20 красавiка 2024, Субота, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

26 гадоў таму беларусы даведаліся праўду пра расстрэлы ў Курапатах

9

3 чэрвеня 1988 года выйшаў артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты - дарога смерці».

Беларусы даведаліся праўду пра сталінскія рэпрэсіі ў краіне. Пасля гэтага ў Менску прайшла адна з першых масавых акцый пратэсту ў СССР - на Дзяды людзі прыйшлі ва ўрочышча Курапаты.

Пра памятную дату піша ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» палітык і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык.

«3 чэрвеня 88 быў надрукаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва, які змяніў Беларусь. «У нас ёсць нямала велічных помнікаў ахвярам нямецкага фашызму, але няма нічога, што нагадвала б пакаленням пра ахвяры сталінізму. Гэта няправільна і недаравальна» - пісаў Васіль Быкаў у прадмове. І праз 26 гадоў улады не зрабілі нічога. Крыжы ў Курапатах паставіў народ. Таму - народны мемарыял», - піша ён.

Урочышча Курапаты, што недалёка ад Менска, вядомае як месца масавых расстрэлаў. У красавіку 1988 года падчас археалагічных раскопак у лясным масіве Курапаты былі знойдзеныя астанкі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасці гісторыка, лідара Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазняка і грамадскай арганізацыі «Мартыролаг Беларусі». У чэрвені 1988 была створаная ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расследавання, як пацверджана ў інфармацыйным паведамленні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў Беларусі. Па розных звестках у Курапатах пахавана прыкладна да 30 тысяч чалавек (асобныя гісторыкі гавораць пра 100 і нават 250 тысяч чалавек). Аднак пры ўладзе Лукашэнкі афіцыйная прапаганда пачала абвяргаць гэтыя факты, пацверджаныя дзяржаўнымі камісіямі ў 1990-я гг.

У 1988 годзе ў Курапаты ўпершыню прыйшлі дзесяткі тысяч чалавек, каб пакланіцца памяці ахвяраў. Менавіта з мемарыяльных мітынгаў пачалася гісторыя Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Напачатку лістапада 1988 года шматтысячны мітынг ля Маскоўскіх могілак у Менску і шэсце да Курапатаў , прымеркаваныя да дня памінання продкаў Дзяды, былі разагнаныя з дапамогай бранзбойтаў і слёзацечнага газу тагачаснай камуністычнай уладай БССР.

Па курапацкай справе за апошнія 20 гадоў было праведзена 4 афіцыйных следства паводле патрабаванняў розных грамадскіх арганізацый. Працавалі спецыялісты з Генеральнай пракуратуры, Вайсковай пракуратуры, навукоўцы. Усе яны прыйшлі да адназначнага заключэння, што расстрэлы тут вяліся органамі НКУС да пачатку вайны 1941-45 гадоў. Заключэнне апошняга следства дагэтуль не апублікавана.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках