18 красавiка 2024, Чацвер, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Алексіевіч: Нельга ўвесь час дзяліць людзей на сваіх і чужых

18
Святлана Алексіевіч: Нельга ўвесь час дзяліць людзей на сваіх і чужых

Увечары 14 лістапада ў амбасадзе Украіны ў Менску прайшла сустрэча з беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч.

У час мерапрыемства, мадэратарам якой выступіла мастацтвазнаўца Юлія Чарняўская, кожны жадаючы мог пацікавіцца меркаваннем пісьменніцы з нагоды таго ці іншага пытання, піша «Наша Ніва».

Асноўнае пытанне вечара - феномен «чырвонага чалавека».

«Увесь свет доўга цікавіўся, што атрымаецца ў будаўнікоў сацыялізму. Атрымалася, як казаў Валошын, мора крыві і табліца множання трупаў. Аднак, цікавасць да гэтай краіны і да гэтых людзей трымалася доўга, захоўваецца яна і цяпер», - сказала пісьменніца, адказваючы на пытанне аб папулярнасці яе твораў.

Дзве наступныя кнігі будуць прысвечаныя даволі нетыповым для яе творчасці тэмам: у адной гаворка пойдзе пра каханне, а ў другой - аб старасці і смерці.

«Я хачу ісці далей, углыб. Для мяне сёння Космас - гэта сам чалавек. А чалавек - гэта нешта большае, чым гісторыя. Але гэта не значыць, што я адмоўлюся ад вечнага пытання, якое не дае мне спакою, - чаму нашыя пакуты не канвертуюцца ў свабоду? Я цяпер буду шукаць адказ на гэтае пытанне.

У чалавеку вельмі шмат ад жывёлы, і тонкі пласт культуры, які злётае імгненна. Таму страціць унутры сябе чалавека вельмі лёгка - можна стаць ахвярай нацыяналізму, спажывальніцтва, прыгожай ідэі...», - паведаміла пісьменніца.

Прысутных таксама цікавіла, што, на думку пісьменніцы, сёння ўяўляе сабой Расея.

«Усё вельмі няпроста. Нельга сказаць, што Расея - гэта такая суцэльная «Імперыя зла».

Калі я праехала па Расеі, я была вельмі здзіўленая тым, наколькі людзі ўзлаваныя. Але нельга сказаць, што рускія - гэта нейкія звяры. Там шмат добрых людзей, - сказала Алексіевіч. - Аднак яны зараз маўчаць, а верх узяла нейкая пена, як гэта бывае ў такія часы. І шмат у каго каша ў галаве. І многія сапраўды жывуць марамі аб імперыі. Але тая Расея, якую я ведаю і люблю, яна не такая страшная, яна іншая».

Пісьменніца падкрэсліла: нельга ўвесь час дзяліць людзей на сваіх і чужых, і гэта тычыцца не толькі Расеі. Гэта закрывае чалавека ад свету. Любы нацыяналізм - гэта вельмі страшна. Любая закрытасць потым адгукнецца, прывядзе ў балота, - папярэдзіла Алексіевіч.

Што тычыцца спрэчак, якія выклікае кожная яе новая кніга, то Святлана Аляксандраўна пракаментавала іх наступным чынам: «Для сусветнай культуры жанр, у якім я працую, даўно звыклы. Мастацтва не паспявае за рэальнасцю, таму і шукаюцца новыя формы творчасці, прычым не толькі ў літаратуры. Але ў нас гэта яшчэ выклікае такія местачковыя спрэчкі».

Што тычыцца беларускіх рэалій, то, на думку пісьменніцы, мы, апынуўшыся па-за рускай мовы, варымся ва ўласным соку, з якога не можам вырвацца. «Я лічу, што тая нашая культура, якую заўсёды прыгняталі, і якая не мае зараз сілы здзейсніць нейкія моцныя прарывы, сама сябе абмяжоўвае. Ва ўласным гуртку людзі адчуваюць сябе камфортна. А калі адкрыцца свету, то, вядома, страшнавата. Мне здаецца, справа ў гэтым - страшна ў вялікім незнаёмым свеце».

На развітанне Алексіевіч пажадала ўсім мужнасці і ідэалізму.

«Бо гэта ж наша адзінае жыццё, пра што многім не варта было б забываць, - сказала яна. - Я і сама не аўтамат для перапрацоўкі кашмараў. Я пішу гэтыя жудасныя кнігі, каб разабрацца, куды мяне закінуў мой ДНК, дзе я і хто я, і як пражыць гэтыя 70 ці 80 гадоў, якія нам адпушчаныя, і атрымаць радасць ад гэтага».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках