 2000 года Дзмітрый Завадзкі, які ў той час працаваў на расейскім тэлеканале ОРТ (цяпер – “Первый канал”), адправіўся ў Нацыянальны аэрапорт “Мінск” сустракаць свайго калегу журналіста Паўла Шарамета. З тых часоў Дзмітрыя Завадскага ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС “Алмаз”. Яе ўдзельнікаў Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка суд вырак на пажыццёвае турэмнае зняволення. Аляксея Гуза - на 25 гадоў пазбаўлення волі, Сяргея Савушкіна - на 12 гадоў зняволення з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.

Ні адзін з афіцэраў “Алмаза”, што асуджаныя за забойства журналіста, сваёй віны не прызнаў.

У сакавіку 2004 года рэспубліканская пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага “у сувязі з тым, што не знайшлі без вестак зніклай асобы”. У 2005 годзе расследаванне было адноўлена, але праз год – зноў прыпынена.

У афіцыйную версію – выкраданне і забойства Завадскага афіцэрамі спецпадраздзялення МУС “Алмаз” з помсты за інтэрв'ю – ні калегі Дзмітрыя, ні яго сям'я не вераць. Нагадаем, у гэтым інтэрв'ю журналіст распавядаў пра беларусаў, якія ваявалі на баку чачэнскіх баевікоў.

У вачах грамадскасці абвінавачванне па справе Завадскага і судовы разбор былі сфабрыкаваныя з мэтай – суцішыць шум вакол выкрадання. За краты былі адпраўленыя ўжо незапатрабаваныя выканаўцы, што здзяйснялі раней па замове ўлады іншыя злачынствы, але не прычыніліся да знікнення Дзмітрыя Завадскага.

Патрабаванне раскрыць праўду аб знікненні журналіста ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх Асамблей Рады Еўропы і АБСЕ. Экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, кіраўніку адміністрацыі Лукашэнкі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Еўрасаюза так, як яны падазраюцца ў датычнасці да яго знікнення, а таксама да выкрадання лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага.

Беларуская асацыяцыя журналістаў прапанавала сёння ў 12.00 арганізаваць у інтэрнэце хвіліну маўчання ў памяць Дзмітрыя Завадскага.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках