28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«24 гадзіны ў дзень Віктар Івашкевіч думаў пра Беларусь»

7
«24 гадзіны ў дзень Віктар Івашкевіч думаў пра Беларусь»

Прайшоў год з дня смерці вядомага беларуса.

3 кастрычніка 2013 года ў лякарні ад цяжкай хваробы памёр адзін з лідараў беларускага Адраджэння Віктар Івашкевіч.

Аб палітыку і журналісце у размове з charter97.org успамінаюць каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Зміцер Бандарэнка і адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, мастак Алесь Марачкін.

Алесь Марачкін:

- Усе барацьбіты за вольную Беларусь страцілі абсалютнага сябра, прынцыповага ва ўсіх пытаннях, у лепшым сэнсе гэтага слова завадатара на акцыях. Як кажуць - дрэва зламалася і чалавека няма. Таму - самотна...

Безумоўна, нам вельмі не хапае Віктара, не хапае яго ініцыятыў, яго душы. Але прынамсі мы сёння ўспамінаем яго і адчуваем, што «падлескі ўжо выраслі». У Алеся Разанава ёсць добрыя словы з верша: «тады выстойваюць падлескі, калі выстойваюць лясы». Дык вось Івашкевіч, Бураўкін, Барадулін - гэта лес. Лес, які выстаяў. Але ўжо падраслі «падлескі» маштабна і іх шмат. Я думаю, што тыя ідэі, якія нёс на сваім сцягу Віктар, у хуткім часе рэалізуюцца. Ёсць у мяне такая надзея.

Зміцер Бандарэнка:

- Для Беларусі сыход Віктара Івашкевіча - велізарная страта. Ён быў маім сябрам і паплечнікам, ён быў тытанам беларускага Адраджэння і беларускага Супраціву. 24 гадзіны ў суткі Віктар думаў пра Беларусь.

Віктар быў адным з нямногіх людзей у Беларусі, хто мог арганізоўваць масавыя акцыі пратэсту, бо быў адважным і добрым арганізатарам. Ён заўсёды ўмеў дамаўляцца з людзьмі і размаўляць з гарадскімі ўладамі (гэта вельмі важны аспект, кажучы пра бяспеку падчас масавых акцый).

Віктар таксама быў выдатным апавядальнікам. Вельмі шкада, што ён не паспеў пакінуць свае ўспаміны, хоць, безумоўна, і ў памяці людзей, і ў СМІ сёе-тое засталося.

Для мяне адным з самых яркіх яго апавяданняў былі ўспаміны пра час путчу 1991 года і тых першых днях, якія фактычна заклалі незалежнасць Беларусі. Прычым, у адрозненне ад многіх іншых людзей, якія былі ўдзельнікамі тых і іншых важных для гісторыі Беларусі падзей, Віктар вельмі не любіў, калі людзі часта згадвалі слова «я». Ён нават казаў: ну так, гэты чалавек нешта зрабіў, але слова «я» сказаў 47 разоў!

У яго ўспамінах быў асабісты погляд, асабістае стаўленне, але слова «я» не было. І ў гэтым была дзіўная сіла і натуральнасць гэтага чалавека.

Даведка

Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Менску.

Ён быў актыўным удзельнікам моладзевых нефармальных аб'яднанняў нацыянальна-дэмакратычнага кірунку - «Майстроўня» і «Талака» яшчэ падчас існавання СССР.Віктар Івашкевіч з'яўляўся адным з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцый і мерапрыемстваў, у тым ліку, маршу пратэсту па Заходняй Дзвіне-Даўгаве супраць будаўніцтва Даўгаўпілскага ГЭС, экалагічнага маршу па Прыпяці - адной з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту, страйку кіроўцаў гарадскіх аўтобусаў у Менску; ініцыятар стварэння стачкамаў на менскіх прадпрыемствах.

З моманту ўтварэння камітэта ў стварэнні Беларускага Народнага Фронту ў 1988 годзе быў яго актывістам. Віктар Івашкевіч заставаўся сакратаром Управы БНФ да 1996 года. Палітык выступаў у якасці арганізатара найбуйнейшых масавых акцый пратэсту.

З 1997 года Віктар Івашкевіч быў галоўным рэдактарам газеты «Рабочы», з 1999 года - віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. У 2002 годзе палітык быў прысуджаны да двух гадоў «хіміі» за артыкул «Злодзей павінен сядзець у турме», якая прысвячалася Лукашэнку.

Браў актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, з'яўляючыся чальцом каманды Андрэя Саннікава.

Віктар Івашкевіч неаднаразова падвяргаўся адміністрацыйным пакаранням, двойчы трымаў галадоўку.

Палітык памёр 3 кастрычніка мінулага года ў адной з лякарняў Менска.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках