Зборную Швецыі па хакеі заклікалі да байкоту Лукашэнкі
9- 4.04.2014, 15:08
- 17,833

Кіраўніка Шведскай федэрацыі хакея і спартсменаў заклікалі ігнараваць беларускага дыктатара падчас ЧС у Менску.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла.
«У адной з газет я апублікаваў артыкул, у якім запатрабаваў, каб шведская хакейная дэлегацыя не ўдзельнічала ў прапагандысцкіх мерапрыемствах падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў Менску. Гэта значыць я заклікаў адмовіцца ад сустрэч і фотасесій з Лукашэнкам і іншымі прадстаўнікамі ўлады, не даваць інтэрв'ю дзяржаўным СМІ і гэтак далей. На гэтую тэму мы таксама арганізавалі семінар, у якім браў удзел кіраўнік Федэрацыі хакея Швецыі», - адзначыў праваабаронца.
Нагадаем, права арганізацыі чэмпіянату Лукашэнка атрымаў яшчэ ў 2009 годзе. Яго правядзенне запланавана з 9 па 25 траўня гэтага года на «Менск-Арэне» і «Чыжоўка- Арэне».
З-за парушэння ўладамі Беларусі правоў чалавека і наяўнасці палітвязняў праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі выступілі супраць арганізацыі спартыўнага мерапрыемства. Ідэю пераносу турніру падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны ўжо прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Менску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць беларускія ўлады.