У Ватыкане маліліся за ксяндза Лазара
8- 23.09.2013, 10:55
- 9,944
20 верасня ў Ватыкане, у базыліцы Святога Пятра, прайшла малітва за арыштаванага ў Беларусі ксяндза Уладзіслава Лазара.
У малітве, якую праводзіў айцец Юрый Барок, прыняло ўдзел каля пяцідзесяці вернікаў з Беларусі. Вернікі прасілі Бога аб шчаслівым вырашэнні гэтай праблемы і аб Божым бласлаўленні для Беларусі.
Малітва за арыштаванага святара стала адказам на заклік Мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча маліцца за айца Уладзіслава, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на ініцыятыву «Хрысціянскі рух».
Ксёндз Уладзіслаў Лазар ужо больш за тры месяцы знаходзіцца ў турме КДБ. Яму прад'яўленае абвінавачванне ў перадачы грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, якога падазраюць у шпіянажы на карысць іншай дзяржавы. Святару пагражае да 15 гадоў зняволення.