28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эколагі патрабуюць спыніць высечку лесу ў нацыянальным парку «Прыпяцкі»

11
Эколагі патрабуюць спыніць высечку лесу ў нацыянальным парку «Прыпяцкі»

Актывісты грамадскай кампаніі «Захаваем прыпяцкія дубровы» патрабуюць тэрміновага перагляду палітыкі кіравання паркам.

Эколагі выступаюць за вяртанне запаведнага статусу абалоннай дуброве і павелічэнне запаведнай зоны як мінімум на 50%. Пра гэта паведаміла каардынатарка кампаніі Інэса Балоціна, піша БелаПАН.

Актывісты кампаніі выказваюць заклапочанасць актыўнай гаспадарчай дзейнасцю цяперашняга кіраўніцтва Прыпяцкага нацыянальнага парку, якое ставіць пад пагрозу знішчэння ўнікальнага прыроднага ландшафту.

У 2012 годзе ўказам №59 Лукашэнкам было зацверджанае новае занаванне нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Унікальныя дубровы, дзе дзясяткі гадоў існаваў запаведнік, былі пазбаўленыя гэтага статусу. Кіраўніцтва «Прыпяцкага» праводзіць ў парку «санітарныя» высечкі і настойліва лабіюе дазвол на высечку жывых, так званых «аслабленых» дрэў.

Акрамя таго, як адзначае Інэса Балоціна, пры нацыянальным парку ў 1997 годзе быў пабудаваны дрэваперапрацоўчы комплекс «Ляскавічы» з закончаным цыклам вытворчасці, пачынаючы ад высечкі лесу да ўпакоўкі паркету. Аднак «дубровы не растуць так хутка, як іх асвойваюць». Да таго ж, у выніку будаўніцтва новых лесагаспадарчых дарог «знішчаюцца сотні жывых дрэў, у тым ліку дубоў».

Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік быў створаны 45 гадоў таму, 3 чэрвеня 1969 года. У 1996 годзе статус тэрыторыі панізілі з запаведніка да нацыянальнага парку.

Парк «Прыпяцкі» мае статус тэрыторыі, важнай для птушак, а таксама ключавой батанічнай тэрыторыі і ўваходзіць у міжнародную праграму IBA як зямлі найбольш важныя для жыцця птушак.

У лютым 2014 ён атрымаў статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння. Яго тэрыторыя з'яўляецца ядром экалагічнага калідора агульнаеўрапейскай значнасці, які злучае Цэнтральную і Паўднёвую Еўропу. «Прыпяцкі», магчыма, стане часткай трансмежавага міжнароднага біясфернага рэзервата ЮНЕСКА «Даліна Прыпяці».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках