19 красавiка 2024, Пятніца, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайна з імпартам: увоз іншамарак і шын у Беларусь абмяжуюць

80
Вайна з імпартам: увоз іншамарак і шын у Беларусь абмяжуюць

Саўмін уводзіць ліцэнзіі на ўвоз іншамарак і шын.

Пра гэта паведаміў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" прадстаўнік адной з беларускіх бізнэс-суполак.

Органы дзяржаўнага кіравання Беларусі распрацоўваюць праект нарматыўнага акта, паводле якога ў краіне можа быць уведзенае ліцэнзаванне імпарту ў краіну легкавых аўтамабіляў і шын для іх з-за межаў Мытнага саюза. "Паводле неафіцыйных крыніцаў ва ўрадзе, праект такога дакумента ёсць, і мы цяпер вядзем кансультацыі з урадам, каб пераканаць улады не прымаць такую пастанову. Нашыя апаненты ў Саўміне пацвярджаюць, што такі дакумент ёсць", - заявіў ён.

Паводле ягоных слоў, ліцэнзаваць давядзецца імпарт легкавікоў і аўтамабільных шын у тым выпадку, калі ўвоз выконваецца з-за межаў Мытнага саюза. Ліцэнзаванне гэтых катэгорый тавараў плануецца ўвесці з 1 ліпеня тэрмінам на паўгода.

"З улікам таго, што ліцэнзаванне як механізм не супярэчыць нормам Мытнага саюза, высокая імавернасць таго, што гэтая пастанова будзе прынятая", - заўважыў суразмоўца агенцтва.

У той жа час, паводле ягоных слоў, падрыхтаваны праект нарматыўнага акту неадназначна ўспрыняты некаторымі органамі дзяржкіравання, у прыватнасці, міністэрствам гандлю, МЗС і Мінэканомікі.

З іншага боку, праект пастановы знайшоў адабрэнне ў Мінпраме, паколькі фармальна накіраваны на абарону беларускіх вытворцаў - ААТ "Белшына" і кампаніі "БелДжы", якая вырабляе легкавыя аўтамабілі Geely у партнёрстве з аднайменнай кітайскай кампаніяй.

Каментуючы магчымыя наступствы прыняцця такой пастановы, прадстаўнік бізнэс-суполкі заўважыў, што пасля 1 ліпеня беларускія аўтадылеры пераключацца на ўвоз аўтамабіляў з РФ. Прычым, з ягоных слоў, гэта будуць альбо новыя аўтамабілі - прадукцыя расейскага аўтапрама альбо патрыманыя іншамаркі.

Пры гэтым суразмоўца агенцтва звярнуў увагу, што ўвядзенне ліцэнзавання імпарту аўто і шын прывядзе да шэрых схем імпарту і толькі ўзмоцніць працэс вывазу валюты з краіны.

Раней у Беларусі ўжо былі прынятыя пастановы аб увядзенні з 1 чэрвеня ліцэнзавання імпарту кандытарскай прадукцыі, цэменту, макарон і піва.

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках