19 красавiка 2024, Пятніца, 17:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая гандлёвая вайна ў МС

27
Новая гандлёвая вайна ў МС

Беларусь збіраецца абмежаваць імпарт бытавой тэхнікі з Расеі.

Пад пагрозай праблем з пастаўкамі на рынак сумай больш за $600 млн у год прадаўцы і вытворцы ўжо звярнуліся да Лукашэнкі і Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) з просьбай адмовіцца ад гэтай ідэі. Але магчымасці ЕЭК паўплываць на сітуацыю абмежаваныя, і яе ўрэгуляванне рызыкуе зацягнуцца на гады, а тэмпы падзення тавараабарачэння паміж краінамі Мытнага саюза паскараюцца, піша «Коммерсант».

Расейская асацыяцыя гандлёвых кампаній і таваравытворцаў электрабытавой і кампутарнай тэхнікі (РАГЭК) накіравала Лукашэнку і старшыню калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Віктару Хрысценку лісты з нагоды магчымага ўвядзення нетарыфнага рэгулявання імпарту ў краіну бытавой тэхнікі і электронікі.

Паводле звестак асацыяцыі, абмяркоўваюцца, у прыватнасці, два патэнцыйныя захады: замацаванне выключнага права на імпарт за дзяржавай і ўвядзенне інстытута ліцэнзавання імпарту. РАГЭК просіць Лукашэнку ўстрымацца ад такіх крокаў, а Хрысценку - "ужыць свой уплыў", каб дапамагчы пераканаць Менск. "Такія пастановы могуць затармазіць запушчаныя працэсы інтэграцыі і прычыніцца да страты даверу з боку вытворцаў прадукцыі да ЕЭК", - гаворыцца ў лістах. У калегіі ЕЭК пацвердзілі атрыманне лістоў, адмовіўшыся падрабязна каментаваць сітуацыю да яе разгляду профільнымі ўстановамі.

Беларусь - важны рынак для РАГЭК, падкрэслівае прадстаўнік асацыяцыі Антон Гуськоў. Гаворка ідзе не толькі аб таварах, вырабленых у Расеі, - значная частка імпарту электронікі ў Беларусь ідзе з расейскага боку.

Ініцыятывы абмежавання імпарту не супярэчаць пагадненням ЕАЭС, прызнае Антон Гуськоў, але "могуць ускладніць узаемадзеянне ў рамках саюза". У лістах РАГЭК таксама паказвае, што буйныя міжнародныя вытворцы ў сувязі са стварэннем адзінай эканамічнай прасторы ў Мытным саюзе ўжо пачалі перабудоўваць сваю сістэму дыстрыбуцыі. Яны ствараюць у Беларусі склады і лагістычныя падраздзяленні, а таксама ўключаюць свае таварныя знакі ў мясцовы мытны рэестр (у прыватнасці, Bosch, Apple, Xerox, Canon, Electrolux ды інш.) Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, у студзені-красавіку 2014 краіна імпартавала мабільных тэлефонаў на $ 53,9 млн (у тым ліку з Расеі - на $25,6 млн). Тэлевізараў было ўвезена на $53,6 млн (з Расеі - на $45, 4 млн). Імпарт электраплітаў, уключаючы бытавыя, склаў $31,9 млн ($17,5 млн - з Расеі), бытавых аўтаматычных пралак - $9,6 млн ($8,3 млн - з Расеі). Кампутараў і партатыўных кампутараў увезена на $104,5 млн і $53,9 млн адпаведна, з Расеі - $13,2 млн і $9,3 млн адпаведна.

Перавод імпарту асобных тавараў у Беларусь у рукі дзяржавы планавалася замацаваць адпаведным указам Лукашэнкі, копія праекта якога ёсць у журналістаў. Згодна з ім імпарт радыё-, тэле-, відэа- і бытавой тэхнікі, а таксама электронікі планавалася цалкам даручыць тром мясцовых вытворцам - "Гарызонту", "Атланту" і "Інтэгралу". Але тэрмін узгаднення праекта міністэрствамі скончыўся ў мінулы панядзелак. Паводле інфармацыі прэс-службы Мінпрама Беларусі, "увядзенне спецімпарцёраў надалей не плануецца".

У той жа час Беларусь ужо некалькі гадоў, нягледзячы на пратэсты РФ і ЕЭК, захоўвае інстытут спецімпарцёраў алкаголю і прадуктаў перапрацоўкі рыбы. З 2010 года камісіі ўдалося дамагчыся скасавання абмежаванняў на імпарт у Беларусь спачатку марской, а ў 2013 годзе і рачной рыбы, але спецімпарцёрамі прадуктаў яе перапрацоўкі і ў 2014 годзе заставаліся 18 кампаній (супраць 11 рыбных спецімпарцёраў у 2013-м і 39 - у 2012-м). Спецімпарцёры алкаголю (33 кампаніі ў 2014 годзе) таксама страцілі частку рынку пасля ўвядзення ў 2008-м дзяржманаполіі на імпарт алкаголю і замены імпартных квот конкурсам імпарцёраў. Цяпер фінальны спіс спецімпарцёраў алкаголю зацвярджае асабіста Лукашэнка, а скасаванне інстытута ўвязваецца са скасаваннем экспартнай мыты на расейскую нафту.

Гэта палітычная пастанова звязаная з "перазапускам" АЭП, пакуль адкладзеным на пачатак 2015 года, і МЗС Беларусі адказвае на расейскія прэтэнзіі абяцаннем скасаваць інстытут спецімпарцёраў да 1 студзеня 2015 года. Логіка развіцця падзей дазваляе выказаць здагадку, што, нават калі гэта адбудзецца, Менск знойдзе спосабы больш мякка абмежаваць пералік кампаній, дапушчаных да ўвозу важных для Беларусі тавараў. Так, учора на пытанне аб магчымасці ўвядзення ліцэнзавання імпарту ў Мінпраме Беларусі не адказалі. Між тым тавараабарачэнне паміж Расеяй і Беларуссю падае: у першым квартале яно скарацілася на 7,3%, а агулам сума ўзаемнага гандлю ў краінах Мытнага саюза ўпала адразу на 13% пасля першага падзення на 5,5% паводле вынікаў 2013 года.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках