19 красавiка 2024, Пятніца, 12:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч: Новы Вярхоўны камісар ААН будзе займацца Беларуссю

2
Валянцін Стэфановіч: Новы Вярхоўны камісар ААН будзе займацца Беларуссю

Прыярытэты праваабарончай дзейнасці ААН у дачыненні да Беларусі не зменяцца.

Пра гэта сайту charter97.org заявіў беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Такім чынам ён пракаментаваў новае прызначэнне Зэіда аль-Хусэйна.

- Якім чынам можа паўплываць на ўзровень прыярытэтнасці беларускага пытання для ААН тое, што Вярхоўным камісарам гэтай арганізацыі па правах чалавека стаў прадстаўнік Іарданіі?

- Узровень зацікаўленасці сітуацыяй у Беларусі не павінен змяніцца ў той ці іншы бок, таму што ёсць працэдура, ёсць шэраг абавязацельстваў, якія ўзяла на сябе нашая краіна. Вярхоўны камісар ААН павінен, у першую чаргу, кіравацца Дэкларацыяй аб правах чалавека, міжнароднымі дамовамі і пактам, якія ратыфікаваны дзяржавамі-ўдзельнікамі. Думаю, суб'ектывізму тут не будзе. Паказальны прыклад самой ААН. Яе ўзначальвалі генеральныя сакратары - прадстаўнікі розных краін і розных кантынентаў, але гэта не ўплывала на прыярытэты арганізацыі. Правы чалавека носяць універсальны характар, і Вярхоўны камісар, думаю, будзе гэтым і кіравацца.

- Прадстаўніка краіны, дзе з правамі чалавека далёка не ўсё ў парадку, дзіўна бачыць на такой пасадзе, асабліва з улікам таго, што Зэід аль-Хусэйн з'яўляецца прадстаўніком кіруючай каралеўскай дынастыі Іарданіі.

- Мне складана сказаць, чым кіраваліся пры яго прызначэнні. Магчыма, ролю адыгралі нейкія кампрамісы. У апошні час мы часта чуем пра тое, што правы чалавека - вынаходства Заходняй цывілізацыі. Кажуць таксама, што яна з'яўляецца прычынай сутыкненняў культур і рэлігій. Зэід аль-Хусэйн не з'яўляецца грамадзянінам краіны Еўрапейскага Звяза, не належыць Заходняй цывілізацыі. Ён іярданец, жыхар Блізкага Усходу. А асноўныя дакументы ААН, у тым ліку Дэкларацыя аб правах чалавека, прымаліся ўсімі членамі арганізацыі, якія прадстаўляюць увесь свет, а не толькі Захад. Прызначэнне на гэтую пасаду прадстаўніка іншай цывілізацыі падкрэслівае ўніверсальнасць праў чалавека. Падвяргаць людзей катаванням аднолькава дрэнна як у Нью-Ёрку, так і ў Пекіне або Менску.

- Магчыма, гэта сігнал аб тым, што прыярытэтам для ААН з'яўляецца менавіта сітуацыя на Блізкім Усходзе, у Сірыі?

- «Прыярытэт» - не зусім тое слова, якое можна ўжыць да паняцця «правы чалавека». Важна ўсё, хоць, вядома, тое, што адбываецца ў Сірыі сёння - гэта гуманітарная катастрофа. Магчыма, прызначэнне абумоўлена гэтым.

- Папярэднікам Зэіда аль-Хусэйна была Наві Пілэй. Што ўдалося ёй зрабіць у якасці Вярхоўнага камісара? Што не атрымалася і чаму?

- Мы сустракаліся з папярэдніцай Зэіда аль-Хусэйна на пасадзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. На жаль, яе візіт у Беларусь так і не адбыўся. Будзем спадзявацца, што новы Вярхоўны камісар такую магчымасць атрымае, як і спецдакладнікі гэтай арганізацыі. Гэта датычыцца спецдакладнікаў у такіх прынцыповых пытаннях, як адвольныя затрыманні, катаванні і абарона праваабаронцаў. Мы вельмі чакаем іх запрашэння, каб яны атрымалі магчымасць наведаць краіну. Таксама мы чакаем прыезду ў Беларусь і спецдакладніка па нашай краіне Міклаша Харашці.

Будзем спадзявацца, што прызначэнне новага Вярхоўнага камісара па правах чалавека не стане перашкодай для супрацоўніцтва Беларусі з ААН у поўным аб'ёме, а не селектыўна, як мы гэта назіраем сёння. Пакуль атрымліваецца, што ў адных пытаннях Менск ідзе на ўзаемадзеянне, а ў іншых - у якіх яго падвяргаюць крытыцы - не. Ёсць абавязацельствы, узятыя на сябе краінай. Пытанні іх імплементацыі і выканання пакуль застаюцца актуальнымі для нас. Думаю, яны застануцца такімі і для новага Вярхоўнага камісара.

Праблема ў гэтым выпадку не ў ААН, а ў Беларусі. Можна прывесці прыклад Камітэта праў чалавека. Улады дэманстратыўна заяўляюць, што яны не будуць супрацоўнічаць з ім, не прызнаюць яго і так далей. Тое ж самае тычыцца Рабочай групы адвольных затрыманняў. Яны кажуць, што не будуць супрацоўнічаць з ёй у тым складзе, які ёсць цяпер. Прынятыя рашэнні ігнаруюцца ўладамі. Пры гэтым краіна добраахвотна ўзяла на сябе абавязацельствы, яна прымае ўдзел ва ўсіх асноўных пактах ААН, прызнае кампетэнцыю кантрольных органаў, якія былі створаныя. Дзяржава павінна прадэманстраваць волю да выканання пастаноў органаў ААН, але пакуль, на жаль, гэтага мы не бачым.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках