18 красавiка 2024, Чацвер, 3:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзіцячы мат

10
Дзіцячы мат

Для эканоміі сродкаў у Барысаўскай юнацкай спартыўнай школе ліквідуюць аддзяленне шахмат.

Шахматны свет Барысава ў вялікай турбоце, піша «Советская Белоруссия». Пажар незадаволенасці ўспыхнуў пасля таго, як абласныя ўлады пастанавілі зачыніць аддзяленне шахмат у Барысаўскай ДЮСШ №1. Бацькі дзяцей, якія раней тут займаліся, у адказ зрабілі ход канём, паслаўшы калектыўны ліст у многія інстанцыі.

Дырэктар ДЮСШ №1 Барысава Мікалай Занімонец, які правёў невялікую экскурсію па сваёй вотчыне, адначасова і раздражнёны, і раззлаваны: «Колькі ўжо было ў нашым спорце добрых пачынанняў, якія пахавалі на этапе рэалізацыі! І тое ж робяць цяпер з аптымізацыяй. На словах усё здаецца правільна - пра тое, што трэба эканоміць, а на справе ўся гэтая эканомія зводзіцца да фармалізму.

Замест таго каб рэальна думаць пра развіццё відаў спорту, чыноўнікі змагаюцца толькі за захаванне сваіх пасад і заробкаў. І пры гэтым для справаздачнасці - маўляў, мы нешта робім - закрываюць віды. Добра, калі б гэта тычылася тых, якія сапраўды існуюць толькі на паперы. Так не ж - закрываюць запатрабаванае. У мінулым навучальным годзе ў нашай школе займаліся 460 вучняў, з іх шахматамі - каля 120. У нас існаваў попыт на іх, была нават платная група. Зараблялі. І каму гэта аказалася цікавым? Нядаўнюю атэстацыю школы правялі так, што проста нязручна... Ніхто нават не паглядзеў дакументы, не даведаўся, якія вынікі паказваюць нашы выхаванцы, як працуюць тры нашых шахматных трэнера. Нас проста паставілі перад фактам, што аддзялення больш няма».

У Менскім аблвыканкаме кажуць: шахматы ў далейшым можна будзе развіваць пры мясцовым цэнтры дзяцей і моладзі «Унікум». Аднак Мікалай Занімонец ставіцца да гэтай ідэі з непрыхаваным скептыцызмам: «Па-першае, у дзяцей там не будзе нармальнага спаборніцкага календара, які ёсць цяпер. І, па-другое, я вельмі сумняваюся, што нашы трэнеры пойдуць туды працаваць. У іх і так заробкі невялікія: 2-2,5 млн рублёў. Калі ж яны возьмуцца весці шахматны гурток, то яшчэ больш страцяць».

Шахматныя трэнеры ў Барысаве апынуліся ў няпростай сітуацыі. Бацькі выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №1 настроеныя рашуча і яшчэ спадзяюцца, што спартыўныя чыноўнікі перайграюць усю партыю.

Неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра закрыццё аддзялення шахмат, каля 50 чалавек падпісаліся пад скаргай, накіраванай ў Міністэрства спорту, аблвыканкам і прэсу. А цяпер многія з іх нават гатовыя пайсці і на такія радыкальныя меры, як зварот у суд.

Да нядаўніх часоў актыўная праца па развіцці шахмат вялася толькі ў двух гарадах Менскай вобласці: Барысаве і Дзяржынску. Яны ўвесь час канкуравалі паміж сабой, аднак цяпер ім дзяліць няма чаго. Аддзяленне ў Дзяржынску, як і ў Барысаве, трапіла пад нож аптымізацыі. Старэйшы трэнер Менскай вобласці па шахматах Сяргей Усніч, які выкладае гэты від у ДЮСШ Дзяржынскага раёна, абураны да мяжы.

- Кажуць, што закрыццё аддзяленняў шахмат у Барысаве і Дзяржынску звязанае з неабходнасцю эканоміць...

- Ды смешна слухаць! Якія ўжо там выдаткі на наш від! Былі б стол, крэсла, дошка, мінімальная метадычная літаратура і жаданне гуляць. Я калі пачаў развіваць шахматы ў Дзяржынску ў 1996 годзе, закупіў 30 дошак, 30 гадзіннікаў - і з таго часу толькі часам іх мяняю. Від вельмі дэмакратычны і не патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў.

Недалёка ад ДЮСШ №1 Барысава нядаўна адкрылі два казіно. А пакойчык, куды дзеці раней прыходзілі займацца шахматамі, па словах Мікалая Занімонца, з новага навучальнага года, хутчэй за ўсё, прыйдзецца выкарыстоўваць як гардэробную. Такі вось дзіцячы мат.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках