20 красавiка 2024, Субота, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Групу Dzieciuki ў поўным складзе затрымаў АМАП

33
Групу Dzieciuki ў поўным складзе затрымаў АМАП

Музыкаў гарадзенскай групы Dzieciuki затрымалі ў Заслаўі, дзе яны здымалі кліп.

«Нас цяпер вязуць у РУУС Заслаўя. Затрымалі ўсіх музыкаў і тых, хто дапамагаў нам у працы над кліпам, у тым ліку гісторыка Ігара Мельнікава. Усіх пасадзілі ў аўтазак, у кожны момант могуць забраць тэлефон», - паведаміў Tuzin.fm вакаліст Dzieciuki Алесь Дзянісаў.

Усяго затрымана 15 удзельнікаў здымак. Міліцыянты палічылі здымкі кліпа несанкцыянаваным шэсцем. Затрымалі на той падставе, што ніякіх дазвольных папер музыкі не мелі.

Музыкі здымалі кліп на песню «Хлопцы-балахоўцы» са свайго альбома «Гарадзенскі гармідар».

«Яны здымалі кліп дзесьці з абеду, на ўскраіне Заслаўя. Песня патрабавала адпаведнага антуражу, таму музыкі былі апранутыя ў касцюмы часоў грамадзянскай вайны, у камуністаў, белагвардзейцаў... Некаторыя на конях, спецыяльна арандаваных. Так што акрамя музыкаў там былі гаспадары гэтых коней, а таксама рэканструктары, гісторыкі, аўтар песень каманды Дзяніс Жыгавец.... Калі я ўжо паехаў у Менск, Алесь Дзянісаў патэлефанаваў, сказаў, што іх затрымліваюць. Затрымліваць сталі перш за ўсё тых, у каго не было пры сабе дакументаў, а хлопцы іх пакінулі ў сваім бусіку, які стаяў у цэнтры Заслаўя...», - распавёў Tuzin.fm сведка падзей Глеб Рубанаў, які з'ехаў трохі раней, чым адбылося затрыманне.

Пасля 21.00 усіх затрыманых музыкаў і іншых удзельнікаў здымак (усяго 17 чалавек) вызвалілі. Невядомы толькі лёс рэжысёра і аператара роліка Антона Цялежнікава. Яго на допыт выклікалі першым, але ў адрозненне ад астатніх, ён у залу, дзе сядзелі астатнія затрыманыя, не вярнуўся.

Дадаткова міліцыянты правялі пільны дагляд аўтамабіляў удзельнікаў здымак.

«Нам не далі ніякіх афіцыйных тлумачэнняў з нагоды затрымання. Адзінае, што сказалі неафіцыйна, што мы здымалі відэа без дазволу. Нас непакоіць лёс Антона, мы будзем яго чакаць. У яго як раз застаўся ўвесь матэрыял для кліпа», - сказаў Алесь Дзянісаў .

Алесь таксама распавёў акалічнасці затрымання. А 17.30 музыкі і здымачная група ўжо скончылі працу. Увесь матэрыял быў зроблены. Некаторыя пераапраналіся, павінна была быць вячэра. Спачатку да іх падышлі два амапаўцы, пасля пад'ехала яшчэ некалькі аўто, у тым ліку аўтазак. Усіх 18 чалавек, якія мелі дачыненне да здымак, забралі ў мясцовае аддзяленне міліцыі «для высвятлення абставінаў».

Каля 22.00 адпусцілі рэжысёра роліка Антона Цялежнікава. Увесь зняты матэрыял для кліпа міліцыянты забралі на 10 дзён - «для высвятлення зместу».

Цялежнікаў адразу пасля выхаду з аддзялення міліцыі распавёў: «Мяне адразу вылучылі як адказную асобу, бо я адразу сказаў, што з'яўляюся ініцыятарам і арганізатарам здымак. Таму на мяне звярнулі асаблівую ўвагу. Я сядзеў асобна ад астатніх, фактычна ў калідоры. Сцераглі мяне, каб не ўцёк, заўсёды побач знаходзіўся міліцыянт або амапавец. Мне сказалі, што асноўная прэтэнзія да нас - адсутнасць дазволу на здымкі. Шчыра скажу, я не ўяўляў, што такі дазвол патрэбны, бо здымкі праходзілі прыватным чынам і мы нікому не заміналі. Вельмі спадзяюся, што матэрыял нам вернуць, бо нічога супрацьзаконнага мы не здымалі. Быў зроблены вялікі кавалак працы, шкада будзе яго страціць».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках