14 лiстапада 2019, Чацвер, 3:04
Добрая навіна
Рубрыкі

Салігорск па шчыльнасці насельніцтва абышоў Нью-Йорк

18
Салігорск па шчыльнасці насельніцтва абышоў Нью-Йорк

А Менск па шчыльнасці насельніцтва - як Рыа-дэ-Жанейра, Гуанчжоў і Сафія.

«Комсомольская правда в Беларуси» параўнала шчыльнасць насельніцтва шэрагу гарадоў па дадзеных мінулага года, апублікаваных на сайце demographia.com, дзе была прааналізаваная сітуацыя па ўсім свеце.

Па даследаваннях, у Менску на адным квадратным кіламетры пражывае 5700 чалавек. Па паказчыку шчыльнасці мы займаем 455 месца ў свеце (з 875). Прычым такая ж шчыльнасць насельніцтва ў Рыа-дэ-Жанейра, Гуанчжоў і Сафіі.

Такія густанаселеныя гарады як Нью-Йорк і Чыкага не апынуліся ў ліку лідараў. Статыстыка паставіла першы амерыканскі мегаполіс на 783-е месца (1800 чалавек на квадратны кіламетр), а другі - на 801-е месца (за 1300 чалавек на квадратны кіламетр). Аказваецца, пры падліках улічваюцца ўсе прыгарады Чыкага і Нью-Йорка. Калі зрабіць падлік без іх, то Чыкага апынецца на 570-м месцы (4479 чалавек на квадратны кіламетр), а Нью-Йорк - на 224-м месцы (10 194 чалавекі на квадратны кіламетр). А самым перанаселеным горадам свету апынуўся Дака - сталіца Бангладэш. Тут на адным квадратным кіламетры пражывае 44 500 чалавек.

Што дзіўна, адзін беларускі горад абышоў па шчыльнасці насельніцтва нават Нью-Йорка! Гэта шахцёрскі Салігорск. Там на плошчы ў крыху менш за 10 квадратных кіламетраў пражывае больш за 100 тысяч жыхароў. Горад у сусветную статыстыку наогул не трапіў. Мабыць, даследчыкі не ўспрынялі сур'ёзна правінцыйны гарадок.

Дзе жыць цясней

(колькасць чалавек на квадратны кіламетр)

Талін - 2200 чалавек;

Вільня - 2500 чалавек;

Берлін - 2 900 чалавек;

Рыга - 2 900 чалавек;

Брусэль - 2600 чалавек;

Варшава - 3200 чалавек;

Парыж - 3800 чалавек;

Прага - 4400 чалавек;

Чыкага (без прыгарадаў) - 4479 чалавек;

Менск - 5700 чалавек;

Нью-Йорк (без прыгарадаў) - 10 194 чалавекі;

Салігорск - 11 173 чалавекі.