28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт аўтамабіляў у Беларусі вырасце

41
Кошт аўтамабіляў у Беларусі вырасце

Заўтра гульцы аўтабізнэсу чакаюць увядзення ліцэнзіі на імпарт аўтамабіляў.

«Ежедневник» пацікавіўся, якія магчымыя абмежаванні закрануць аўтарынак краіны.

Аб гатовасці ўрада Беларусі абмежаваць увоз аўтамабіляў з-за межаў Мытнага саюза (МС) шляхам ліцэнзавання імпарту маторных транспартных сродкаў таварных груп 8701-8706, куды ўваходзяць аўтамабілі, у сваім блогу паведаміў старшыня рады дырэктараў групы кампаній «Інтэлект» Сяргей Варывода. Са слоў экспэрта, абмежаванні абмяркоўваліся на выязным пасяджэнні Рады развіцця прадпрымальніцтва пад старшынствам Пятра Пракаповіча; мяркуецца, што тэрмін іх дзеяння можа скласці паўгода.

Мэта добрая - абарона вонкавага фінансавага становішча і падтрыманне раўнавагі аплатнага балансу. Дырэктар імпарцёра VW «Атлант-М Фарцойгхандэль», старшыня ўправы аўтамабільнай асацыяцыі БАА Сяргей Міхневіч выказаў сумненні ад дзейснасці магчымых абмежаванняў. Абапіраючыся на высновы юрыстаў аўтамабільнага холдынгу «Атлант-М», суразмоўца падазраваў цяжкасці, з якімі могуць сутыкнуцца беларускія аўтадылеры, і пазначыў меркаваны вынік гульні паводле новых правілаў.

Структурай і зместам рыхтаваны праект Саўміна Міхневіч параўнаў з ужо дзейнымі пастановамі: на працягу 2014 года ў краіне ўводзіліся ліцэнзіі на імпарт піва, цэменту, шкла, макаронных і кандытарскіх вырабаў. Пагадненне аб парадку ўвядзення і дастасавання захадаў, якія закранаюць замежны гандаль таварамі на адзінай мытнай тэрыторыі ў дачыненні да трэціх краін, якім кіруецца Саўмін, не стварае юрыдычных перашкод для ўвядзення новай ліцэнзіі на ўзроўні заканадаўства МС.

У выпадку ўвядзення ліцэнзіі на імпарт аўтамабіляў з-за меж Мытнага саюза, перакананы Міхневіч, у аўтадылераў дадасца працы і - няўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

«Для пачатку трэба звяртацца па ўзгадненне ў Мінпрам, - мяркуе экспэрт. - У праекце пастановы пазначаны агульныя ўмовы: пералік дакумэнтаў (ліст з абгрунтаваннем выдачы ліцэнзіі і заяву на атрыманне ліцэнзіі), тэрмін разгляду (3 працоўныя дні) і бясплатны характар працэдуры. Ні адзін з дакумэнтаў не змяшчае ўмоў, якія дазваляюць заяўніку разлічваць на ўзгадненне. Гэта значыць, што Мінпрам атрымлівае поўную свабоду дзеянняў на ўвядзенне ўсякіх умоў або абмежаванняў, пры выкананні якіх дасць згоду на імпарт».

На думку Міхневіча, у падобнай сітуацыі не так даўно апынуліся імпарцёры ўкраінскага піва. Пасля ўвядзення 1 траўня ліцэнзавання на імпарт піва з-за меж МС, украінскі напой увозіўся паводле аднаразовых ліцэнзій Мінгандлю, падставай для выдачы якіх стала падпісанне дамовы аб мінімальным кошце рэалізацыі піва ў Беларусі. Не ўзгадніўшы чарговым разам кошт, імпарцёр не атрымаў ліцэнзіі.

Наступны крок - атрыманне ліцэнзіі Мінгандлю. «Фактычна гэтае міністэрства рэгіструе ўжо прынятую Мінпрамам на папярэдняй стадыі пастанову, - тлумачыць Міхневіч. - Для атрымання лiцэнзii патрабуецца падаць заяву, ужо ўзгодненую з Мінпрамам, яго электронную копію, копіі замежнандлёвага пагаднення і дадаткаў да яго, дакумэнта аб пастаноўцы на ўлік у падатковых органах. Затым - аплаціць дзяржзбор за выдачу аднаразовай ліцэнзіі ў адную базавую адзінку, і чакаць разгляду твайго пытання на працягу 15 працоўных дзён».

Час чакання складзе блізу месяца. «І гэта - у самым спрыяльным выпадку, - абураецца Міхневіч, - бо я не ўлічыў перашкод з боку Мінпрама, якія могуць узнікнуць!»

Прадстаўнік кампаніі-імпарцёра згодны з Варыводам: ліцэнзаванне на пастаўкі аўтамабіляў прычыніцца да развіцця транзітных схем паставак аўтамабіляў праз Расею.

«Гэта значыць, што аўтамабілі, якія раней увозіліся ў Беларусь разам з выплатай мытаў і збораў у бюджэт, цяпер будуць увозіцца праз краіну-суседку», - высноўвае экспэрт.

Чарговым разам імпарцёры асцерагаюцца ўступлення ў гульню «шэрых» імпарцёраў. Значна больш гнуткія, чым афіцыйныя дылеры, яны хутка наладзяць новыя схемы пастаўкі аўтамабіляў.

«Ліцэнзаванне знізіць суму мытных збораў, падатку на прыбытак, ПДВ і ўтылізацыйнага збору, - падрахоўвае Міхневіч. - Кошт аўтамабіляў на ўнутраным рынку вырасце праз выдаткі на імпарт праз Расею. Гэта адаб'ецца на агульных паказчыках інфляцыі ў краіне. А імпарт аўтамабіляў з адтокам валюты працягнецца як на афіцыйным, так і на ценевым узроўні. Выніку ад ліцэнзавання няма».

І апошняе. Дзеля часавых выдаткаў на атрыманне ліцэнзіі імпарцёры прапусцяць тэрміны выканання ўжо падпісаных кантрактаў з кліентамі і парушаць дамоўленасці аб часе дзеяння замежнагандлёвых аперацый. Але гэта ўжо не праблемы дзяржорганаў Беларусі.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках