Юрый Данькоў чакае этапу ў магілёўскую калонію №15
13- 4.06.2014, 15:40
- 15,219
Былы ўладальнік Dankoff Club Юрый Данькоў чакае этапу ў магілёўскую калонію №15.
Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла жонка асуджанага бізнесмена Наталля Данькова.
«Муж сядзіць цяпер у ізалятары на Валадарскага, адкуль яго ў любы дзень могуць павезці ў Магілёў, у калонію №15. Вядома, хутчэй бы адвезлі, таму што ў калоніі ўсё ж прасцей, не ў чатырох сценах сядзець. Можа, нейкую працу атрымае, нельга ж чалавеку быць зусім нічым не занятым», - сказала Наталля Данькова.
Пасля суда, які скончыўся ў снежні мінулага года, Юрыя Данькова трымалі ў Жодзінскім следчым ізалятары, умовы у якім ён назваў «вельмі жорсткімі».
Маскоўскі раённы суд Менска прызнаў Юрыя Данькова вінаватым у шэрагу эканамічных злачынстваў і нібыта ў арганізацыі прытону і асудзіў на 8 гадоў пазбаўлення волі. У траўні Менгарсуд пацвердзіў гэтае рашэнне. Сваёй віны бізнесмен не прызнаў і заявіў, што стаў ахвярай перадзелу гульнявога рынку. Па словах Данькова, менская міліцыя дзейнічала супраць яго па замове замежных інвестараў. Наталля Данькова кажа, што рашэнне Менскага гарадскога суда будзе абскарджана ў судзе вышэйшай інстанцыі, як і рашэнне Маскоўскага раённага суда.