27 красавiка 2024, Субота, 6:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: У МЗС Ізраіля працуюць тыя, з кім Шчаранскі змагаўся ў СССР

13
Зміцер Бандарэнка: У МЗС Ізраіля працуюць тыя, з кім Шчаранскі змагаўся ў СССР

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» пракаментаваў заяву Язэпа Шагала.

Зміцер Бандарэнка мяркуе, што беспрынцыповасць пасла Ізраіля можа мець сумныя наступствы.

«Язэп Шагал адмовіўся папрасіць прабачэння перад беларускімі палітвязнямі на падставе таго, што ягоныя словы нібы сказілі журналісты. Я на свае вочы бачыў інтэрв'ю амбасадара тэлеканалу RTVI. Магу сказаць, што мяне, як былога беларускага палітвязня, словы Шагала абразілі і абурылі.

Паўтара года мне прышлося адседзець у беларускіх турмах. Неаднаразова падвяргаўся збіццю, катаванням і здзекам таксама, як і іншыя палітвязнямі. За падзеі 19 снежня 2010 года быў асуджаны паводле 342 артыкулу Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Мяне абвінавачвалі ў тым, што я ў складзе калоны ішоў па праезнай частцы праспекта Незалежнасці, а таксама ў тым, што дэманстрантамі падчас руху ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці была нанесеная «значная шкода» гарадской гаспадарцы Менска. Мая жонка заплаціла за гэтую «шкоду» - яна склала 45 даляраў ЗША ў эквіваленце.

Ніякіх абвінавачванняў, звязаных з падзеямі ля Дому ўраду, мне не было прад'яўлена, бо мая абарона будавалася на тым, што брутальная зачыстка, а дакладней, масавае збіццё мірных дэманстрантаў на плошчы Незалежнасці пачалося пасля таго, як кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Андрэя Саннікава супрацоўнікі міліцыі запрасілі на перамовы.

У мяне ёсць кніга вядомага савецкага габрэйскага дысыдэнта Натана Шчаранскага «Не ўбаюся ліха», якую я перыядычна перачытваю, з аўтографам аўтара. Ён падпісаў яе для беларускіх палітвязняў. Гэтая кніга дапамагла мне выжыць, бо метады беларускага КДБ мала чым адрозніваюцца ад метадаў савецкага КДБ, якія апісаў Шчаранскі. Адзінае, што ў «амерыканцы» мы сядзелі ў значна больш жорсткіх умовах, чым аўтар у Лефортава. Заслуга Натана Шчаранскага - не толькі ў тым, што ён вывучыў прыроду дыктатарскіх рэжымаў, але і распрацаваў рэкамендацыі дэмакратычным краінам, як эфектыўна супрацьстаяць тыраніі.

У мяне складваецца ўражанне, што сёння ў ізраільскім МЗС працуюць тыя, з кім Шчаранскі змагаўся ў СССР. Мы ведаем, што адразу пасля перамогі на выбарах у Ізраілі, міністр замежных спраў гэтай краіны Ліберман здзейсніў тайны візіт у Менск, дзе сустракаўся з Лукашэнкам. Яго выпадкова сустрэлі журналісты ў адным з беларускіх гатэляў. Потым ізраільскае міністэрства замежных спраў было адзіным сярод знешнепалітычных ведамстваў дэмакратычных краін, якія не толькі не асудзілі Лукашэнку, але і вуснамі амбасадара Шагала фактычна падтрымалі рэпрэсіі супраць апазіцыі. Іронія лёсу складаецца ў тым, што значная частка допытаў у турме КДБ была прысвечана таму, што мы з Саннікавым з'яўляемся «ізраільскімі шпіёнамі» і наогул акцыя пратэсту ў Менску была арганізавана Ізраілем. Пазней гэтыя вар'яцкія абвінавачванні ў крымінальную справу не ўвайшлі.

Цынізм падыходу Шагала заключаецца ў тым, што дзеля эканамічнай выгады можна супрацоўнічаць хоць з чортам. Дзіўна, што сёння партнёрам для Ізраіля з'яўляецца дыктатар Лукашэнка, які неаднаразова дапускаў антысеміцкія выказванні, які, паводле інфармацыі міжнародных СМІ, пастаўляў зброю «Хамасу» і «Хізбале», чалавек, асабістымі сябрамі якога з'яўляліся галоўныя ворагі Ізраіля Садам Хусейн, Кадафі і Ахмадзінежад.

Такая беспрынцыповасць у палітыцы можа прывесці да вельмі сумных вынікаў», - сказаў Зміцер Бандарэнка ў інтэрв'ю сайту charter97.org.

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» здзіўлены маўчаннем афіцыйнага Ізраіля.

«Інфармацыя пра тое, што пазіцыя Шагала ў інтэрв'ю RTVI не адлюстроўвае пункт гледжання Ізраіля, з'явілася толькі на сайце амбасады гэтай краіны ў Польшчы. Чамусьці для беларускай грамадскасці ніякіх заяваў зроблена не было.

Думаю, няўклюдныя спробы выратаваць рэпутацыю Шагала ні да чаго не прывядуць. Як былы палітвязень, яшчэ раз хачу паўтарыць, што амбасадар абразіў асабіста мяне, маіх блізкіх, таварышаў, якія сёння знаходзяцца ў зняволенні, і ён павінен быць неадкладна адкліканы са сваёй пасады кіраўніцтвам Ізраіля. Ва ўсякім разе, настойліва аб гэтым прашу кіраўнікоў ізраільскай дзяржавы», - заявіў Зміцер Бандарэнка.

Нагадаем, 6 лютага ў інтэрв'ю тэлеканалу RTVI Язэп Шагал заявіў, што з пункту гледжання Ізраіля беларускія палітвязні з'яўляюцца крымінальнікамі і параўнаў іх з палестынскімі тэрарыстамі.

«Тыя, каго лічаць палітвязнямі, - гэта чатыры чалавекі афіцыйна сёння. Чатыры чалавекі засталося, сядзяць у турме. Лукашэнка прапаноўвае ім напісаць просьбу аб памілаванні, як у гісторыі з Хадаркоўскім: напішы просьбу - цябе выпусцяць. Яны не хочуць, аддаюць перавагу заставацца героямі ў турме», - сказаў амбасадар.

Заява была раскрытыкаваная сваякамі палітычных вязняў і апазіцыяй. Вядомыя беларускія палітыкі ўжо запатрабавалі адклікання амбасадара Шагала з Менска.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках