29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аргументы и факты»: Лукашэнкі не стане ў 2015 годзе

218
«Аргументы и факты»: Лукашэнкі не стане ў 2015 годзе

Беларускі кіраўнік паставіў краіну на мяжу эканамічнага абвалу, піша расейскае выданне.

Арышт беларускімі ўладамі гендырэктара расейскай кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера ізноў паставіў Беларусь на мяжу эканамічнага абвалу (ужо трэцяга за апошнія 4 гады - услед за абваламі 2009 і 2011 гадоў), а прэзідэнцкі рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі - пад пагрозу падзення да новага гістарычнага мінімуму, пасля якога ён ужо не зможа быць выбраным прэзідэнтам у 2015 годзе, піша ў газеце «Аргументы и факты» Міхаіл Тульскі, прэзідэнт расейскага даследчага цэнтра «Палітычная аналітыка».

Прыхільнікі Лукашэнкі часта кажуць пра нібыта «эканамічны цуд» і «інавацыйны цуд», якія прадэманстравала «мадэль Лукашэнкі». На справе ж цуды дэманструе зусім не эканоміка Лукашэнкі, а яго фальшывая статыстыка і агрэсіўная прапаганда.

Зрэшты, «паказчыкі» гэтыя разбіваюцца ў пух і прах пры першым жа супастаўленні з лічбамі вытворчасці ў натуральных велічынях, якія нязменныя пры любых коштах. Так, лукашэнкаўская статыстыка кажа, што нібыта ВУП у 2012 годзе дасягнуў 193% да ўзроўню 1990 года, але галоўны паказчык любой эканомікі - вытворчасць электраэнергіі - зваліўся з 39,5 млрд кВт/г у 1990 годзе да 30,8 млрд кВт/г у 2012 годзе, гэта значыць складае толькі 78% ад узроўню 1990 года.

Прамысловую вытворчасць лукашэнкаўская статыстыка-эквілібрыстыка малюе ў 2012 годзе на ўзроўні нібыта 258% да 1990 года. У натуральным жа выражэнні нічога падобнага і блізка няма: галоўны артыкул беларускага экспарту - перапрацоўка нафты - звалілася з 39,442 млн т у 1990 годзе да 21,667 млн т у 2012 годзе, гэта значыць складае толькі 55% ад узроўню 1990 года.

Беларускага экспартнага тавару №2 - мінеральных угнаенняў (амаль выключна калійных) - у 1988 годзе выпушчана 6,7 млн т, а ў 2013 годзе чакаецца вытворчасць у лепшым выпадку 5,3 млн т, гэта значыць на ўзроўні 79% ад пікавых савецкіх паказчыкаў.

Такая ж сітуацыя і ў будаўніча-інвестыцыйнай сферы: лукашэнкаўская статыстыка кажа пра нібыта 224% да ўзроўню 1990 года, натуральныя ж паказчыкі дэманструюць зусім іншую сітуацыю: у 1989 годзе пабудавана 5,650 млн м2 жылля , а ў 2012 годзе - 4,487 млн м2 або 79% да ўзроўню 1989 года.

І калі ў 2009 годзе Аляксандру Рыгоравічу ўдалося такім шляхам не дапусціць падзення свайго электаральнага рэйтынгу, то на мяжы 2010-2011 гадоў атрымалася роўна адваротнае: Лукашэнка справакаваў нечакана моцную рэакцыю ў адказ расейскіх уладаў, якія замянілі занадта льготныя 50%-я кошты на газ, нафту і нафтапрадукты менш льготнымі і больш набліжанымі да рынкавых (якія ў пачатку 2011 года да таго ж яшчэ і выраслі).

У выніку таварны дэфіцыт знешнегандлёвага балансу Беларусі вырас у 1 квартале 2011 года з 1,2 да 3 млрд даляраў (з якіх 90% прыйшлося на РФ), у Беларусі паўстаў сур'ёзны дэфіцыт валюты, які яшчэ больш вырас пасля крытычных рэпартажаў расейскага ТБ. Следствам стаў абвал курсу беларускага рубля да даляра ў 3 разы, амаль таксама выраслі і кошты і, адпаведна, збяднела беларускае насельніцтва.

У выніку, у верасні 2011 года рэйтынг Лукашэнкі ўпаў, па дадзеных НІСЭПД, да 20,5%, стаўшы самым нізкім за ўсю 17-гадовую гісторыю вымярэння рэйтынгу Лукашэнкі. Пасля гэтага, вядома, Лукашэнка запанікаваў і пагадзіўся прадаць «Белтрансгаз» «злым расейскім алігархам» нават танней таго кошту, які ён да абвалу называў «моцна заніжаным» і «рабаўніцкім».

Пасля таго, як Расея атрымала «Белтрансгаз», яна ў пачатку 2012 года знізіла для Беларусі кошт на нафту на 10%, а на газ - на 28%, рэальная ж зніжка была яшчэ вышэй, так як сусветныя кошты нафты і газ зноў выраслі на 10-20%.

Увогуле, Расея зноў стала прадаваць Беларусі нафту прыкладна на 45%, а газ - на 50% танней сусветных коштаў. Пры гэтым на мяжы 2012-2013 гадоў Расея зноў панізіла кошты на нафту і газ для Беларусі на 3-5%. У выніку гандлёвы баланс з дэфіцытнага стаў прафіцытным, сітуацыя ў эканоміцы стала наладжвацца, зарплаты і пенсіі сталі набліжацца да таго ўзроўню, які быў да абвалу.

Цяпер жа эканоміка ў Лукашэнкі зноў «забарахліла»: калі ў 1 паўгоддзі 2012 года ў Беларусі быў таварны прафіцыт знешняга гандлю (экспарт перавышаў імпарт) ў 1,9 млрд даляраў , то ў 1 паўгоддзі 2013 года ён змяніўся таварным дэфіцытам у 1,7 млрд, прычым усё больш нарастаючым: у 1 квартале імпарт перавышаў экспарт на 0,6 млрд, а ў 2 квартале - ужо на 1,1 млрд. экспарт беларускіх тавараў зваліўся з 25,3 млрд у 1 паўгоддзі мінулага года да 19,2 млрд у 1 паўгоддзі гэтага або на 24%. У гэтай сітуацыі нават хітрая лукашэнкаўская статыстыка вымушаная паказваць спад у прамысловасці ў 6-10% у траўні-ліпені і ВУП на 0,5% у 2 квартале ( да тых жа перыядаў мінулага года) - рэальны спад, вядома, яшчэ больш.

У гэты раз, падобна, паўторыцца варыянт 2011 года, калі «бяскрыўдная» гульня «ў вайну» прывяла да сур'ёзных эканамічных санкцый з боку Расеі, вынікам якіх стаў абвал у 3 разы як беларускага рубля, так і рэйтынгу Лукашэнкі.

Спачатку млявы канфлікт Лукашэнкі з «Уралкаліем» ужо прывёў да прыкметнага падзення коштаў на калійныя ўгнаенні, якія з'яўляюцца другім пасля нафтапрадуктаў артыкулам беларускага экспарту (7%) і даходаў беларускага бюджэту (10%): калі ў мінулым годзе беларускія вытворцы прадавалі яго ў далёкае замежжа па 742 даляраў за тону, то ў гэтым годзе - па 638, прычым для кітайцаў зробленая яшчэ вялікая зніжка - да 593 даляраў.

Пасля канфлікту ж Лукашэнкі з «Уралкаліем» аналітыкі загаварылі пра зніжэнне кошту да 270-300 даляраў! Расспажыўнагляд загаварыў пра забарону экспарту беларускай малочнай прадукцыі (6% беларускага экспарту, з яго 75-80% ідзе ў Расею), Рассельгаснагляд - пра забарону беларускага мяса (3% беларускага экспарту, з яго 96-97% ідзе ў Расею). Нарэшце, «Транснафта» заявіла пра скарачэнне паставак нафты ў Беларусь на 25%, а бо экспарт нафтапрадуктаў і нафты гэта ўжо 34% беларускага экспарту! І гэта, падобна, толькі пачатак: заявы з патрабаваннем адмяніць арышт кіраўніка «Уралкалію» ўжо зрабілі і расейскі МЗС, і Мінэканамразвіцця, Адміністрацыя прэзідэнта РФ.

Можна толькі здагадвацца які велізарны ўрон панясе беларуская эканоміка, калі Крэмль уключыць усе магчымыя «меры вымовы» дзеянняў Лукашэнкі ў дачыненні да «Уралкалію». Напрыклад, пакуль Мінфін РФ не адмаўляецца ад прадастаўлення Беларусі чарговага крэдыту ў 440 млн. даляраў, а можа ж і адмовіцца: бо знешняя пазыка Беларусі ўжо дасягнула 16 млрд. даляраў і наўрадці краіна ў стане іх аддаць...

Пасля ўсіх «мер уздзеяння» з боку Расеі яшчэ больш павялічыцца дэфіцыт гандлёвага балансу Беларусі, які расце і без таго. А за ім непазбежна рушыць услед і новы абвал беларускага рубля і, як следства, новае збядненне насельніцтва Беларусі, якое прывядзе да падзення рэйтынгу Лукашэнкі да новага гістарычнага мінімуму ў 10-15%, пасля якога яму будзе ўжо не падняцца вышэй за 25% да выбараў прэзідэнта 2015 года, а гэта будзе азначаць непазбежнае паражэнне.

Напісаць каментар 218

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках