16 красавiка 2024, aўторак, 20:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ пакрывае фінансавую піраміду TVI Express

31
КДБ пакрывае фінансавую піраміду TVI Express

Сотні беларусаў ужо пацярпелі ад дзейнасці міжнароднай турыстычнай кампаніі TVI Express.

Па розных дадзеных, яна ўцягнула ў свае шэрагі каля сямі мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Дзейнасць кампаніі прызнаная злачыннай у многіх краінах, арыштаваны яе заснавальнік - грамадзянін Індыі Тарун Трыха, але крымінальная справа супраць яе прадстаўнікоў у Беларусі да гэтага часу не ўзбуджаная.

У рэдакцыю сайта charter97.org звярнулася чытачы, якія распавялі пра свае нягоды, выкліканыя дзейнасцю TVI Express.

«Восенню 2010 года мая сяброўка Галіна паклікала мяне на прэзентацыю кампаніі TVI Express, якая праходзіла ў офісе яе знаёмай Наталлі Лаўровіч. Сэнс прапановы зводзіўся да таго, што, заплаціўшы пэўную суму, ты трапіш у нейкую «чароўную» базу дадзеных, якая дае табе шанец амаль дарма купляць цэлы комплекс турыстычных паслуг, абыходзячы пасрэдніцтва турфірм. Прапаноўваліся магчымасці браніраваць квіткі на самалёт, месцы ў гатэлях, круізы, афармляць страхоўку, пракат аўто і г.д. Адпаведна, адпачынак павінен быў абыходзіцца нашмат танней, чым яго прапануюць турфірмы. Галоўным козырам кампаніі, як падавалі лектары, з'яўляўся падарункавы сертыфікат на тваё імя, дзякуючы якому ты раз у год атрымліваў магчымасць адпачыць ўсяго за 10 адсоткаў ад кошту пражывання ў самых крутых гатэлях.

Гэта каштавала ўсяго 250 даляраў. Яшчэ 25 даляраў трэба было заплаціць за перавод грошай у Казахстан для рэгістрацыі. Там, нібыта, размяшчаўся галаўны офіс кампаніі.

Наталля Лаўровіч збірала грошы і наўзамен іх выдавала анкету з лагінам і паролем для доступу на сваю старонку ў TVI. Прэзентацыі вёў Валянцін Яцына. Ён распавядаў пра ўсе вабноты працы, дадаючы гісторыі пра адпачынак у крутых гатэлях з уласнага жыцця. Асабліва шмат гаварылася пра веліч самой кампаніі, яе новыя тэхналогіі, магчымасці, салідных партнёраў і кліентаў. На сайце былі размешчаныя партрэты Нурсултана Назарбаева, Біла Клінтана, Уорэна Бафета, якія «заклікалі» супрацоўнічаць з гэтай канторай. Распавядалася і пра ўладальніка TVI Express Таруна Трыху. Пазней высветлілася, што ўсё гэта былі выдумкі. Я ў той момант была без працы, вырашыла рызыкнуць, купіла адразу шэсць месцаў, пасля прывяла туды брата, сястру», - распавяла чытачка Марына.

Яшчэ адзін пацярпелы ад махляроў - Сяргей - распавёў аб другой частцы лекцый, на якіх расказвалі пра магчымасці канкрэтнага бізнесу ў гэтым праекце.

«Для ўдалага прасоўвання і заробку пажадана было купіць як мага больш месцаў у базе (мінімум тры - чым больш месцаў, тым больш заробіш). Як нам тлумачылі: купляючы месцы, ты трапляеш у «матрыцу», якая дзеліцца, і ты хутка апыняешся наверсе гэтай піраміды. Заробак у 500 даляраў абяцалі на працягу месяца, а ў хуткім часе і 10000. Галоўнае, укладваць больш грошай. Пры гэтым людзям удзёўбвалі: хочаце стаць багатымі - трэба рызыкаваць. Пазычце грошы ў сяброў, бярыце крэдыты.

У выніку людзі бралі крэдыты, залазілі ў пазыкі, некаторыя ўклалі ў гэты праект да 10 тысяч даляраў, а хтосьці і больш. Пенсіянеры, студэнты, бізнесмены - на прэзентацыі прыходзіў самы розны кантынгент, і большасць з іх трапіліся на вуду ашуканцаў. У многіх цяпер вялізныя праблемы з-за нявыплачаных крэдытаў , якія людзі бралі пад вялікія адсоткі.

За прыстойныя грошы «шчасліўчык» атрымліваў доступ да сістэмы браніравання, якая нічым не адрозніваецца ад бясплатнай базы booking.com, а сваю базу, дзеля якой усё і ладзілася, толькі абяцалі адкрыць. Прайшоў год, потым - яшчэ год. Людзі сталі абурацца, патрабаваць укладзеныя грошы назад. Прэзентацыі спыніліся, піраміда развалілася.

На пытанне «што далей?» адзін адказ: чакайце, хутка база адкрыецца»

Сяргей назваў і некаторых пацярпелых ад дзейнасці піраміды. Сумы, якія яны ўклалі ў яе, складалі тысячы даляраў. У канцы свайго аповяду Сяргей паведаміў пра спробы вярнуць свае грошы.

«Ясна, што дзейнасць гэтай фірмы вялася на тэрыторыі Беларусі нелегальна, без дазволу, ніякія падаткі ніхто не плаціў. Пры маіх пагрозах звярнуцца ў міліцыю, каб распачаць крымінальную справу, стваральнікі беларускага філіяла піраміда TVI Express з мяне толькі пасмяяліся. Яны сказалі, што з ранейшага месца працы ў КДБ у іх засталіся добрыя сувязі і што на сённяшні дзень яны могуць любога следчага зняць з працы. Зусім нядаўна, па іх словах, быў звольнены намеснік старшыні камітэта, які заняўся справамі TVI Express», - сказаў ён.

РУУС Партызанскага раёна вядзе збор матэрыялаў па некалькіх заявах грамадзян, якія былі ашуканыя кампаніяй. Пацярпелыя ад яе дзейнасці могуць звярнуцца непасрэдна туды. Між тым, у кампаніі ёсць сайт у інтэрнэце і старонка ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте». Там паказаны кіраўнік кампаніі ў Беларусі - Уладзімір Пігіда і яго кантакты. Крымінальная справа супраць прадстаўнікоў кампаніі пакуль не распачатая.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках