19 красавiка 2024, Пятніца, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нелегальныя імігранты - новая зброя Лукашэнкі

55
Нелегальныя імігранты - новая зброя Лукашэнкі

Колькасць бежанцаў з Расеі, якія перасякаюць беларуска-польскую мяжу, вырасла ўдвая.

95 адсоткаў з іх складаюць жыхары Паўночнага Каўказа, у першую чаргу, чачэнцы. Польскія памежныя службы не могуць справіцца з такім патокам людзей, піша Rzeczpospolita (пераклад - charter97.org).

Еўрапейская прэса крытыкуе палякаў за пасіўнасць і папярэджвае, што толькі ў гэтым годзе колькасць заявак на прытулак у Германіі перавысіла 10 тысяч. Па словах журналіста нямецкай газеты «Frankfurter Allgemeine Zeitung», які наведаў чыгуначны вакзал у Брэсце, сотні чачэнскіх сем'яў знаходзяцца там, чакаючы спрыяльнага моманту, каб трапіць у Польшчу. На падставе заявы палкоўніка беларускай памежнай службы, ён піша пра 20 тысяч чалавек, якія чакаюць свайго шанцу атрымаць прытулак у Еўропе.

«Некаторыя ўцекачы, не чакаючы канчатковага рашэння, едуць далей - у Заходнюю Еўропу, што не адпавядае міжнароднаму праву. Гэта паказвае, што яны не шукаюць прытулку ў Польшчы, - кажа прэс-сакратар памежнай службы Агнешка Голяс. Яна дадае, што кадраў для працы з бежанцамі бракуе.

Агнешка Голяс паведаміла, што за апошнія шэсць месяцаў служба атрымала 3141 заяву аб прадастаўленні прытулку ў Польшчы, якія датычацца 9500 чалавек, 8730 з якіх маюць грамадзянства Расеі.

Па словах Ізабелы Купер з Еўрапейскага агенцтва па кіраванні аператыўным супрацоўніцтвам на знешніх межах ЕЗ, колькасць бежанцаў з Расеі вырасла ўдвая. За ўвесь 2012 год іх было ўсяго каля 5000 чалавек.

Яна адзначае, што, у адрозненне ад паўднёвых межаў ЕЗ, якія грамадзяне паўночнаафрыканскіх і блізкаўсходніх краін спрабуюць перасекчы незаўважаным, імігранты з Расеі едуць на тэрыторыю Польшчы праз афіцыйныя памежныя пункты.

Кіраўнік Беларусі неаднаразова пагражаў Захаду наплывам нелегальных імігрантаў у адказ на крытыку ў свой адрас за за шырокамаштабныя парушэння правоў чалавека. У снежні мінулага года Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для заходніх СМІ сцвярджаў, што беларускія памежнікі кожны год «ловяць тысячы нелегальных імігрантаў і знаходзяць тоны наркотыкаў».

«Мы спынялі штогод дзесяткі тысяч нелегальных мігрантаў, якія накіроўваліся ў Еўропу, на нашай мяжы. Мне дакладвалі, што пры іх знаходзіліся радыеактыўныя рэчывы, выбухоўка, наркотыкі, усё, што вывозіцца з Афганістана. Але ЕЗ працягвае нас крытыкаваць. Цяпер мы будзем прапускаць усіх. У нас няма грошай, і, калі еўрапейцы не будуць нам плаціць, мы не будзем ахоўваць межы», - заяўляў дыктатар у мінулым годзе.

Такім чынам ён спрабуе шантажаваць Еўрапейскі Звяз, лічаць у беларускай апазіцыі.

«Гэты шантаж працягваецца ўжо каля паўгода. Лукашэнка набівае сабе цану ў вачах Еўропы. У рэшце рэшт, ён адкрыта сказаў, што калі на яго будуць аказваць ціск, то ён перастане ахоўваць межы, - лічыць моладзевы актывіст Францішак Вячорка. - Гэта дзеянні, якія накіраваныя на змяненне еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Менска. Але жорсткая пазіцыя Захаду ў адносінах да таго, што адбываецца ў Беларусі, не павінна змяняцца».

У снежні 2010 года Лукашэнка чацвёрты раз стаў кіраўніком краіны. Выбары ў Беларусі не былі прызнаныя Еўрапейскім Звязам і Злучанымі Штатамі. Пасля дэманстрацыі ў Менску супраць іх фальсіфікацыі больш за 600 чалавек былі арыштаваныя, а ўсе кандыдаты ад апазіцыі апынуліся ў турме КДБ.

Сёння ў Беларусі налічваецца 12 палітычных зняволеных. ЕЗ і ЗША ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў вярхоўнай улады Беларусі, у тым ліку - супраць Лукашэнкі і яго сям'і.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках