Крымскія сепаратысты папрасілі Пуціна аб аншлюсе
87- 6.03.2014, 14:12
- 90,997
Вярхоўная Рада Крыма прыняла рашэнне аб уваходжанні аўтаноміі ў склад Расеі не чакаючы вынікаў «рэферэндуму».
Пра гэта гаворыцца ў тэксце дакумента, які падаў дэпутат Сяргей Шувайнікаў, паведамляе РІА «Новости».
«Увайсці ў склад Расейскай Федэрацыі на правах суб'екта Расейскай Федэрацыі», - гаворыцца ў тэксце рашэння. Таксама Вярхоўная Рада Крыма пастанавіла накіраваць прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну і Федэральнаму сходу зварот аб уваходжанні Крыма ў склад Расеі.
«Вярхоўны савет АРК звярнуўся да прэзідэнта Расеі і Федэральнага сходу Расейскай Федэрацыі з прапановай аб пачатку працэдуры ўваходжання ў склад Расейскай Федэрацыі ў якасці суб'екта Расеі», - гаворыцца ў пастанове. Адзначаецца, што яна ўступае ў сілу з дня прыняцця.
Раней першы віцэ-прэм'ер Аўтаномнай Рэспублікі Крым Рустам Тэміргаліеў заявіў, што рэферэндум аб статусе Крыма перанесены на 16 сакавіка. Таксама ён распавёў, што на рэферэндум будуць вынесеныя два пытанні.
«Першае: ці выступаеце вы за ўваходжанне Крыма ў склад Расеі ў якасці суб'екта Федэрацыі? Другое: ці выступаеце Вы за аднаўленне канстытуцыі Крыма 1992 года?» - сказаў віцэ-прэм'ер.
Згодна з законам Украіны, мясцовыя рэферэндумы, таксама, як і выхад той ці іншай часткі дзяржавы з яго складу, незаконныя.