20 красавiка 2024, Субота, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы хочам даць беларусам надзею»

4

Беларусь будзе вольнай, бо ёсць людзі, гатовыя ахвяраваць шмат чым дзеля гэтага.

Кінарэжысёр Алег Дашкевіч прэзентаваў днямі ў Беларускім доме ў Варшаве серыю фільмаў пра беларускіх палітычных зняволеных - «Хроніка суднага часу». Яе героямі сталі дзесяткі беларускіх вязняў сумлення, якія былі арыштаваныя напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе.

Кожная паказаная кінематаграфістамі гісторыя - лёс асобнага чалавека, аповяд пра выпрабаванні, якія яму давялося прайсці дзеля мары аб свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

Героямі першай часткі прэзентаванага ў Варшаве фільма сталі - кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў, палітвязень, кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, былы палітвязні Зміцер і Наста Дашкевічы , каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка, актывіст партыі КХП БНФ Сяргей Каваленка, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец і галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна.

Алег Дашкевіч распавёў, дзеля чаго цягам некалькіх гадоў здымалася «Хроніка суднага часу»:

«Нашыя фільмы сталі рэакцыяй на падзеі снежня 2010 года ў Беларусі. Калі краіна правалілася ў яму, мы хацелі даць людзям надзею. Гэта было вельмі важна для ўсіх. Для тых, хто апынуўся за кратамі, бо пра іх памятаюць. Грамадству, якое не ведала, што рабіць, было разгубленае, мы хацелі сказаць, што выйсце ёсць.

Трэба фіксаваць час, фіксаваць гісторыю. Ужо прайшло некалькі гадоў, але я ведаю - падзеі 2010 года застануцца ў памяці. У сваіх фільмах мы не падавалі сухую інфармацыю, а імкнуліся зрабіць гэта праз вобраз канкрэтнага чалавека.

Грамадства павінна на чымсьці будавацца. І калі няма на чым стаяць, то і не будзе ніякага грамадства. Вельмі важна, каб людзі, якія нешта дэкларуюць, адпавядалі сваім дэкларацыям. У нас, на жаль, вельмі шмат было ў найноўшай гісторыі неадпаведнасці: палітыкі казалі нейкія словы, ім верылі, а потым высвятлялася, што яны былі не гатовыя справай падтрымаць тое, пра што гаварылі. І такім чынам нішчылася вера.

Але ў снежні 2010 года быў закладзены падмурак, на якім грамадства ўжо можа нешта будаваць, таму што прынцыпы - гэта вельмі важна, тым больш у нашых умовах. Барацьба ідзе за дух. Няма духу - будзе шэрая імгла. Ёсць дух - будзе праўда. І гэтая праўда была закладзеная людзьмі, якія не здрадзілі сваім прынцыпам.

Рана ці позна кожны задае сабе пытанне: навошта я жыву? Калі чалавек разумее навошта, калі ў яго ёсць сілы - гэта прыклад для тых, каму патрэбен арыентыр. Цяпер Беларусь знаходзіцца ў такім стане, калі парушаныя ўсе стандарты - сацыяльныя, культурныя, этычныя, эстэтычныя, калі можна ўсё, і няма ніякіх маральных абмежаванняў. Але маральныя абмежаванні павінны быць, чалавек павінен адказваць за свае словы. І героі гэтых фільмаў - глеба, падмурак, на якім будуецца нацыя».

Падчас прэзентацыі фільма прайшла скайп-канферэнцыя з надоечы вызваленым палітвязнем Алесем Бяляцкім, які быў адным з натхняльнікаў праекту «Хроніка суднага часу», але праз арышт стаў ягоным першым героем.

«Мы шмат перажылі за апошнія гады, прайшлі праз вялізныя выпрабаванні ў снежні 2010 года і пасля, але тым не менш нам удалося адстаяць сваю грамадзянскую пазіцыю. Маё адзінае жаданне - убачыць усіх на свабодзе, бо пакуль у турме знаходзіцца хоць адзін палітвязень, вірус страху ў грамадстве застаецца. Бо нас і трымаюць у турмах усе гэтыя гады, таму што для ўлады гэта інструмент утрымання грамадства ў страху», - сказаў Бяляцкі, каментуючы «Хроніку...».

Галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна спытала ў Алеся Бяляцкага, ці можа рэжым Лукашэнкі разлічваць на добразычлівасць Захаду ў выпадку вызвалення ўсіх палітвязняў, бо на працягу 20 гадоў вязні сумлення былі для дыктатара таварам, які ён прадаваў на выгадных для сябе ўмовах.

«Вызваленне палітвязняў - гэта першы крок. Трэба неадкладна вызваліць сем чалавек, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні. Але напраўду ўсе грамадзянскія і палітычныя свабоды, усе магчымасці нашых грамадзян цяпер «зацэментаваныя», іх немагчыма рэалізаваць. Куды ні паглядзі - сродкі масавай інфармацыі, правядзенне акцый, правядзенне выбараў – усюды кепска. За 20 гадоў засыпала ўсё, зацягнула глеем і пяском. Павінен быць пэўны працэс, які адбываецца крок за крокам і толькі наперад. Адназначна, што з вызваленнем палітвязняў сітуацыя не развяжацца, але таксама зразумела, што без развязання гэтага пытання немагчыма весці гаворку аб істотных для рэжыму пытаннях - у першую чаргу, вядома, эканамічных», - сказаў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна».

Выказаўся праваабаронца і з нагоды «прэзідэнцкіх выбараў» у 2015 годзе ў Беларусі:

«На сёння мне здаецца, што гэтая кампанія не будзе вызначальнай. Спадзявацца на тое, што пры сённяшніх працэдурах мы зменім палітычную сітуацыю ў краіне, нават проста падлічым галасы аб'ектыўна, нам не даводзіцца. З гэтага трэба і зыходзіць. Улічваючы гэтыя моманты, трэба шукаць нейкія паралельныя або іншыя шляхі працы з беларускім грамадствам, не спадзеючыся толькі на выбарчую кампанію», - сказаў Бяляцкі.

Праваабаронца таксама адзначыў, што шмат якія беларусы пасля 2010 года былі вымушаныя з'ехаць з краіны праз крымінальны пераслед і ціск спецслужбаў:

«Вяртанне гэтых людзей у Беларусь - адная з частак разрадкі той напружанасці, якая склалася на сённяшні дзень у краіне паміж дэмакратычным грамадствам і ўладамі. Калі б улады пайшлі на нейкія змены, на комплекснае паляпшэнне сітуацыі, то пытанне з беларускай эміграцыяй вызначылася прыкладна таксама, як яно у свой час вызначылася пасля развалу Савецкага Саюза: шмат хто вярнуўся, калі знік палітычны ціск і ўсе гэтыя абмежаванні, якія не давалі людзям нармальна жыць. На сёння, вядома, у Беларусі гэтыя цяжкасці існуюць, існуе рэальная небяспека для грамадскіх і палітычных актывістаў, для іх сямейнікаў».

Алеся Бяляцкага вітаў на волі таксама былы палітвязень Зміцер Бандарэнка, які пасля 19 снежня 2010 прабыў у турме 16 месяцаў:

«У турме мне здавалася, што галоўнае - не быць вязнем і заставацца свабодным чалавекам. І гэтага можна было дамагацца ў пэўных сітуацыях. Цяпер, на волі, калі гуляеш па вуліцы, рукі аўтаматычна хаваюцца за спіну - у такім становішчы лягчэй думаецца. На волі, мне здаецца, трэба памятаць, што ты быў вязнем.

У нас ёсць для цябе, Алесь, адзін наказ. Так здарылася, што цяпер ты прадстаўляеш Беларусь як праваабаронца (ты нават падобны да Гандзі). Ты павінен будзеш гаварыць за ўсіх нас: і за тых, хто сядзіць, і за тых, хто на волі, і за тых, каго ўжо няма з намі. Таму трохі часу даем табе на адпачынак, а потым - будзь нашым голасам».

Алесь Бяляцкі адказаў, што будзе рабіць усё, што ў ягоных сілах:

«Безумоўна, я буду старацца рабіць усё, што ў маіх сілах. Разумею ўсю адказнасць. Значнае пытанне, як сёння зацікавіць праблемамі Беларусі тую ж еўрапейскую супольнасць, якая цяпер накіравала ўсю сваю ўвагу на нашую паўднёвую суседку. Гэта ў некаторай ступені справядліва, таму што падзеі ў Украіне ў бліжэйшай перспектыве паўплываюць на лёс Беларусі. Але нашая барацьба агульная, і яна прадоўжыцца».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках