29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Барысаве бастуюць рабочыя дрэваапрацоўчага камбіната

37
У Барысаве бастуюць рабочыя дрэваапрацоўчага камбіната

Яны патрабуюць выплаты заработнай платы згодна з атрыманым разліковым лістом.

Пра гэта praca-by.info паведаміў старшыня Менскай абласной рэгіянальнай арганізацыі прафсаюза РЭП Мікалай Пахабаў.

- Мне патэлефанавала рабочая аднаго з цэхаў Барысаўскага дрэваапрацоўчага камбіната, сябра нашага прафсаюза. Яна распавяла, што людзям выдалі разліковыя лісты, у якіх указаная заработная плата каля чатырох мільёнаў, а на рукі яны атрымалі па 600 тысяч. Кіраўніцтва кажа, што нормы не выканалі, і ў Расеі - святы. Рабочыя абвясцілі забастоўку, - распавёў Мікалай Пахабаў.

Карэспандэнт выдання спрабаваў удакладніць інфармацыю ў кіраўніцтва, але ў прыёмнай дырэктара на тэлефонныя званкі не адказваюць.

Пазней стала вядома, што працоўныя цэхі перапрацоўкі піламатэрыялаў абвясцілі італійскую забастоўку ў сувязі з налічэннем за лістапад вельмі нізкай заработнай платы. 11 снежня яны прыйшлі на працу, але да працы не прыступілі.

Нагадаем, у 2012 годзе пры наведванні «Барысаўдрэва» беларускі дыктатар загадаў да заканчэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі ўсіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў забараніць звальненне работнікаў.

У выніку быў прыняты дэкрэт № 9 "Аб дадатковых мерах у развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці». Згодна з дэкрэтам, работнік не можа звольніцца з гэтага прадпрыемства без дазволу кіраўніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджаная старшыні абласнога выканаўчага камітэта. У сувязі з гэтым работнікі дадзеных прадпрыемстваў, акрамя прадугледжанай кантрактам зарплаты, павінныя атрымліваць штомесячныя грашовыя выплаты. Іх памер прадпрыемствы вызначаюць самастойна, зыходзячы са сваіх фінансавых магчымасцей. У выпадку парушэння работнікамі сваіх працоўных абавязкаў і звальнення за вінаватыя дзеянні сума атрыманай імі за перыяд работы штомесячнай грашовай выплаты падлягае вяртанню.

Як адзначаецца ў дэкрэце, пры незвароце дадзеных выплат былымі работнікамі спагнанне гэтых сродкаў будзе ажыццяўляцца праз рашэнне суда з іх працоўнага заробку на новым месцы працы. Асобы, якія не знаходзяцца ў працоўных адносінах, падлягаюць працаўладкаванню на ранейшае месца працы з наступным утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў з іх заработнай платы.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках