Пракаповіч даў прыватнаму бізнесу заданне на пяцігодку
97- 23.08.2013, 16:04
- 36,637
Прыватны бізнес Беларусі ў наступнай пяцігодцы павінен вырабляць 50% ВУП.
Пра гэта заявіў сёння журналістам віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч у рамках працы ў Дзяржынску пасяджэння Савета па развіцці прадпрымальніцтва, паведамляе БелТА.
Пракаповіч адзначыў, што да 2015 года ў Беларусі прыватны бізнес будзе ствараць не менш за 30% ВУП. Такая задача пастаўленая Лукашэнкам, цяпер доля малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП складае больш за 20%.
Гаворачы пра павышэнне ролі прыватнага бізнесу ў эканоміцы, віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што павелічэнне долі прадпрымальніцтва ў ВУП да 50% не азначае, што будуць скарачацца іншыя формы ўласнасці. Буйныя дзяржаўныя прамысловыя прадпрыемствы таксама будуць развівацца «хуткімі» тэмпамі.
«Мы ідзем у гэтым напрамку, роля малога і сярэдняга бізнесу ў перспектыве будзе толькі павышацца, прыватны сектар павінен быць піянерам пры ўкараненні новых тэхналогій, сучасных метадаў кіравання», - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.
Паводле слоў Пракаповіча, прагноз на 2013 год па росту прадукцыйнасці працы і выручкі на аднаго занятага будзе выкананы. «Галоўны паказчык развіцця эканомікі - рост прадукцыйнасці працы, па ім, а таксама па аб'ёме выручкі на аднаго занятага ў эканоміцы мы ідзем у графіку, і ён будзе выкананы», - сказаў Пракаповіч. На 2014 год прагнозы будуюцца зыходзячы з таго, што было запланавана на пяцігодку, адзначыў Пётр Пракаповіч.
Фота: bymedia.net