25 красавiка 2024, Чацвер, 19:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія тавары губляюць расейскі рынак

145
Беларускія тавары губляюць расейскі рынак

Расейскія бізнесмены прадракаюць сур'ёзныя праблемы беларускім вытворцам.

Пра гэта, у прыватнасці, гаворыцца ў лісце прадпрымальніка А.Гарнакова, які апублікаваны ў газеце «Советская Белоруссия». Ён кажа пра тое, што многія тавары народнага спажывання з нашай краіны моцна падаражэлі з-за «сквапнасці» кіраўніцтва беларускіх прадпрыемстваў. Прыводзім тэкст ягонага ліста цалкам:

- Расейскія эканамісты папярэджвалі, што на тэрыторыю краін Мытнага саюза хлыне паток танных тавараў з Польшчы, Турцыі і Кітая, з якімі будзе вельмі складана канкурыраваць і расейскім, і беларускім вытворцам. І што трэба рыхтавацца, каб сумесна супрацьстаяць гэтай экспансіі. Ад беларускіх экспертаў, эканамістаў, прадпрымальнікаў чуваць толькі адно: «Нашым таварам нішто не пагражае. Паколькі яны пры высокай якасці танней на 30% расейскіх, на 20% - украінскіх і на 10% - кітайскіх. Наадварот, са здыманнем межаў і адменай пошлін пачнецца самы сапраўдны гандлёвы бум».

Я з ліку многіх расейскіх прадпрымальнікаў, якія прыязджалі на беларускія заводы і вялікімі аб'ёмамі - на сотні мільёнаў рублёў - закуплялі для продажу ў Расеі рыдлёўкі, сякеры, тросы, вяроўку, нажоўкі, пячное ліццё, газавыя балоны і многія іншыя тавары народнага спажывання. Усіх усё задавальняла. І, здавалася б, дырэктарам прадпрыемстваў і чыноўнікам, якія адказваюць за вытворчасць тавараў народнага спажывання (ТНС), сам бог загадаў трымаць разумныя кошты і абавязкова даваць шырокую рэкламу сваім таварам. Ды яшчэ і з указаннем сваіх лагатыпаў, таварных знакаў і нанясеннем кляйма, што гэта зроблена менавіта ў Беларусі. Гэта вельмі важна. Паколькі да якасці беларускіх ТНС, у тым ліку інструменту, мэблі і многіх іншых прамтавараў, традыцыйна быў высокі давер, прэтэнзій не было.

Але дырэктары пайшлі іншым шляхам: кошты толькі за I паўгоддзе 2012 года сталі вышэй амаль у 2 разы. Беларуская рыдлёўка без тронка каштавала для расейцаў 72 рублі, сёння - 96. Кухонная сякера каштавала 94 рубля, стала 182, універсальная сякера шарыкападшыпнікавага завода была 182 рубля, стала 380. А расейская такая каштуе 185 рублёў, украінская - 164, кітайская - 154. І па мностве іншых пазіцый кошты на ТНП такіх прадпрыемстваў, як Аршанскі і Кобрынскі інструментальныя заводы, Навагрудскі завод газавай апаратуры, Гомельскі завод «СІТА» і іншыя, выраслі на 50-100% і вышэй. Рэалізацыя іх на расейскім рынку практычна спыненая. Чаму, пытаюся ў дырэктараў і намеснікаў, кошты так рэзка пайшлі ўверх? Адказваюць, што рабочым няма чым плаціць зарплату. На маё пярэчанне, што так яшчэ менш будзе грошай, калі з-за дарагоўлі вашыя тавары наогул перастануць купляць, не адказваюць, маўчаць. Прычым многія прадпрыемствы, такія як Менскі эксперыментальны завод ім. Н. Гастэлы, наогул перасталі выпускаць ТНС. Іншы раз кажуць, што вытворчасць такой прадукцыі ім калісьці навязалі і ад яе адзін толькі галаўны боль. У выніку беларускіх тавараў у Расеі прадаецца ўсё менш і менш.

Сёння ўсе гэтыя вашы эксперты і эканамісты маўчаць, не кажуць, чаму нават трактары і грузавікі прадаюцца ў нас з вялікай цяжкасцю. Страціць расейскі рынак лёгка, а вось вярнуцца назад будзе вельмі складана. Там усё ўжо і так занята кітайскімі таварамі. Нават у вашых ГУМе і ЦУМе кітайскія і нават расейскія ТНС прыкметна пацяснілі беларускія. Прычына ў коштах і ў сквапнасці дырэктарскага корпуса. А гэта шлях у нікуды.

Напісаць каментар 145

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках