29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На беларускай амбасадзе ў Вільні вывесілі банер «Свабоду палітвязням»

11

У літоўскай сталіцы прайшла акцыя, прысвечаная гадавіне арышту Алеся Бяляцкага.

У ёй прынялі ўдзел каля 30 чалавек. Акцыя адбылася каля амбасады Беларусі ў Літве.

Удзельнікі акцыі надзелі маскі з партрэтам Алеся Бяляцкага і развярнулі нацыянальныя сцягі. У руках яны трымалі плакаты з надпісамі «Праваабарона - не злачынства», «Вырашайце праблемы, а не саджайце тых, хто пра іх кажа», «Свабоду палітвязням».

Падчас правядзення акцыі невядомыя вывесілі вялізны транспарант прама на сцяне амбасады на вышыні некалькіх метраў. На ім быў намаляваны партрэт Алеся Бяляцкага і надпіс на англійскай мове «Свабоду палітычным зняволеным у Беларусі». Ён быў добра бачны з вокнаў амбасады.

«Плакат застаўся вісець і пасля заканчэння акцыі. Паліцыянты адмовіліся здымаць яго, спаслаўшыся на тое, што ў іх няма адпаведнай тэхнікі», - сказаў сайту charter97.org адзін з удзельнікаў мерапрыемства.

Нагадаем, учора ў цэнтры Вільні быў арганізаваны інфармацыйны пікет: актывісты распавялі пра пераслед Алеся Бяляцкага і іншых грамадскіх і палітычных дзеячаў Беларусі, а ўсе жадаючыя змаглі падпісаць паштоўкі беларускім палітвязням.

Алесь Бяляцкі быў узяты пад варту 4 жніўня 2011 года. Праз некалькі месяцаў суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Тыя грошы, якія паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Зараз Бяляцкі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках