Грамадзянін Грузіі спрабаваў скрасці самалёт Кутаісі - Менск
15- 10.06.2014, 13:11
- 28,221
Спроба згону самалёта была прадпрынятая сёння раніцай.
Пра гэта паведамляе Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі.
Камандзіру экіпажа самалёта ад пасажыра, які знаходзіўся на борце, была накіраваная запіска з пагрозай выбуху і патрабаваннем аб змене курса палёту ў адну з еўрапейскіх краін.
На борце самалёта знаходзіліся 32 пасажыры, у тым ліку 1 дзіця, і 4 члены экіпажа.
«Дзякуючы прафесійным дзеянням пілотаў, у 6.50 паказаны борт зрабіў пасадку ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск», - гаворыцца ў паведамленні КДБ.
Прадстаўнікі Контртэрарыстычнага ўпраўлення КДБ і групы «А» падняліся на борт самалёта і ўступілі ў перамовы з асобай, якая перадала запіску - грамадзянінам Грузіі 1973 года нараджэння.
У выніку перамоваў злачынец пагадзіўся пакінуць борт самалёта і ў 8:10 добраахвотна здаўся супрацоўнікам КДБ.
У дачыненні да затрыманага Камітэтам дзяржбяспекі ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт.311 (крадзеж альбо захоп з мэтай згону паветранага судна) КК Рэспублікі Беларусь. Праваахоўнымі органамі праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні.
Як адзначае БелаПАН, у паведамленні КДБ не пазначаюць, якой авіякампаніі належыць самалёт. Аднак, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра рэйс B2 0732 кампаніі «Белавія». Па аўторках рэйс «Белавія» з Кутаісі ў Менск вылятае з грузінскага аэрапорта у 4:20 мясцовага часу і прыбывае ў Менск у 6:35. Рэйс ажыццяўляецца на самалёце CRJ.
Фота: belavia.by