29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карнікі з «Беркута» будуць працаваць у беларускім АМАПе

92
Карнікі з «Беркута» будуць працаваць у беларускім АМАПе

«Беркутаўцаў» бяруць у беларускі АМАП без конкурсу.

Пра гэта журналістцы «Салiдарнасцi» распавёў супрацоўнік АМАПа. Гісторыю свайго знаёмства з маладым сілавіком яна апісала ў сваім артыкуле. Прыводзім яго цалкам:

Мы пазнаёміліся ў міжгароднім аўтобусе. Дарога займала дзве гадзіны, і мой спадарожнік - малады хлопец - амаль адразу вырашыў завязаць знаёмства. З ходу з гонарам паведаміў, што працуе ў АМАПе.

- А вы ведаеце, што пра вашых хлопцаў народ кажа?

- І што ж? - ускінуў бровы суразмоўца.

- Што вас як сабак вымуштроўваюць на каманду «фас», каб загады выконвалі, не думаючы, - выпаліла я.

- Ды што вы! У нас эліта служыць, у адрозненне ад міліцыі, куды можна трапіць проста з вуліцы, без адукацыі. У АМАПе ва ўсіх «вышка». Я там нядаўна, але ўжо бачу, якое ў нас братэрства. Усе адзін за аднаго парвуць.

Калі я пачала распавядаць юнаму амапаўцу пра тое, як разганялі Плошчу ў 2010-м, ён шыкнуў: «Цішэй кажы!». Гісторыя студэнткі Маі Абромчык, збітай спецназаўцамі ў крывавую нядзелю 19 снежня, выклікала ў яго дзіўную рэакцыю.

Хлопец распавёў пра тое, што на працы ім паказвалі відэа з Майдана.

- Спачатку беркутаўцы стаялі «жывым шчытом» і нікога не чапалі, а потым ім далі каманду супрацьстаяць майданаўцам, якія кідалі ў іх кактэйлі Молатава. І вось тады яны пайшлі проста па людзях, - упіваючыся момантам, працягваў суразмоўца. - Невядома, колькі ног па іх патапталася.

- Ты лічыш гэта нармальна - ісці па ляжачых людзях?

- А што тут такога? Яны загад выконвалі. І ведаеш, да нас беркутаўцаў без конкурсу бяруць. Прыязджаюць у беларускі АМАП працаваць.

У ходзе далейшай размовы высветлілася, што за апошнімі падзеямі ва Украіне мой новы знаёмы не сочыць. Мабыць, новае кіно пра Данецк, Адэсу, Краматорск і Славянск у яго канторы яшчэ не паказвалі.

- Не грузі мяне! - адказваў ён, калі я прыводзіла яму прыклады супрацьстаяння тэрарыстам і пыталася, што ён думае пра тое, што адбываецца ў паўднёва-усходніх абласцях Украіны.

Пачуўшы чарговае «не грузі», пацікавілася, ад чаго ж стамляюцца амапаўцы. Аказалася, чэмпіянат свету па хакеі для іх быў - як уборачная для сялян. «Аралі» з сямі раніцы да дзевяці вечара.

Пашкадаваўшы стомленага амапаўца, вырашыла астатак дарогі правесці ў цішыні.

- Ты чаму адсунулася?

- Вырашыла даць табе магчымасць адпачыць.

Ён то драмаў, то корпаўся ў тэлефоне. Юны хлопчык з тварам, які ўжо развучыўся ўсміхацца. Так і даехалі - моўчкі.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках