16 красавiка 2024, aўторак, 19:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Грышчук стаў галоўным трэнерам «Цмокi-Мiнск»

Ігар Грышчук стаў галоўным трэнерам «Цмокi-Мiнск»

Ігар Грышчук змяніў Андрэя Крываноса на пасадзе галоўнага трэнера баскетбалістаў "Цмокі-Мінск".

Пасля правальнага старту сезону кіраўніцтва баскетбольнага клуба "Цмокі-Мінск" вырашыла змяніць галоўнага трэнера. Месца Андрэя Крываноса на трэнерскім мастку заняў вядомы ў мінулым беларускі баскетбаліст Ігар Грышчук, з якім заключаны паўтарагадовы кантракт, паведамляе карэспандэнт БелТА.

Аднак Андрэй Крыванос і ягоны асістэнт Расціслаў Вергуноў застаюцца працаваць у камандзе ў якасці памочнікаў новага настаўніка, а вось супрацоўніцтва з літоўскім трэнерам-кансультантам Рымантасам Грыгасам вырашана спыніць. Гэта ў першую чаргу звязана з нездавальняючай гульнёй каманды ў абароне, якая ў сярэднім за адзін матч прапускала 79,2 ачкі, адзначыў генеральны дырэктар менскага клуба Юрый Шакола. У гэтым сезоне "цмокі" пацярпелі 8 паражэнняў у 8 праведзеных матчах: 6 у Адзінай лізе ВТБ і 2 на групавым этапе Еўрачэленджа.

На думку гендырэктара, прыход да штурвала такога вопытнага і прафесійнага спецыяліста, як Ігар Грышчук, паспрыяе выхаду "цмокаў" з крызісу.

Новы рулявы сталічнай дружыны нарадзіўся 9 чэрвеня 1964 у Менску. Будучы гульцом, выступаў на пазіцыі нападнага абаронцы за каманды РТІ (Менск, 1982-84, 1986-91), "Дынама" (Масква, 1984-86), "Анвіль" (былы "Нобілес") (Влоцлавек, Польшча, 1991- 2002). Пяціразовы сярэбраны (1993, 1994, 1999, 2000, 2001) і бронзавы прызёр чэмпіянату Польшчы (1995), двухразовы ўладальнік Кубка Польшчы (1995, 1996). Удзельнік "Матчу зорак" першынства Польшчы (1994, 1995, 1996, 1999), пераможца конкурсу трохачковых кідкоў (1994). Лепшы снайпер польскай лігі (1993), лідар па выніковым перадачам (1999). Паўфіналіст Кубка Сапорты (2002). Лепшы снайпер Кубка Еўропы (1996).

У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі правёў 9 матчаў (сярэдняя выніковасць - 19,8 ачкі), і ва ўсіх быў капітанам каманды. З 2002 года - на трэнерскай працы. Узначальваў польскія клубы "Слупск" і "Анвіль". Чэмпіён Польшчы (2003). У 2010 годзе працаваў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Польшчы, якую вывеў у фінальную частку чэмпіянату Еўропы-2011.

Сёння Ігар Грышчук быў афіцыйна прадстаўлены камандзе і правёў першую трэніроўку з "Цмокаў". Ягоны дэбют у якасці галоўнага трэнера чэмпіёнаў Беларусі адбудзецца 16 лістапада ў Краснаярску ў матчы менчукоў з мясцовым "Енісеем". Чакаецца, што ў гэтай гульні ўпершыню выйдзе на пляцоўку навабранец "цмокаў" 29-гадовы амерыканскі разыгральнік Алекс Гордан, з якім на мінулым тыдні быў заключаны кантракт.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках