Gazeta Wyborcza: Лукашэнка і Пуцін запалохваюць Украіну
36- 17.03.2014, 12:28
- 60,388
Менск падключыўся да кампаніі ціску Крамля на Кіеў.
Сумесныя беларуска-расейскія вучэнні пачаліся ў пятніцу на тэрыторыі Беларусі. Па заявах афіцыйнага Менска, яны з'яўляюцца рэакцыяй на павелічэнне прысутнасці НАТА ў Польшчы і краінах Балтыі. Аднак незалежныя эксперты не сумняюцца, што на самой справе гаворка ідзе аб дадатковым інструменце ціску на Украіну, піша Gazeta Wyborcza (пераклад - charter97.org).
У рамках выпрабаванняў беларуска-расейскай сістэмы супрацьпаветранай абароны адпрацоўвалася сумеснае процідзеянне атацы з паветра. Беларускія зенітныя падраздзяленні былі пераведзеныя ў стан баявой гатоўнасці і кантралявалі паветраную прастору Беларусі. Расейскія Су-27 разам з беларускімі МіГамі адпрацоўвалі перахоп самалётаў праціўніка і ахову транспартных самалётаў. У манеўрах таксама ўдзельнічаў расейскі паветраны радыёлакацыйны выведнік вялікі далёкасці А-50.
- У вучэннях узяла ўдзел практычна ўся авіяцыя, размешчаная на ўсіх дзяжурных аэрадромах Беларусі, - заявіў кіраўнік манеўраў палкоўнік беларускай арміі Андрэй Дзіканёў.
- Вучэнні азначаюць, што Расея спрабуе ўцягнуць у агрэсію супраць Украіны іншыя дзяржавы, - адзначыў прэс-сакратар украінскага МЗС Яўген Перабейнас.
Яму адказала Міністэрства замежных спраў Беларусі, якое запэўніла, што манеўры не накіраваныя супраць Украіны, а з'яўляюцца рэакцыяй на павелічэнне прысутнасці НАТА паблізу межаў Беларусі.
Акрамя вучэнняў сіл СПА, у пятніцу на Гожскім палігоне паблізу мяжы з Польшчай былі праведзеныя манеўры сухапутных войскаў. Па словах Міністэрства абароны Беларусі, яны былі планавымі і ў іх рамках бранетанкавыя войскі, якія належаць да падраздзяленняў Заходняга аператыўнага камандавання беларускай арміі, адпрацоўвалі вядзенне агню.
- Відавочна, што ініцыятыва іх правядзення зыходзіла ад Расеі. Гэта частка кампаніі ціску, якую Крэмль вядзе ў адносінах да Украіны. Лукашэнка паводзіў сябе, як верны саюзнік Расеі, і паказаў, што нягледзячы на заявы аб прызнанні тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, гатовы рухацца ў кірунку, паказаным Крамлём, - перакананы палітолаг Павел Усаў.