25 красавiка 2024, Чацвер, 4:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нарвежскі дэпутат: Сітуацыя ў Беларусі становіцца ўсё больш небяспечнай

33
Нарвежскі дэпутат: Сітуацыя ў Беларусі становіцца ўсё больш небяспечнай

Дыктатар заклапочаны тымі пераменамі, якія адбываюцца ў свядомасці беларусаў.

У Нарвегіі 9 верасні прайшлі парламенцкія выбары, паводле іх вынікаў у краіне на змену сацыялістычнага ўраду Іенса Стальтэнберга, які знаходзіцца ва ўладзе з 2005 года, могуць прыйсці права-цэнтрысты. У кіруючую кааліцыю, мяркуючы па ўсім, увойдуць Кансерватыўная, Ліберальная і Хрысціянская народная партыі, а таксама Партыя прагрэсу.

Як зменяцца беларуска-нарвежскія стасункі пры новым ўрадзе і наколькі актуальнае беларускае пытанне ў Нарвегіі, карэспандэнты «Тэлеграфа» наважыліся пагутарыць з Улаўгай Вервік Боллестадай, новаабранай дэпутаткай ад Хрысціянскай народнай партыі (ХрП), лідарам партыі ў рэгіёне Ругаланн.

- Наколькі добра вы знаёмыя з сітуацыяй у Беларусі?

- Пяць гадоў таму нарвежскі ўрад прапанаваў партыям пачаць супрацоўніцтва з партыямі ў Беларусі. І ХрП вырашыла супрацоўнічаць з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. І з тых часоў мы падтрымліваем пастаянныя кантакты з БХД: разам вывучаем, як праходзяць розныя працэсы ў Нарвегіі і Беларусі, прапануем сваю дапамогу, у тым ліку ў пытаннях развіцця дэмакратычных механізмаў, дзелімся вопытам удзелу ў выбарах і гэтак далей.

- Як вы мяркуеце, сітуацыя ў Беларусі за апошні час палепшылася ці пагоршылася?

- На маю думку, сітуацыя ў Беларусі становіцца ўсё больш небяспечнай. Я сама была ў Менску тры разы, але цяпер мне адмаўляюцца выдаваць візу. Я думаю, што гэта звязана з маімі кантактамі з БХД. Мне здаецца, што Лукашэнка вельмі моцна заклапочаны тымі зменамі, якія адбываюцца ў свядомасці беларусаў. І ў сувязі з гэтым ён трымае краіну ў цуглях. І я асцерагаюся за людзей у Беларусі, якія жывуць у закрытай сістэме, у якіх няма магчымасці выказаць сваё меркаванне. Мне гэта не падабаецца.

Дэмакратычныя партыі ў Беларусі павінны падрыхтавацца да таго, што рэжым можа загінуць у любы момант. Ім неабходна выбудаваць дэмакратычныя механізмы ў краіне, інакш да ўлады зноў можа прыйсці аўтарытарны кіраўнік.

- Ці можа Нарвегія штосьці прапанаваць Беларусі?

- Самае важнае - гэта пабудаваць адносіны паміж урадамі, каб мы маглі ўзаемадзейнічаць адзін з адным. Нарвегія можа аказаць дапамогу Беларусі ў нафтагазавай сферы, у тым ліку ў адукацыі беларускіх спецыялістаў. Акрамя таго, нарвежскія прадпрыемствы могуць інвеставаць у Беларусі. У нас ёсць для гэтага сродкі і магчымасці.

Беларусі варта звярнуць сваю ўвагу на Захад, у тым ліку на такія краіны, як Нарвегія. Я не заклікаю Беларусь уступіць у Еўрапейскі звяз, але звярнуць сваю ўвагу на Захад.

- Ці зменіцца палітыка Нарвегіі ў дачыненні да Беларусі пры новым ўрадзе?

- У Нарвегіі вельмі шырока абмяркоўваецца беларускае пытанне, сітуацыя ў Беларусі. І нарвежскім палітыкам не падабаецца тое, што адбываецца ў Беларусі. Яны мяркуюць, што людзі ў краіне павінны быць свабоднымі і выкарыстоўваюць розныя магчымасці, каб заклікаць Лукашэнку вызваліць свой народ. Мы ведаем сітуацыю з паслом Швецыі, які быў высланы з Беларусі, і нам гэта не падабаецца. І я думаю, што новы ўрад зверне больш пільную ўвагу на сітуацыю ў Беларусі.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках