28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post: Расея рыхтуе вялікі наступ на Украіну

70
The Washington Post: Расея рыхтуе вялікі наступ на Украіну

NATO не можа вызначыць памер і боегатовасць ударнай групоўкі.

Расея нечакана забараніла амерыканскай старане здзейсніць інспекцыйны палёт над сваёй тэрыторыяй у межах Дамовы аб адкрытым небе (ДАН). Выданне The Washington Times мяркуе, што за забаронай хаваецца падрыхтоўка да вялікага наступу на Украіну.

Deutsche Welle са спасылкай на Spiegel тым часам паведамляе, што ў NATO не могуць дакладна вызначыць памер і боегатовасць расейскай групоўкі на мяжы з Украінай.

Расея скасавала запланаваны на гэты тыдзень амерыканскі інспэкцыйны палёт над сваёй тэрыторыяй. Ён мусіў адбыцца 14-16 красавіка ў рамках падпісанай у 1992 годзе Дамовы аб адкрытым небе (ДАН), аднак за 72 гадзіны да яго пачатку расейская старана паведаміла Дзярждэпартамэнту ЗША, што не дасць адпаведнага дазволу. (Агляд артыкулаў замежных газэт на тэме публікуе InoPressa).

На працягу апошняга месяца ВПС ЗША здзяйснялі гэткія палёты штотыдзень, што дазваляла з блізкай адлегласці весці аэрафотавыведку дзеянняў расейскага войска паблізу ўкраінскіх межаў і хаўруснікаў ЗША з NATO.

Аўтар артыкула падкрэслівае, што адзіная прадугледжаная дамовай прычына для скасавання палётаў - пагроза іх бяспецы, аднак дзеянні Масквы прадыктаваныя іншымі матывамі (14-16 красавіка на большай частцы тэрыторыі Расеі стаяла пагода ці зменлівая хмарнасць). "Яны рыхтуюцца да нечага ва Ўкраіне і не хочуць, каб мы гэта бачылі", - мяркуе інфармаваная крыніца выдання.

У рамках ДАН адна старана павінна за 72 гадзіны паведаміць іншай аб рыхтаваным наглядальным палёце. Своечасовае папярэджанне дазваляе ўдзельнікам пагаднення схаваць неабароненае або сакрэтнае вайсковае абсталяванне ў ангарах або іншых зацішных месцах, але пакідае навідавоку вялікія збоі сіл і тэхнікі.

Выведныя службы краін NATO разышліся ў ацэнках з нагоды памеру і боегатовасці расейскай групоўкі, размешчанай на мяжы з Украінай. Як адзначаецца ў артыкуле Spiegel Online, інфармацыя выведных службаў супярэчыць ацэнкам генэральнага сакратара NATO Андэрса Фога Расмусэна і галоўнаначальніка аб'яднаных сіл альянсу ў Еўропе генэрала Філіпа Брыдлава.

У кіраўніцтве NATO не раз заяўлялі, што Расея засяродзіла на мяжы з Украінай да 40 тысяч добра ўзброеных жаўнераў, і засцерагалі Уладзіміра Пуціна ад магчымага ўварвання.

Паводле звестак выведкі, групоўка меншая: гаворка можа ісці пра 30 тысячах ці нават менш чым пра 20 тысяч вайскоўцаў. Акрамя таго, гэтая група, мяркуюць выведнікі, ні вайсковай тэхнікай, ні лагістыкай не гатовая да сур'ёзных баявых сутыкненняў. Да прыкладу, тут няма цэнтру баявога кіравання.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках