19 красавiка 2024, Пятніца, 19:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцы едуць тысячы кіламетраў, каб трапіць на рэвалюцыйны Майдан

9
Расейцы едуць тысячы кіламетраў, каб трапіць на рэвалюцыйны Майдан

Жыхары суседняй краіны дзівяцца строгай дысцыпліне сярод дэманстрантаў і гатоўнасці ўкраінцаў дапамагаць адзін аднаму

У акцыях пратэсту на Грушэўскага і на Майдане бяруць удзел не толькі ўкраінцы, але і жыхары многіх краін былога Савецкага Саюза - беларусы, армяне, грузіны, малдаване, расейцы, піша «Сегодня».

Журналістам удалося пагутарыць з жыхарамі Масквы і Ульянаўска, якія сталі актывістамі Майдана.

Святаслаў Аляксеевіч і некалькі яго землякоў у сярэдзіне студзеня больш за тыдзень жылі ў будынку КГГА. Ён прыехаў з Масквы. «Я заступаў разам з братамі-украінцамі ў «дазор» і цягаў на Грушэўскага мяшкі са снегам для будаўніцтва барыкад. Спаў на падлозе ў вашай кіеўскай мэрыі. Падносіў камяні з бруку, дапамагаў адцягваць параненых», - распавёў актывіст. Да нязвыклага для маскоўскага юрыста качавога жыцця 26-гадовы Святаслаў прызвычаіўся хутка. На Майдане яго здзівіла многае, прызнаецца ён, але асабліва - гатоўнасць украінцаў дапамагаць адзін аднаму.

«Людзі прыносяць пратэстоўцам ежу, вопратку, медыкаменты... А яшчэ кажуць, што ў вас ва ўсіх «хата з краю», - захапляецца Святаслаў.

На Майдан масквіч імкнецца прыязджаць так часта, як яму дазваляюць справы на радзіме. І, хоць пералёт у Кіеў - задавальненне не з танных (рэйс у адзін бок у сярэднім абыходзіцца ў 5000 рублёў (140 даляраў ЗША), грошай ён не шкадуе. «Тут я адчуваю сябе свабодным чалавекам. У Расеі, на жаль, Майдан будзе яшчэ не хутка. У нас іншая краіна», - са шкадаваннем кажа ён.

Яго зямляк Аляксей распавёў, што многія расейцы лічаць Майдан «збродам, які прафінансаваў дзярждэп ЗША, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў Расеі». Сам жа ён лічыць, што Расеі не перашкодзіў бы свой Майдан. «У нас пра такое можна толькі марыць. Улада не дапусціць пратэстаў, асабліва такіх, як у Кіеве. Але час пакажа. Галоўнае для нас - дамагчыся такога яднання народа, як у вас», - кажа Аляксей.

Нязвыклае для расейцаў і стаўленне актывістаў, прызнаюцца яны. «Я не адчуваю ніякага дыскамфорту з-за свайго акцэнту. Хаця мяне палохалі: не ездзі туды, там маскалёў ненавідзяць», - смяецца Святаслаў. Мітынгоўцы сапраўды пра расейцаў клапоцяцца і імкнуцца дапамагчы. «Мы іх салам частуем, вучым казаць слова «паляныця». У некаторых нават атрымліваецца. А наогул, добрыя яны хлопцы, хоць і маскалі», - кажа Васіль з Вінніцы.

Сяргей Слыханаў - блогер з Ульянаўска, кажа, купіў квіткі на цягнік, як толькі даведаўся пра разгон і збіццё студэнтаў у цэнтры Кіева. «Я проста не змог уседзець дома. Хацеў пабачыць усё на свае вочы», - кажа Сяргей. Ад Ульянаўска да Кіева - больш за паўтары тысячы кіламетраў, гэта каля 30 гадзін язды па чыгунцы! Але такая адлегласць не спалохала маладога хлопца, як і тое, што ён пакідаў дома радню і маладую жонку. У цягніку Сяргей пазнаёміўся яшчэ з двума расейцамі: яны ехалі ў Кіеў з Белгарада, каб падтрымаць Майдан. «Я браў удзел ва ўсіх пратэстных акцыях. А жыў я тыдзень, між іншым, у самім «логаве» ўкраінскіх нацыяналістаў - на пятым паверсе Дома прафсаюзаў», - смяецца Сяргей. Паводле яго слоў, «у нас у Расеі думаюць, што рускамоўнаму чалавеку наогул нельга з'яўляцца на Майдане - заб'юць. А тут, аказалася, нацыяналісты прынялі мяне як свайго, роднага».

Здзівіла яго і строгая «ваенная» дысцыпліна сярод актывістаў Майдана. «Я хадзіў у «патрулі» з самаабаронай - мы сачылі, каб не было правакацый з «Беркутам». Рэгулярна вёў свой блог, так сказаць з эпіцэнтра падзей у Кіеве. Зараз я вярнуўся ў родны Ульянаўск, каб супакоіць жонку, але як толькі з'явіцца час, зноў прыеду на Майдан», - абяцае Сяргей.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках