19 красавiка 2024, Пятніца, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы масава едуць у Расею за танным бензінам

38

Уладам такая прадпрымальнасць насельніцтва не падабаецца.

Пасля рэзкай дэвальвацыі расейскага рубля шматлікія жыхары Гомельшчыны кінуліся ў суседнюю Расею за танным бензінам і дызельным палівам. На 20 літрах саляркі эканомія складае 90 тысяч беларускіх рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».

Каля расейскага аўтамабільнага пераходу «Чырвоны Камень» на шашы Гомель-Бранск размешчаны тры заправачныя станцыі. На кожнай з іх - па паўдзесятка, а то і больш прыватных аўтамашын з беларускімі нумарамі. Адны запраўляюцца і з'язджаюць, іншыя - займаюць іх месцы. Адкрываюць бакі і багажнікі, дзе напагатове стаяць каністры і самаробныя металічныя ёмістасці з акуратна прываранымі гарлавінамі з разьбой пад закрутку.

Асабліва шмат легкавікоў з Гомеля.

«Вядома, выгадна. Танней! Атрымліваецца за каністру - 140 тысяч беларускіх. Дваццаць літраў - гэта на нашы грошы 140 тысяч. Дзевяноста тысяч на каністры выйграю. Гэта для сябе - не на продаж», - кажа адзін з жыхароў абласнога цэнтра.

З ягоных слоў, за саляркай ён заехаў па дарозе, таму што быў да гэтага ў Новазыбкова - набываў прадукты і прамысловыя тавары. Купляць іх таксама выгадна, паколькі расейскі рубель у дачыненні да даляра моцна патаннеў. «У магазіны з'ездзілі і па дарозе заехалі саляркі ўзяць таннай», - сказаў ён.

Яшчэ адзін гамяльчук распавёў, што прыехаў на расейскую запраўку ўпершыню. Купляе бензін. Высноў пакуль не рабіў, але і без іх відаць, што ёсць сэнс набываць паліва ў Расеі. «Я прыехаў у першы раз і пакуль не лічыў. Але больш выгадна - праз кошт і адрозненні курсу расейскага рубля», - кажа ён.

Колькі браць паліва, каб не мець праблем з беларускімі мытнікамі і міліцыяй, гамяльчанін не ведае. «Накшталт сто літраў дазваляецца», - сказаў ён.

Боязнь пакупніка расейскага паліва мае падставу. На трасе Гомель - Бранск, каля вёскі Селішча, нядаўна з'явіўся мабільны мытны пост, які правярае транспарт. Акрамя таго, на днях Гомельскае абласное ўпраўленне міліцыі паведаміла аб канфіскацыі паліва ў аўтааматараў у памежным Веткаўскім раёне - яны таксама куплялі яго ў Расеі. Праўда, гаворка ішла аб так званых «лішках».

У Гомельскай мытні сцвярджаюць, што перамяшчэннем паліва з Расеі прыватнікамі яны, па сутнасці, не займаюцца - правяраюць толькі вялікагрузны транспарт.

«Пытанне кантролю паліва, скажам так, у меншай ступені ў нашай кампетэнцыі. Ёсць абмежаванні на перасоўванне паліва, спіртных напояў. Гэта не тое, што перасоўванне з Расейскай Федэрацыі. А тут проста перасоўванне таго ж паліва па тэрыторыі краіны ў мэтах бяспекі. Вядома ж, уяўляе пагрозу, калі вы перавозіце ў неабсталяваных транспартным сродку больш за сто літраў гаручай вадкасці», - сказалі ў мытні.

Абмежаванне на перавоз паліва прадугледжанае беларускім Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях. Калі яго больш за сто літраў, акрамя завадскога паліўнага бака, то можна атрымаць штраф да 15 мільёнаў рублёў з канфіскацыяй «лішкаў».

Тое, што і бензін, і салярку вазіць беларусам з Расеі стала выгадна - відаць нават па коштах на газпрамаўскай аўтазапраўцы блізу беларускага Добруша. Калі на мяжы літр бензіну АI-92 каштуе 32 расейскіх рублі, то ўжо праз паўсотні кіламетраў, на Добрушскай аўтазапраўцы - 46 расейскіх рублёў.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках