20 красавiка 2024, Субота, 13:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эколагі просяць даць справаздачу аб парушэннях пры будаўніцтве АЭС

3
Эколагі просяць даць справаздачу аб парушэннях пры будаўніцтве АЭС

«Экадом» звярнуўся ў Дзяржатамнагляд і МНС з просьбай аб прадстаўленні справаздачы аб выяўленых парушэннях пры будаўніцтве Беларускай АЭС.

Пра гэта беларускія эколагі паведамілі charter97.org.

Як паведамілі прадстаўнікі Дзяржатамнагляду, падчас комплекснай праверкі будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі з 27 кастрычніка да 6 лістапада быў зафіксаваны шэраг парушэнняў. Начальнік упраўлення нагляду за ядзернай і радыяцыйнай бяспекай ядзерных установак Дзяржатамнагляду Аляксандр Прыходзька паведаміў на прэс-канферэнцыі БелТА: «Спецыялістамі наглядных органаў выяўлены шэраг парушэнняў пры правядзенні гідраізаляцыйных работ, уваходнага кантролю абсталявання, будаўнічых, бетонных і арматурных работ, пры ўсталяванні і мантажы грузападымальнага абсталявання». Ён, аднак, адзначыў, што гэтыя парушэнні могуць быць ліквідаваныя падчас будаўніцтва і не патрабуюць прыпынку работ.

Грамадскія арганізацыі мяркуюць, што інфармацыя аб парушэннях павінна стаць публічнай, а будаўніцтва павінна быць спынена. На думку адказнага сакратара грамадскай экалагічнай экспэртызы праекта Беларускай АЭС, чальца савета «ГА Экадом» Таццяны Новікавай, заяўленыя нагляднымі органамі парушэнні тычацца шырокага спектру істотных складнікаў збудавання АЭС і могуць паўплываць не толькі на яго далейшы ход, але і на працу самой атамнай электрастанцыі.

«Асноўная прычына такога ўсёабдымнага характару парушэнняў крыецца ў тым, што будаўніцтва рэактарных будынкаў Беларускай АЭС з'яўлялася літаральна самабудам і пачалося да распрацоўкі архітэктурнага праекта гэтай АЭС і яго належнага зацвярджэння, - каментуе яна. - Таму, каб пазбегнуць далейшых сур'ёзных праблем яно павінна быць спынена, а вінаватыя выяўлены і прыцягнуты да адказнасці».

На думку экспэртаў экалагічных НДА, паводле апублікаванай інфармацыі, без аналізу справаздачы комплекснай праверкі, немагчыма ацаніць сур'ёзнасць парушэнняў і сказаць, ці вымагаюць якія-небудзь з іх неадкладнага прыпынку будаўніцтва. Аднак яны адзначаюць, што калі была выяўленая неадпаведнасць абсталявання пры ўваходным кантролі на АЭС Алкілуота-3, гэтага было дастаткова для таго, каб вярнуць абсталяванне французскаму вытворцу, праз што тэрмін будаўніцтва гэтай атамнай электрастанцыі павялічыўся прыкладна ўдвая.

Прадстаўнікі беларускіх экалагічных НДА мяркуюць, што справаздачы наглядных органаў у праверках будаўніцтва Беларускай АЭС першапачаткова павінны быць публічнымі. Закрыццё падобнай інфармацыі дазваляе ігнараваць парушэнні, якія могуць мець катастрафічныя наступствы. Як каментуе Ёхан Свон, (Johan Swahn), дырэктар Шведскага няўрадавага Офіса ў ядзерных адкідах Miljöorganisationernas kärnavfallsgranskning (MKG), у Швецыі справаздачы аб падобных праверках публікуюцца на сайце рэгулятара і накіроўваюцца паводле запытаў экалагічным арганізацыям.

На думку экспэртаў ГА «Экадом», інфармацыя аб парушэннях мае экалагічную кампаненту, паколькі экалагічныя аспекты ёсць як у самога будаўніцтва, так і ў яго перспектывы - функцыянавання атамнай электрастанцыі.

«Мы спадзяемся, што ў святле пастановы Сустрэчы бакоў Орхускай канвенцыі што да беларускай АЭС, органы дадуць нам такую інфармацыю», - кажа Новікава.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках