19 красавiка 2024, Пятніца, 22:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жалезная фіранка ад Лукашэнкі

194
Жалезная фіранка ад Лукашэнкі

Астап Бэндэр мог бы пазайздросціць вынаходлівасці беларускіх уладаў.

Пакуль у Брусэлі яшчэ толькі абмяркоўваюць адмену візаў для грамадзян Беларусі, Менск плануе згуляць на апярэджанне ўвядзеннем 100 - даляравай пошліны для тых, хто выязджае за мяжу. Новаўвядзенне можа стацца многахадавым і не толькі папоўніць казну, але звядзе на нуль ідэю Еўразвяза аб безбар'ерных паездках беларусаў у Еўропу, паведамляе Deutsche Welle.

Чым заткнуць дзірку ў бюджэце

Сам Астап Бэндэр мог бы пазайздросціць вынаходлівасці беларускіх уладаў. Калі вялікі камбінатар, герой раманаў Ільфа і Пятрова, ведаў 400 параўнальна сумленных спосабаў адабрання грошай у насельніцтва, то 401 -ы прыдумаў асабіста Лукашэнка, абураны тым, што беларусы пакідаюць у замежных паездках да 3 мільярдаў даляраў у год. Каб прымусіць грамадзян марнаваць грошы ў Беларусі і разгрузіць склады з не прададзенымі таварамі мясцовай вытворчасці, правадыр вырашыў адбіраць па 100 - даляраў у тых, хто выязджае за мяжу за пакупкамі.

Выконваючы заданне дыктатара, чыноўнікі прадумваюць, каго з уладальнікаў шэнгенскіх візаў можна прымусіць раскашэліцца пры перасячэнні мяжы. Пры гэтым насельніцтва супакойваюць, што «раскулачаць» не ўсіх, а толькі багаценькіх аматараў замежнага шопінгу.

Узаконенае рабаванне

Пастанову, па якому прынцыпу будуць сартаваць загрантурыстаў на тых, каго абавяжуць плаціць выязны падатак, і тых, хто будзе ад яго вызвалены, чыноўнікі абяцаюць прыняць праз месяц. Але ўжо зараз зразумела, што з пошукам падстаў для прыгранічнага рабавання беларусаў асабліва цырымоніцца не стануць. Бо апратэставаць дзеянні ўладаў у Канстытуцыйным судзе або ў Генеральнай пракуратуры грамадзянам практычна немагчыма. Не ўказ функцыянерам і пастановы Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Паводле звестак Еўракамісіі за 2012 год жыхары Беларусі атрымалі амаль 700 тысяч шэнгенскіх візаў і апынуліся на першым месцы ў свеце - 73 візы на 1000 чалавек. Звыклы для беларускіх уладаў спосаб «адабраць і падзяліць» можа прынесці ў бюджэт некалькі дзесяткаў мільёнаў даляраў і заадно адаб'е жаданне лішні раз паехаць за мяжу ў тых, для каго паездка ў Еўропу за недарагімі таварамі стала справай звыклай. Абмежаванні на выезд стануць дадатковай перашкодай і для тых 70 адсоткаў насельніцтва, якія, паводле апытанняў, ніколі не былі на Захадзе, і наўрад ці туды трапяць пасля ўвядзення выязной пошліны.

Рэмень для дыктатара

Але аказалася, што выдумку дзяржаўных мужоў адмоўна ацэньваюць нават тыя, хто не мае магчымасці патрапіць за мяжу. Бо рэалізацыя плана Лукашэнкі стане не проста бар'ерам на шляху свабоднага выезду, а закране інтарэсы практычна кожнай сям'і. Хоць бы таму, што замежныя тавары ў беларускіх крамах стануць яшчэ даражэй. Таму абмеркаванне магчымасці ўвядзення фактычнага падатку на выезд набірае абароты.

Тыя, што дыскутуюць у інтэрнэце, прыгадалі ўладам і парушэнне канстытуцыі, якая гарантуе свабоду перамяшчэння, і няякасную мясцовую прадукцыю, і замежную вопратку, у якой фарсяць і правадыр, і яго функцыянеры. У інтэрнэце з'явіліся фатаграфіі Лукашэнкі і прэм'ера Міхаіла Мясніковіча ў адзенні ад нятанных замежных фірмаў. Асабліва ўедлівыя незалежныя СМІ выявілі, што сам беларускі правадыр надзявае дарагі імпартны рэмень і швейцарскі гадзіннік коштам у 17 тысяч даляраў, а сваім грамадзянам прапануе вырабы Беллегпрама і не рэкамендуе насіць «барахло з Еўразвяза».

Жалезная фіранка

Але Лукашэнку відавочна не асабліва палохае перспектыва ў чарговы раз стаць лаўрэатам парадыйнай Шнобелеўскай прэміі, якую ён атрымаў за забарону апладысментаў на маўклівых акцыях пратэсту 2011 года. Тварыць глупствы, ад якіх спачатку ўсё смяюцца, а потым плачуць, стала для рэжыму звычайнай справай.

Вядома ж, у 21 стагоддзі ў цэнтры Еўропы перашкода для замежных паездак, якая распрацоўваецца не выязным на Захад беларускім кіраўніцтвам, стане хутчэй «жалезнай фіранкай», чым сапраўднай жалезнай заслонай - такой жа пародыяй, як і Шнобелеўская прэмія. Тым больш, што за 19 гадоў кіравання Лукашэнкі грамадзяне прывыклі знаходзіць проціяддзе ў любых абставінах. Ды і мяжа Беларусі на самай справе зусім не на замку, ёсць магчымасць выехаць у ЕЗ і праз Расею. Але сама сітуацыя вакол магчымага ўвядзення выязной пошліны паказвае на тое, што Еўразвяз відавочна прайграе аўтарытарнаму правадыру сваю ідэю безбар'ерных зносін беларусаў з еўрапейцамі.

Фота: Deutsche Welle

Напісаць каментар 194

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках