20 красавiка 2024, Субота, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эколагі патрабуюць спыніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы

4
Эколагі патрабуюць спыніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы

Беларускія эколагі звярнуліся ў Дзяржатамнагляд і МНС і запыталі справаздачу аб выяўленых парушэннях пры будаўніцтве АЭС.

Падставай для звароту паслужыла апублікаваная прадстаўнікамі Дзяржатамнагляду інфармацыя аб тым, што падчас комплекснай праверкі будаўніцтва БелАЭС з 27 кастрычніка да 6 лістапада быў зафіксаваны шэраг парушэнняў. У прыватнасці, начальнік упраўлення нагляду за ядзернай і радыяцыйнай бяспекай ядзерных установак Дзяржатамнагляду Аляксандр Прыходзька паведаміў падчас онлайн-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА: «Спецыялістамі наглядных органаў выяўлены шэраг парушэнняў пры правядзенні гідраізаляцыйных работ, уваходнага кантролю абсталявання, будаўнічых, бетонных і арматурных работ , пры ўсталёўцы і мантажы грузападымальнага абсталявання». Пры гэтым наглядны орган мяркуе, што гэтыя парушэнні могуць быць ліквідаваныя падчас будаўніцтва і не патрабуюць прыпынку работ, паведамляе БелТА.

У сваю чаргу, эколагі ўпэўнены, што інфармацыя аб парушэннях павінна стаць публічнай, а будаўніцтва павінна быць спыненае. На думку адказнай сакратаркі грамадскай экалагічнай экспертызы праекта БелАЭС, сябра савета ГА «Экадом» Таццяны Новікавай, заяўленыя нагляднымі органамі парушэнні тычацца шырокага спектру істотных складнікаў збудавання АЭС і могуць паўплываць не толькі на далейшае будаўніцтва, але і на працу самой атамнай электрастанцыі.

«Асноўная прычына такога ўсёабдымнага характару парушэнняў крыецца ў тым, што будаўніцтва рэактарных будынкаў Беларускай АЭС з'яўлялася даслоўна самабудам і пачалося да распрацоўкі архітэктурнага праекта гэтай АЭС і ягонага належнага сцвярджэння, - каментуе яна. - Таму, каб пазбегнуць далейшых сур'ёзных праблем яно павінна быць спыненае, а вінаватыя выяўленыя і прыцягнуты да адказнасці».

На думку экспертаў экалагічных НДА, па апублікаванай інфармацыі, без аналізу справаздачы комплекснай праверкі, немагчыма ацаніць сур'ёзнасць парушэнняў і сказаць, ці вымагаюць якія-небудзь з іх неадкладнага спынення будаўніцтва.

Прадстаўнікі беларускіх экалагічных НДА мяркуюць, што справаздачы наглядных органаў праверкі будаўніцтва БелАЭС першапачаткова павінны быць публічнымі. Закрыццё падобнай інфармацыі дазваляе ігнараваць парушэнні, якія могуць мець катастрафічныя наступствы.

На думку экспертаў «Экадому», інфармацыя аб парушэннях «мае экалагічную кампаненту, паколькі экалагічныя аспекты ёсць як у самога будаўніцтва, так і ў яго перспектывы - функцыянавання атамнай электрастанцыі». «Мы спадзяемся, што па сустрэчы бакоў Орхускай канвенцыі што да Беларускай АЭС органы дадуць нам такую інфармацыю», - падкрэсліла Новікава.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках